Станіслаў Ляшковіч: "Лётчыку ад бога дадзена больш, чым іншым"
Каўказ, Дамбай. Ваенны санаторый "Пяцігорск". З жонкай Валянцінай Мікалаеўнай. 1991 год.
Наш зямляк, заслужаны лётчык-выпрабавальнік Савецкага Саюза, палкоўнік авіяцыі ў адстаўцы Станіслаў Ляшковіч, які апошнім часам жыў у Ніжнім Ноўгарадзе ў Расіі, быў знаёмы з Юрыем Гагарыным. На пенсіі ў Вілейскім раёне займаўся фермерствам. Кожны год наведваў Беларусь, прыязджаў у госці да мастака Барыса Цітовіча.Гэты артыкул быў надрукаваны ў "Рэгіянальнай газеце" ў ліпені 2008 года. Тады Станіслаў Ляшковіч завітаў у рэдакцыю "РГ" і стаў гасцём нумара нашага выдання.
Трагічна загінуў Станіслаў Ляшковіч, наш зямляк, заслужаны лётчык-выпрабавальнік СССР
– Станіслаў Канстанцінавіч, вы нарадзіліся ў Беларусі, у Плешчаніцкім раёне. А як атрымалася, што апынуліся ў Расіі?
– Я нарадзіўся ў 1932 годзе, а ў 1933 бацьку далі тры гады лагераў па даносе ў НКВД пра тое, што ён пісаў пісьмы брату за мяжу ў суседнюю Польшчу. Наша вёска Леснікі стаяла тады амаль на мяжы з Польшчай. Разам са зняволеннем бацьку бестэрмінова выслалі з радзімы.
Увогуле, амаль усю радню ў нас раскулачылі і павысялялі ў Архангельскую вобласць.
Вёска Абадоўцы. Цешча Станіслава Ляшковіча (злева) прыехала ў госці ў Беларусь з горада Аляксандрава Уладзімірскай вобласці. 1975 год.
– Бацьку выслалі, а сям'я ж засталася ў Беларусі?
– Так, але калі тэрмін зняволення ў бацькі скончыўся, у 1936 годзе маці сабрала нас, дзяцей – мяне, старэйшых брата з сястрой, – і паехалі мы да бацькі. Тады ён жыў ужо ў Кіраўскай вобласці. Там ёсць такая станцыя Паназырава. Бацька, пакуль жылі ў Лесніках, і быў лесніком. А ў Расіі працаваў на будоўлях. Вербаваўся на работу, на якой больш плацяць.
– Потым была вайна...
– Бацьку прызвалі на фронт адразу ў 1941 годзе. Да 1943 мы пра яго нічога не ведалі. Толькі праз два гады пасля пачатку вайны прыйшло трохвугольнае пісьмо пра тое, што ён знаходзіцца на радзіме, у партызанскім атрадзе. Аказваецца, ён праваяваў толькі месяц і пад Смаленскам трапіў у палон. Палонных пагналі ў бок Беларусі. У Барысаве яму ўдалося збегчы, і бацька, пазбягаючы вялікіх дарог, дабраўся да Плешчаніцкага раёна, дзе ўступіў у партызанскі атрад. Там і правёў усю вайну.
– А вы ўвесь гэты час жылі ў Расіі?
– Жылі ў Васкрасенску, маці трымала гаспадарку – казу, трусоў. Мы, дзеці, дапамагалі ёй. Так што працаваць я стаў з самага дзяцінства. Даглядаў трусоў. Праз шмат гадоў гэта справа стала для мяне галоўнай у маёй фермерскай дзейнасці.
– Калі вярнуўся да вас бацька?
– У 1947 годзе, а праз год мы ўсе пераехалі ў Беларусь. У вёску Старынкі Вілейскага раёна да дзядзькі Iгната. У Васкрасенску я скончыў сем класаў, а восьмы, дзевяты і дзесяты – ужо ў Iльянскай сярэдняй школе. У Абадоўцах мы пабудавалі дом, там і жылі. Так адбылося наша вяртанне на радзіму. Да таго часу нарадзілася мая малодшая сястра Зінаіда, якая цяпер жыве ў Маладзечне.
Вёска Абадоўцы. Ля роднага дома з бацькам і малодшай сястрой, Зінаідай. 1975 год.
– Калі вырашылі стаць лётчыкам і чаму менавіта лётчыкам?
– Прыкладна ў 1949 годзе ездзіў на "палутарцы" ў Мінск. Не помню ўжо па якіх справах. Вучыўся тады ў восьмым ці ў дзевятым класе. Ехалі па дарозе на Лагойск.
У небе я ўбачыў самалёт, які скідваў парашутыстаў. Чалавек становіцца на крыло, каменем падае ўніз, і, раптам, парашут раскрываецца і апускаецца на зямлю. У мяне сэрца замерла. Падумаў: якія адчайныя людзі! Я б так ніколі не змог! Ад той пары вырашыў для сябе: толькі ў лётчыкі пайду і нікуды больш.
– Бацькі ваш выбар адобрылі?
– Мама адгаворвала: Стасік, навошта табе гэта? Навошта рызыкаваць? Каго ў нас больш паважаюць? Дактароў і настаўнікаў. Iшоў бы ты вучыцца на доктара. Але я настаяў на сваім. У школе вучыўся добра, быў спартсменам. Бегаў кросы па 5-10 кіламетраў. I ў 1951 годзе паступіў у Армавірскае знішчальнае лётнае вучылішча.
– Яго і скончылі?
– Не. У 1953 годзе мяне перавялі на Далёкі Усход, станцыя Важаеўка. Там мая лётная кар'ера ледзь не скончылася, не паспеўшы пачацца. Мяне выклікаў начальнік асабовага аддзела і спытаў пра бацьку. Маўляў, быў асуджаны, быў у палоне. I ўвогуле: чаму з вайны вярнуўся без узнагародаў? Я патлумачыў, што бацька ўсю вайну правёў у партызанах. А хто ў лесе ўзнагароды выдае? Закончылася ўсё добра, мяне пакінулі вучыцца, а ў снежні гэтага ж года перавялі ў Грозненскае вучылішча, якое я скончыў у снежні 1954 года.
– Сталі лейтэнантам?
– Мне прысвоілі лейтэнанцкае званне і размеркавалі зноў жа на Далёкі Усход, пад горад Усурыйск. Пасля, праз пяць гадоў, там была вялікая база Ваздзвіжанка. Там былі самыя сучасныя звышгукавыя самалёты.
Ніжні Ноўгарад. 1975 год.
– А як сталі лётчыкам-выпрабавальнікам?
– Я два гады – ад 1962 да 1964 – працаваў перагоншчыкам самалётаў у заходнюю частку Савецкага Саюза – у Маскву, пасёлак Чкалаўскі і горад Энгельс, дзе была асноўная база. Так я прайшоў шлях ад лейтэнанта да камандзіра звяна і намесніка камандзіра эскадрыллі. А ад 1964 года на заводзе ў Камсамольску-на-Амуры пачаў працаваць ва ўпраўленні заказаў на выпрабавальнай рабоце. Выпрабоўваў звышгукавыя знішчальнікі СУ-7 і СУ-17. У 1971 годзе ўжо ў званні падпалкоўніка па маёй просьбе мяне перавялі на горкаўскі завод. Прасіўся, бо мая жонка, Валянціна Мікалаеўна, родам з Уладзімірскай вобласці. Лётчыкам-выпрабавальнікам быў да 1987 года, пакуль у званні палкоўніка не пайшоў на пенсію.
– Раскажыце пра гістарычную сустрэчу з Юрыем Гагарыным.
– Яна адбылася ў чэрвені 1967 года на заводзе ў Камсамольску-на-Амуры. Гагарын плыў у горад на цеплаходзе. Заводскаму экіпажу выратавальнага верталёта Мі-8, які пілатаваў Віктар Швяцоў, аддалі загад скінуць на палубу прывітальныя лістоўкі.
Экіпаж выканаў загад, але Швяцоў перастараўся. Пад уражаннямі, каб далажыць, што лістоўкі раскіданыя, ён пачаў садзіць машыну недалёка ад мемарыяльнага каменя ля Дома моладзі. Паветраны паток ад лопасцяў верталёта падняў воблака пылу, смецця, нейкіх паперак. Гэты паток накрыў стройныя рады тых, хто чакаў высокага госця.
Начальства адразу аддало каманду арыштаваць камандзіра экіпажа за паветранае хуліганства. У той час я курыраваў выратавальную службу лётна-выпрабавальнай станцыі завода, і Віктар Швяцоў паспеў звярнуцца да мяне з просьбай: "Канстанціныч, выручай!" Але як выручыць? I мы са старшым групы выпрабавальнікаў завода Анатолем Цалковым прыдумалі. Гагарын выступаў у Доме культуры на днях моладзі. Там мы яго і перахапілі, прапанаваўшы наведаць завод і пазнаёміцца са звышгукавым знішчальнікам СУ-7.
На рацэ Амур. На паляванне - на аэрасанях вытворчасці авіязавода горада Камсамольск-на-Амуры. 1970 год. Ляшковіч - крайні справа.
Юры Гагарын вельмі зацікавіўся прапановай і пагадзіўся.
I вось, калі я паказваў кабіны самалёта касманаўту №1, ціхенька папрасіў Гагарына замовіць слова за апальнага верталётчыка. Пры развітальным поціску рук я яшчэ раз нагадаў пра сваю просьбу. Юры Аляксеевіч змоўніцкі кіўнуў і падміргнуў. Праз некалькі дзён нам паведамілі, што Віктара Швяцова вызвалілі ад дамашняга арышту і яму вярнулі пілоцкае пасведчанне.
Гара з гарой не сходзіцца, а чалавек з чалавекам заўсёды сустрэнецца. Потым менавіта экіпаж Віктара Швяцова выратаваў мяне разам з Уладзімірам Кандауравым у кастрычніку 1979 года, калі мы пацярпелі аварыю і катапульціраваліся з першага ўзору серыйнага МіГ-31.
Гэта было ў Горкаўскай вобласці, калі я працаваў на мясцовым заводзе. I тэхніка была новага пакалення.
На вышыні 19 тысяч метраў, амаль на гранічнай хуткасці, у нас раптам спыніліся рухавікі. Выйшаў са строю таксама прыбор вымярэння вышыні, і мы нават не арыентаваліся, колькі застаецца да зямлі. Катапульціраваліся на вышыні каля тысячы метраў. Упалі ў балота, ішоў мокры снег.
Віктар Швяцоў па-майстэрску пасадзіў свой верталёт паміж соснамі і дастаў двух лётчыкаў з балотнай жыжкі. Тады ён і падумаць не мог, што выратоўвае таго, хто некалі дапамог яму застацца на лётнай рабоце, жыць небам. Вось такое лётнае братэрства.
– Наколькі я ведаю, у вас ёсць свая версія гібелі Гагарына.
– Так. Трагедыя адбылася ў сакавіку 1968 года. Я практычна ўпэўнены, што Юры Гагарын і Уладзімір Сярогін да апошняга спрабавалі вывесці свой вучэбна-трэніровачны МіГ-15 са штопара. Да апошняга, да самай зямлі. Я лётаў на такіх самалётах і добра ведаю, што рэактыўны самалёт цяжка ўвесці ў штопар і не менш цяжка яго вывесці. Iнструктарам у экіпажы быў Сярогін, Гагарын з пагонамі палкоўніка быў за курсанта.
Калі самалёт з целамі знайшлі, Гагарын сціскаў ручку кіравання, яго ногі былі на педалях. У такім становішчы, што было бачна: лётчык перад смерцю выводзіў машыну са штопара. I тут адназначная віна Сярогіна як інструктара. Па ўсіх інструкцыях, калі самалёт не ўдаецца вывесці са штопара да вышыні зніжэння 2 тысячы метраў, інструктар абавязаны даць каманду катапульціравацца. Ён гэтага не зрабіў. Загінуў сам і загубіў Гагарына. Прыбор вымярэння вышыні ў іх быў спраўны. Яны бачылі, якая адлегласць застаецца да зямлі. I ў лётчыкаў былі ўсе шансы выратавацца.
– А чаму самалёт увайшоў у штопар?
– Вось тут можа быць некалькі версій. Па адной з іх, з парушэннем рэжыму, без дазволу, праз тую ж зону праходзіў нейкі самалёт. Магчыма, СУ-11. У падмаскоўнай зоне шмат авіяліній. Ёсць цэлыя настаўленні па здзяйсненні палётаў. I калі той самалёт на самой справе праходзіў без дазволу праз зону палёту Гагарына і Сярогіна, яны маглі трапіць у струмень, які і скінуў іх у штопар. Калі гэта так, то ўсё выдатна тлумачыцца.
– Адсутнасць у той час інфармацыі пра трагедыю нарадзіла шмат чутак. Казалі нават, што лётчыкі былі нецвярозыя.
– Шмат чаго казалі. I тое, што на самалёце яны ласёў разганялі, бо заўтра збіраліся ісці на паляванне, і што выпіўшыя былі. Казаць можна што заўгодна. Я ж вам як прафесіянал скажу: усё гэта лухта. Гагарын з Сярогіным былі сапраўднымі лётчыкамі і такіх рэчаў дазволіць сабе не маглі.
– Станіслаў Канстанцінавіч, пасля выхаду на пенсію вы вярнуліся ў Беларусь, у Вілейскі раён і заняліся фермерствам. З неба – да зямлі?
– Я яшчэ і экалогіяй займаўся і займаюся. У расійскіх газетах выходзяць мае публікацыі на экалагічныя тэмы. Я раблю гэта не таму, што разумнейшы за іншых, а таму, што лётчыку ад Бога дадзена больш. Усе мы жывём на дне паветранага акіяна. Толькі розніца ў тым, што ўсе людзі ходзяць па гэтым дне, а лётчык падымаецца ўверх.
Самая вялікая вышыня, якую я бачыў, – 24 тысячы метраў над зямлёй. З вышыні цудоўна бачныя вялікія прасторы і негатыўныя бакі дзейнасці чалавека. Лес радзее, знікаюць рэкі. Душа баліць за гэта бязладдзе.
У 1987 годзе я выйшаў на пенсію. Дом у Абадоўцах прадалі, для маці купілі дом у Мойсічах Маладзечанскага раёна. Я пакінуў жонку ў Ніжнім Ноўгарадзе і вярнуўся на радзіму, каб заняцца фермерствам. Тэхналогію па разводзе трусоў купіў у Расіі, паставіў у Мойсічах шэсць клетак.
На ільянскіх хутарах у Вілейскім раёне ў 1991 годзе я ўзяў восем гектараў зямлі, пачаў будаваць дом.
– Гаспадарка давала прыбытак?
– Са сваіх шасці клетак з трусамі я даваў 600 кілаграмаў экалагічна чыстага мяса і ўсё прадаваў. У 1990-х гадах узяць крэдыт фермеру пад ураджай было вельмі проста. Я браў вясной, а восенню яго вяртаў. Транспарт тады быў дзяшовы, таму пастаянна ездзіў у Расію. Каб усё так добра ішло і далей, можна было забіраць да сябе сям'ю. Марыў і сыноў сваіх зрабіць фермерамі.
– Але ўсё так добра далей не пайшло?
– На жаль. У 2000 годзе фермерства ў Беларусі сталі прыціскаць. Перасталі даваць крэдыты пад ураджай. Прыбытак у мяне быў, але яго не хапала. Не было на што сеяць. Я здаў зямлю дзяржаве і вярнуўся ў Ніжні Ноўгарад.
– I занятку свайго ўсё ж не кінулі.
– Пры гандлёва-прамысловай палаце Ніжагародскай вобласці ёсць камітэт падтрымкі вытворцаў экалагічна чыстых прадуктаў. З гэтым камітэтам я супрацоўнічаю. Упэўнены: фермерства – самая прагрэсіўная форма гаспадарання. Але для яго развіцця абавязкова неабходная дзяржаўная падтрымка. Як гэта, напрыклад, робіцца ў Літве і ў нашай Чувашыі. У Ніжагародскай вобласці і ў Беларусі такога, на жаль, няма.
Малодшы сын, Вадзім, з козлікам у Абадоўцах. 1980 год.
– Раскажыце падрабязней пра сваё цяперашняе жыццё.
– Жыву з жонкай у Ніжнім Ноўгарадзе ў трохпакаёвай кватэры. Сябрую з касманаўтам №4 Паўлам Паповічам. Мы з ім разам у вучылішчы ў Грозным атрымлівалі лейтэнанцкія пагоны. Сыны мае пасля развалу Саюза таксама вярнуліся ў Ніжні. Жывуць побач з намі. Старэйшы, Андрэй, у мой гонар назваў свайго сына і майго ўнука. Маленькаму Стасіку два гады. Малодшага сына, Вадзіма, я назваў у гонар свайго сябра, які разбіўся. У Вадзіма падрастае шасцігадовая Рэнатка. Такая шчабятуха!
З жонкай маем дачу на беразе запаведнага возера. Запаведным яно стала дзякуючы маім публікацыям у мясцовай прэсе гадоў 20 таму. На дачы жонка вырошчвае памідоры. Самыя першыя чырвоныя памідоры заўсёды ў Валянціны Мікалаеўны!
– I, канешне, не губляеце сувязі з Беларуссю.
– Сюды я прыязджаю кожны год вясной на выставу "Бел-Агра". Сёлета ездзіў да мастака Барыса Цітовіча. Быў запрошаны на ўрачыстасці, прысвечаныя яго 60-годдзю. Сустракаўся з архітэктарам, які распрацоўвае помнік паўстанцам Кастуся Каліноўскага. Апошні бой паўстанцаў быў пад вёскай Уладыкі. Там пахаваны і мой продак.
Сябрую з маім аднакласнікам Мікалаем Судніковічам, які раней быў старшынёй калгаса, потым – дырэктарам вілейскага камбікормавага завода. Прывёз новыя тэхналогіі для трусінай фермы, што ў Плешчаніцах. Там у іх праблемы са збытам, трэба дапамагчы. Маршрут у мяне па Беларусі накатаны: Мінск–Вілейка–Плешчаніцы.
Даведка "РГ"
Станіслаў Канстанцінавіч Ляшковіч. Нарадзіўся ў 1932 годзе ў вёсцы Леснікі Плешчаніцкага раёна (цяпер – Лагойскі). Ад 1948 года сям'я Ляшковічаў жыла ў вёсцы Абадоўцы Вілейскага раёна. Станіслаў у 1951 годзе паступіў у лётнае вучылішча ў расійскім Армавіры. 1962-1964 гады – перагоншчык самалётаў з Далёкага Усходу ў заходнюю частку СССР. Ад 1964 да 1987 года – лётчык-выпрабавальнік. Заслужаны лётчык-выпрабавальнік СССР. Пасля выхаду на пенсію ў Вілейскім і Маладзечанскім раёне займаўся фермерствам. У 2000 пераехаў у Расію, у горад Ніжні Ноўгарад, дзе жыве і цяпер. Жанаты. Мае двух сыноў, унука і ўнучку.