“Жанчына роўная мужчыну? Смех! Яна недасягальная...”

Источник материала:  
07.03.2014 — Разное

Дзмітры Богдан, Віталь Крупянькоў і Алег Чэчанеў віншуюць чытачак "РГ" са святам 8 Сакавіка.

Сняданак у ложак – негігіенічна. Падарунак хэнд-мэйд – не ацэняць. Бялізна – абавязвае да большага... Мужчынскія забабоны ў падрыхтоўцы да 8 Сакавіка.

Свята 8 Сакавіка ўжо даўно не проста Міжнародны жаночы дзень, а дзень вясны, і сонца, і прыгажосці, і кахання.

І яго чакаюць усе жанчыны (хоць і не ўсе прызнаюцца ў гэтым). Напярэдадні свята мы зрабілі апытанне на нашым сайце, чаго больш за ўсё чакаюць у гэты дзень жанчыны.

1. Прыемны сюрпрыз

2. Дарагі падарунак

3. Кветкі

4. Сняданак у ложак

Мы папрасілі вядомых, а, галоўнае, імпазантных мужчын нашага рэгіёна пракаментаваць гэтыя складнікі свята па версіі чароўнай паловы чалавецтва.

Віталь Крупянькоў: Калі ў сям’і разыгрываюць, такая сям’я моцная


− Жанчыны хочуць сняданак ў ложак? Гэта ж негігіенічна. Мяркую, што кожны мужчына здольны прынесці сняданак у ложак, але ці варта гэта рабіць? Вось разбудзіць каханую, прыгатаваць сняданак, накрыць святочны стол і запрасіць да стала. Вось гэта па мне.

− А сюрпрызы для жонкі рыхтуеце?

− А як жа.

Да сёння памятаю сюрпрыз, які зрабіў жонцы 20 гадоў таму. Сваімі рукамі зрабіў нішу на кухні. Жонка раніцай зайшла ў кухню і ледзьве не абамлела… ад жаху. Гэтая ніша ніяк не ўпісвалася ў інтэр’ер, яна псавала ўсё.

Праз некаторы час давялося яе разбурыць. З таго часу ніякіх сюрпрызаў сваімі рукамі я не раблю. Што ж датычыцца сюрпрызу ўвогуле – для мяне гэта нішто іншае, як дарагі падарунак. А мая прыродная скупасць (смяецца) не дазвяляе мне рабіць такія падарункі. Як правіла, я яшчэ задоўга да свята зандзірую глебу, чаго чакае мая жонка ў падарунак. І вось тады падарунак атрымоўваецца АХ. Ну і гляджу, што падарыла яна мне на 23 лютага. Я жартую.

− Ці робіце вы падарункі такія, якія нельга ўзяць у рукі? Вершы, песні... Такія прыемныя неча­ка­насці?

− Глупствы я раблю ўвесь час. Гэта стыль жыцця. У нашай сям’і прынятыя розыгрышы, таму, магчыма, і сям’я ў нас дружная.

− Выхадны дзень 8 сакавіка будзе адро­знівацца ад іншых выхадных?

− Канешне. Толькі я думаю пра тое, што хаця б трубу ў школе, дзе я працую дырэктарам, не прарвала, а то будуць тады і  не­чаканасці, і сюрпрызы.

− Як будзеце віншаваць свой жано­чы калектыў?

− У нас пройдзе прэмія “Оскар”, дзе ўзнагародзім модніцу, спартсменку, кулінара, мастака і іншых жанчын калектыва медалямі і, зразумела, самымі прыгожымі кампліментамі.

Дзмітры Богдан: Букетаў трэба шмат


Фота img-2006-05.photosight.ru.

− Свята – гэта букеты. І букеты не толькі кветак. Гэта букеты з песень, слоў, вершаў, падарункаў, радасці. А  8 сакавіка такіх букетаў трэба безліч. Першае свята ў сакавіку пачынаецца з аднаўлення: прырода страсае з сябе стомленасць, выходзіць са спячкі. Так і жанчына. І ад мужчын залежыць, з якім настроем абудзіцца ада сну жанчына гэтай вясной.

− З чаго пачынаецца 8 Сакавіка ў вашай сям’і?

− Мы з двума сынамі ўстаем рана. Каб не разбудзіць нашу маму, ціхенька збіраемся і ідзём набываць кветкі. Абавязкова штогод рыхтуем сюрпрыз. Я з дзяцінства прывучаю сваіх хлопцаў да таго, што жанчыну трэба радаваць дробязямі. Надзь­муць паветраныя шарыкі ці прымацаваць да лядоўні паштовачку з вершам. І абавязкова віншуем бабуль. Я сваёй маме ўдзячны за тое, што яна выхавала мяне такім, які я ёсць, таму святочны букет, у першую чаргу, ёй. І дзеці мае ведаюць, каму дзяка­ваць за такіх маму і тату.

− Лепшы падарунак жанчыне – што гэта?

− Увага, каханне, і абавязкова падарыць ёй адчуванне таго, што яна адзіная, жаданая, непаўторная і каханая.

Алег Чэчанеў:  Бялізна – гэта не падарунак, гэта запрашэнне да нечага большага  

− Сюрпрыз – гэта тое, што нельга патрымаць у руках. Можна пачытаць вершы або паехаць разам у месца, якое асацыюецца са знаёмствам, з першым спатканнем. Я сваё першае спатканне не памятаю, але памятаю іншыя сустрэчы. На адной з іх мая жонка падарыла мне світар, які сама звязала. Потым яшчэ і жартавала, што гэтымі ніткамі звязала не толькі світар, але і прывязала мяне самога.

− А вы дарылі каму-небудзь падарунак, які зрабілі сваімі ру­камі?

− Я скажу так: хэндмэйд-падарункі трэба рабіць таму, хто зможа ацаніць іх каштоўнасць. Я захапляюся людзьмі, у якіх рукі растуць з патрэбнага месца. І не верце таму, што мужчыны не чакаюць сюрпрызу ад жанчыны. Але за доўгія гады ў шлюбе я зразумеў, што, калі хочаш сюрпрыз ад жанчыны, трэба канкрэтна і выразна ёй “намякнуць” пра гэта. І пакінуць на сюрпрыз пэўную суму грошай на камодзе.

− А асноўным падарункам жанчыне на свята 8 Сакавіка можа быць бялізна?

− Бялізна – гэта не падарунак, гэта запрашэнне да нечага большага. Мяркую, што не варта дарыць жанчыне бялізну без яе на тое згоды. Я жонцы ніколі сам не дарыў бялізну, хаця, калі просіць пайсці з ёй у краму, ніколі не адмаўляюся. Магу і параіць, і паглядзець, і выказаць сваё меркаванне. Я заўсёды за карункавую бялізну. Асноўным пада­рункам могуць быць і кветкі.


Алег Чэчанеў лічыць, што бялізна − гэта не проста падарунак, а запрашэнне да нечага большага.


− Кветкі дорыце толькі на 8 Сакавіка?

− 8 Сакавіка жанчына чакае кветкі. Гэта трэба разумець. І, калі ў любы іншы дзень ( каб зрабіць шчаслівай жанчыну без нагоды) можна падарыць адну кветачку, ці букецік палявых рамонкаў, то 8 Сакавіка прадугледжвае букет шыкоўны. У маёй жонкі любімыя кветкі – жоўтыя ружы. Таму на свята абавязкова будзе букет з гэтых кветак. Але я вельмі не люблю, калі букеты кветак хаваюць у каляровую паперу або ўпрыгожваюць пацеркамі ці стразамі, бліскаўкамі. Ну як можна зрабіць яшчэ прыгажэйшым тое, што ад прыроды даска­налае?

− А кветку ў гарш­чку дарыць мож­на?

− Кветка ў гаршчку – гэта запрашэнне: “Эй, я дару табе кветку, давай будзем жыць разам, яна будзе расці ў нас на падваконні!”

− Сняданак у ложак будзе на свята?

− Што? Сняданак у ложак? Мне здаецца, што гэта ўплыў замежнага кіно і нейкае мяшчанства. Гэта атрымоўваецца, жанчына толькі прачнулася, не прычэсвалася, а я пру ёй сняданак у ложак? Каб потым яна на мяне яшчэ і накрычала, што я выпадкова разліў апельсінавы сок на коўдру? Ці ж гэта рамантычна? На свята звару такую каву, каб водар яго пачула жонка ў другім пакоі, прыйшла на кухню, і мы паснедаем з ёй ўдваіх.

Эдуард Мацюшонак: Лепшы падарунак той, які нельга купіць


Фота file.mobilmusic.ru.

− Жанчыны ўпрыгожваць свет. Яны робяць яго пяшчотным і светлым. І пра гэта трэба нагадваць жанчыне кожны дзень: і ў святы, і ў будні. Ніколі жанчына не будзе роўнай з мужчынай, яна недасягальная. І я хачу пажадаць усім чытачкам “Рэгіянальнай газеты”, каб іх акружалі такія мужчыны, якія кожны дзень будуць дарыць і кветкі, і вершы, і сябе.

− Вы, як мастак, напэўна, заўсёды доры­це свае творы?

− Прынамсі, на кожнае свята я імкнуся падарыць хоць невялічкі твор. Што гэта будзе: – жывапіс, прадмет дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ці прыгожа аздоблены верш – залежыць ад настрою. І верш, і любыя словы (калі я прысвячаю іх жонцы Алене ці дачцы Святлане) ніколі не перапісаныя. Яны ідуць ад чыстага сэрца, ад самай душы.

− Кветкі дорыце намаляваныя ці сап­раўдныя?

− Кветкі жанчынам дарыць трэба. Але я дару кветкі, якія нельга купіць. Кветкі павінны быць падобныя да самой жанчыны. Такія ж далікатныя і пяшчотныя. Таму я супраць вялізных, пампезных букетаў. Мне здаецца, калі гэта маленькі, інтымны букецік, які складаецца з першых веснавых красак, жанчына павінна сама зразумець, што я хачу ёй сказаць, падарыўшы гэты букет.

− А вы можаце зрабіць такі сюрпрыз, якога ад вас ніколі б не чакалі?

− Я гэтым і буду займацца напярэдадні 8 сакавіка. Але не пішыце пра гэта, гэта ж сюрпрыз.

←Ну возьмите меня

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика