Каляндар: 80 год Юрыю Гагарыну, 200 - Тарасу Шаўчэнку
Тарас Шаўчэнка.
І іншыя падзеі гэтага тыдня.7 сакавіка. 95 гадоў з дня нараджэння Аляксея Слесарэнкі (1919 – 2005), беларускага пісьменніка, акцёра, заслужанага дзеяча культуры Беларусі. Пасля заканчэння школы кінафабрыка Белдзяржкіно ў Ленінградзе запрасіла яго здымацца ў ролі Мірона ў фільме “Палескія рабінзоны” (1934). Пасля гэтага накіравалі на вучобу ў Маскоўскую студыю кінаакцёраў. Здымаўся ў фільмах “Бежын луг” , “Вясёлыя хлопцы”, “Аэраград”.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце, камандаваў стралковым узводам. Ад Вялікіх Лук дайшоў да Берліна. Працаваў навуковым супрацоўнікам Літаратурнага музея Якуба Коласа.
Аўтар літаратурнай кампазіцыі “Народны паэт БССР Якуб Колас” і шэрагу кампазіцый для мастацкага чытання, кніг нарысаў “Дарогі і песні” і партрэтаў дзеячаў літаратуры і культуры “Дарагія абліччы”, “Жыццё ў мастацтве”. Пераклаў на беларускую мову кнігу А.А.Маякоўскай “Дзіцячыя і юнацкія гады Уладзіміра Маякоўскага”.
***
90 гадоў назад (1924) прынятая пастанова Прэзідыума ЦВК СССР “Аб аб’яднанні ў складзе Беларускай ССР усіх тэрыторый Савецкага Саюза з большасцю беларускага насельніцтва” (да БССР далучаны шэраг паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў).
***
8 сакавіка. Дзень жанчын.
***
9 сакавіка. 80 гадоў з дня нараджэння Юрыя Гагарына (1934-1968), першага касманаўта Зямлі.
***
200 гадоў з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі (1814-1861), украінскага паэта і мастака.
***
10 сакавіка. 75 гадоў назад (1939) адбылося адкрыццё ў Мінску будынка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь).
***
125 год з дня нараджэння Уладзіміра Пігулеўскага (1889, Гродна – 1958) беларускага і латышскага пісьменніка, крытыка, перакладчыка, грамадскага дзеяча.
***
11 сакавіка. 85 гадоў з дня нараджэння Генадзя Праваторава (1929 – 2010), расійскага і беларускага дырыжора, педагога, народнага артыста Расіі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
***
600 гадоў таму (1414) у пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца маёнтак Чурлёны Вілейскага раёна.