Чацвертае вымярэнне Збігнева Жакевіча
Маладзечна сярэдзіны 20 стагоддзя. Знакамітая арка ў Гелянове.
Не ведаю, як каму, а мне было цікава прачытаць пра Маладзечна 30-х гадоў мінулага стагоддзя наступнае:“Мы ідзём па вуліцы Сеймікавай да Бакшчанінаў. Так мы мінаем магазін кілбас Хлябёнка, адкуль так нясе кілбасным водарам, што ніводзін сабака не можа спакойна мінуць хлябёнкаў магазін…
У Юрэка Касяркевіча ёсць два злотыя, і вось мы адпраўляемся ў вялікі свет. Праходзім каля Хлябёнка, Бакшчанінаў і ўніз па прыступках да магазіна Эстэркі… За спіной Эстэркі вісіць доўгі сшытак з адрыўнымі лістамі, як у календары. Гэты сшытак плаціць за нас: колькі б ні набралі Манька ці мая маці, усё гэта змесціцца ў сшытку”.
Або: “Тое, што сёння серада, вядома з самага досвітку: па нашай вуліцы ясеневым і кляновым звонам звоняць фурманкі. Сядзенне з саломы, між драбінкамі, як належыць, заслана льняной посцілкай, ззаду выцягваюць шыі гусі, пара пеўняў, у кашы – перасыпаныя сечкай яйкі. Таму што яны павінны быць свежыя, пакуль лета яшчэ не ў росквіце… І так усю раніцу ўсе збіраюцца на наш дзірван… Мужыкі скручваюць самакруткі і моўчкі дымяць, спакойныя і асцярожныя, хаця яны загадзя ведаюць, што жыдкі іх ашукваюць. Так было і будзе.
Потым яны нап’юцца гарэлкі, і, калі баба што не так скажа, адаб’юць сваю крыўду на бабе…”
Кнігі знойдуць чытача пасля смерці аўтара
Мне выпадае гонар прадставіць вам, паважаныя, выдатнага маладзечанца, фенаменальнага польскага пісьменніка і лаўрэата шматлікіх літаратурных узнагарод Збігнева Жакевіча (1933-2010). У апошнія дзесяцігоддзі ў нашай літаратуры няспынна ідзе працэс адкрыцця новых ці забытых імён. Маладзечаншчына таксама налічвае іх нямала. Але не кожны, хто піша, – такі філосаф, мастак слова і вобразаў, як Збігнеў Жакевіч. Сваім скрупулёзным самааналізам ён прымушае задумацца пра вытокі чалавечага лёсу, шматзначнасць свету, у якім мы ўсе злучаныя між сабой.
Збігнеў Жакевіч – аўтар больш чым 100 мастацкіх твораў для дарослых і дзяцей, літаратуразнаўчых артыкулаў, эсэ, звязаных з прадметам яго навуковых даследаванняў у Гданьскім універсітэце, дзе ён выкладаў рускую літаратуру. На памяць нам засталася яго поўная сыноўняй любові трылогія “Віленскі трыпціх”, якую ўзялося сёлета выдаць найбуйнейшае айчыннае выдавецтва “Беларускі кнігазбор”. Шкада, што яго кнігі знойдуць чытача ўжо пасля смерці пісьменніка, які пісаў іх, здаецца, спецыяльна для нас.
Мастак рафінаванага слова
Фармальна Збігнева Жакевіча можна было б залічыць да шырокага кола літаратараў Віленшчыны, куды заўсёды ўваходзіла гістарычная Ашмяншчына, і якія былі яе выдатнымі знаўцамі і даследчыкамі.
Збігнеў Жакевіч, аднак, вылучаецца тут як творца вельмі арыгінальны, мастак рафінаванага слова з шырокім і праніклівым поглядам на свет. Можна сказаць, што перад намі – другі Адам Міцкевіч, тым больш, што і сам ён лічыў сябе пераймальнікам Міцкевіча і пісаў некаторыя творы ўнікальнай мастацкай манерай – гімнічнай прозай.
Зазнаў голад, пакуты і смерць
Народжаны ў Вільні, выхаваны ў бацькоўскім доме ў Маладзечне і невялічкім маёнтку дзеда пад Крэвам, Збігнеў Жакевіч належаў да сям’і з беларускімі, літоўскімі, польскімі і татарскімі каранямі і лічыў шматнацыянальнасць тутэйшых мясцін за выдатную іх асаблівасць. У 40-я гады ён стаў сведкам грозных падзей на Ашмяншчыне. Зазнаў голад і пакуты, перажыў смерць многіх блізкіх, у тым ліку дзядулі з бабуляй і бацькі. У 1946 годзе разам з маці быў рэпатрыяваны ў Польшчу.
Гэта быў час станаўлення яго юнацкага светапогляду, маральных арыенціраў, і перажыванні дзяцінства станавіліся часам непад’ёмным цяжарам для ўражлівай маладой душы. Напэўна, таму літаратурная творчасць стала для Збігнева Жакевіча спосабам вызваліцца ад цяжару ўспамінаў, зразумець праблемы жыцця і ўласнай сям’і. Таму галоўным героем сваіх твораў ён заўсёды робіць самога сябе – пад рознымі імёнамі і вобразамі.
Экскурсія ў шчаслівае дзяцінства
Падзеі свайго дзяцінства ён падае на надзвычай шырокім фоне жыцця мясцовага люду, ужываючы аўтэнтычныя геаграфічныя назвы і тутэйшыя дыялекты ашмянскай беларушчыны і віленскай польскай мовы. Сапраўдным адкрыццём становіцца не толькі адлюстраваная ў яго аповесцях беларуская гаворка, але і захаваныя ў яго памяці беларускія прыслоўі, вершы, анекдоты і песні. Іх выкарыстанне надае творам Жакевіча жывасць, гумар і ўраўнаважвае іх трагізм і песімізм.
Жыццю ў Маладзечне прысвечаная самая першая аповесць трылогіі – “Воўчыя лугі”, у якой падзеі падаюцца вачыма зусім маленькага хлопчыка, якім быў тады Жакевіч. Сам пісьменнік тлумачыў, што пагружэнне ва ўспаміны дзяцінства было для яго апошняй экскурсіяй у шчаслівую краіну дзяцінства, таму такой важнай была для яго кожная дробязь.
Мы павінны быць ўдзячныя Збігневу Жакевічу і за тое, што ён пакінуў апісанне асобы свайго настаўніка з вёскі Ленкаўшчына пад Крэвам, беларускага паэта і самаахвярнага беларуса Юльяна Сергіевіча, пра якога ў 2013 годзе шмат пісаў краязнаўчы часопіс “Куфэрак Віленшчыны”. Сергіевіч першы распазнаў вялікі літаратурны талент свайго вучня, прадказваў яму будучыню выдатнага пісьменніка.
Як ніводзін выхадзец з Заходняй Беларусі, Жакевіч адчувае сваю арганічную повязь з гэтай зямлёй і ўмее выказаць свае пачуцці найкарацейшай дарогай – ад сэрца да сэрца: “Да канца жыцця, сынок, сюды будзе вяртацца тваё сэрца. Хоць бы ты быў сабе за жалезнай гарой і за каменнай ракой. Воўк ты панскі і ваўчок ты наш. Тутэйшы ты, і мы для цябе як здароўе. Калі нас страціш, будзеш па нас сумаваць. Калі нас знойдзеш, то нас не пазнаеш.
А калі душа твая пачне ўсыхаць, то ты будзеш падмацоўваць яе па-нашаму, гарэлкай. Здароўя ўжо не купіш, хіба што пасля смерці. Айайай… Пахаваюць у непасвечанай зямлі…”
Творы з чацвертым вымярэннем
Будучы дасведчаным у гісторыі сваіх родных мясцін, Жакевіч пакінуў нам апісанне Крэўскага замка, залескай сядзібы кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага падчас вайны, гістарычных помнікаў Лоска, Беніцы, Маладзечна, натхнёнае апісанне мясцовых пачастункаў, звычаяў, гаспадарчых заняткаў дробных землеўладальнікаў, прыроды.
Мне вельмі імпануе бачанне Жакевіча, дзякуючы якому яго творы набываюць як бы чацвертае вымярэнне. Той вельмі цяжкі перыяд гісторыі нашага краю даўно патрабаваў пяра вялікага і неперадузятага майстра, і вось ён з намі. Сваім асабістым болем, сваімі творчымі намаганнямі ён узвысіў і ўпрыгожыў гісторыю сваёй Айчыны. Я спадзяюся, што будучая кніга зойме пачэснае месца ў кнігазборах маладзечанцаў.