Глядзіце, хто прыйшоў
У камандзе праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!» — папаўненне.
Святлана Бароўская і Глеб Давыдаў, Вольга Рыжыкава і Дзяніс Дудзінскі, Ксенія Дзюкава і Аляксандр Паўлаў — гэтыя дуэты тэлевядучых штодня будзяць, адпраўляюць на працу, ствараюць бадзёры настрой гледачам ранішняй праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!». Але звярнулі ўвагу? На экране — новая персона: да Надзеі Цімафеевай далучыўся Дзмітрый Смірноў. Хто такі? Прафесійны журналіст, папулярны радыёвядучы. Праца ў ранішнім прамым тэлеэфіры для яго зусім новы вопыт.
Акрамя папаўнення, у папулярным праекце канала «Беларусь 1» адбыліся і іншыя змены.
— Цяпер кожную раніцу мы робім зарадку з прафесійным фітнес-трэнерам, па чацвяргах расказваем, якія фільмы ідуць у беларускіх кінатэатрах, два разы на тыдзень рыхтуем стравы нацыянальнай беларускай кухні. Таксама з’явіліся рубрыкі аб дызайне кватэры і модзе. Але самы вялікі водгук знайшла рубрыка «Дом для гадаванца». Мы супрацоўнічаем з валанцёрамі, якія шукаюць гаспадароў для жывёл. Літаральна за два тыдні выхаду ў эфір гэтай рубрыкі свой дом ужо знайшлі некалькі катоў і сабак, — распавяла новы кіраўнік праграмы Алена Дзяшкевіч.