Як Васіля Шаранговіча хрысцілі: кум і кума забылі імя, што выбрала мама
Васіль Шаранговіч. За працай на сваёй сялібе
На мінулым тыдні споўнілася 75 год народнаму мастаку Беларусі, творцу ў галіне кніжнай і станковай графікі Васілю Шаранговічу.Ён – ураджэнец вёскі Качаны на Мядзельшчыне. Цікавую гісторыю пра сваё хрышчэнне Васіль Шаранговіч расказаў у аўтабіяграфічнай аповесці “Ген жыцця”:
“Калі была разгорнута мая кніга жыцця, дакладна невядома. Мама казала, што пад Новы, 1939 год па грыгарыянскаму календару, а хрышчаны я быў якраз на Новы, 1939 год па старому стылю, тады ж і запісалі днём нараджэння 14 студзеня 1939 года. Гэта значыць, нарадзіўся я за польскім часам, як у нас любілі гаварыць, бо ў верасні таго года прыйшла савецкая ўлада.
***
Не магу не ўспомніць прыгодаў, звязаных з маім хрышчэннем і з іменем, якое я атрымаў на ўсё жыццё, пра што пазней распавядала мама.
Па вясковай звычцы, перад тым як адвезці дзіця ў царкву для хрышчэння, у хату бацькоў з’язджаліся і сходзіліся госці, каб адзначыць гэтую падзею. Наша царква знаходзілася ў вёсцы Мікасецк, што за шэсць кіламетраў ад Качаноў.
Зіма выдалася ў той год халоднай, снежнай і непрыветлівай. Кум і кума, а гэта дзядзька Пётра і цётка Ганна, пасля першай часткі застолля едуць у царкву, узяўшы, напэўна, добрую чарку. У мамы перад тым была праблема, якое даць імя сыну. Звыклыя вясковыя імёны Мікіта, Іван, Лявон, Міхал ёй не падабаліся, хацелася даць першынцу незвычайнае імя, каб такога не было ва ўсёй акрузе. З нейкай кніжкі яна вычытала імя Генадзь, тады не распаўсюджанае ў вёсках, і вырашыла так мяне назваць.
Ехаць да царквы было далекавата, імя дзіцяці павінны былі даць па тым часе даволі рэдкае і цяжка запамінальнае, а запісаць яго не дадумаліся, ды можа, і не было на чым. І трэба ж было такому надарыцца, што кум і кума за дарогу яго забылі, аб чым паведамілі мікасецкаму бацюшку. Што ж рабіць? Зіма, на дварэ мяцеліца, кругом усё завеяна снегам, стаіць вялікі мароз; а тут немаўля і дарога не блізкая, каб яшчэ раз з’ездзіць і перапытаць. Сапраўды, як дрэнна, што ў тыя часы не было тэлефоннай сувязі, дзякуючы якой можна было б пазбегнуць памылкі!
Айцец Пятро Пароменскі супакоіў разгубленых дзядзьку і цётку, сказаўшы, што выйсце ёсць: сённяшні дзень, 14 студзеня, па царкоўным календары з’яўляецца днём святога Васіля Вялікага. І прапанаваў даць хлопчыку імя Васіль. Дзядзька Пётра і цётка Ганна згадзіліся:
– А што, неблагое імя, не горшае за іншыя.
Але яны не ўлічылі, якія сямейныя наступствы ў хуткім часе, а менавіта па вяртанні ў дзедаву хату, выкліча гэта іх рашэнне, аб чым я раскажу пазней.
З другога боку, а што было ім рабіць – не замарозіць жа дзіця, ды і вярнуцца з няхрышчаным нельга. Госці ў хаце, многія прыехалі здалёку,
ужо даўно адзначаюць такую важную вясковую падзею.
... айцец Петр даў мне імя Васіль і дзядзька Пётра з цёткай Ганнай па лясной заснежанай дарозе прыехалі да дзедавай хаты. Перадаўшы маці хрышчанае дзіця і нічога не сказаўшы пра імя, яны далучыліся да агульнага застолля, якое прадаўжалася і ў час іх адсутнасці.
Маці паклала сына ў ложачак-качалку (дарэчы, зробленую бацькам), а сама пайшла да гасцей, узрадаваная, што хрышчэнне прайшло ўдала і сынок, нягледзячы на такую неймаверную сцюжу, вярнуўся да яе жывы і здаровы. Яна была ўпэўнена, што ён ахрышчаны жаданым іменем.
Праз нейкі час малы прачнуўся і заплакаў. Маці стала яго калыхаць, прыгаворваючы: “Ціха, ціха, Гена, Геначка”. Тут цётка Ганна мусіла ва ўсім прызнацца:
– Ніна, дык яго ж не Генам зваць, а Васілём.
Яна падышла да маці і расказала ўсё, як было на самай справе, назваўшы сапраўднае імя яе сыночка, бо ўсё роўна памяняць нічога ўжо было немагчыма.
Маці ад нечаканасці ў роспачы голасна ўсклікнула:
– Во, яшчэ адзін Васіль-баран вырасце!
У гэты момант сусед Васіль Бабровіч устае з-за стала разам з жонкай і дэманстратыўна пакідае застолле з кроўнай крыўдай, бо яго ж вось так у вочы бараном ніхто не называў. I гэта крыўда і варожасць суседа доўжыліся больш за дваццаць гадоў. Хто ж мог ведаць, што неасцярожны выраз прывядзе да такіх адносін паміж блізкімі суседзямі, бо дзедава хата і Васіля Бабровіча стаялі насупраць адна адной цераз вуліцу.
Тут неабходна даць тлумачэнне, што ж такое адбылося. Уся справа ў тым, што Васіль Бабровіч меў вясковую мянушку “Васіль-баранчык”, а перайшла гэта мянушка ад ягонага бацькі, якога звалі “Васіль-баран”, таму ён і быў “баранчыкам”. Мянушка была зусім несправядлівая, бо гэта быў чалавек дбайны, працалюбівы і разумны. Нягледзячы на невялікі надзел зямлі, жыў добра, трымаў пчол, адным словам – гаспадар. А мянушку, перададзеную яму ў спадчыну, ён моцна не любіў і страшэнна абураўся, калі яе чуў.
Трэба сказаць, што ў вёсцы практычна ўсе сем'і мелі мянушкі, і многія так звыкаліся з імі, што часцей адгукаліся на іх, чым на свае сапраўдныя імёны, другія ж не любілі і абражаліся.
Дык вось, можна ўявіць сябе, як было сапсавана свята, пасля якога маці не адзін год называла мяне проста сынком, ну а потым прывыкла, і з маленства я не прыпомню, каб яна клікала мяне неяк іначай, як “Вася”.
Як маё хрышчэнне адбылося і чаму я стаў “скаліндаркам” мне, ужо падлетку, расказала мама, і тая незвычайная прыгода ўрэзалася ў маю памяць на ўсё жыццё.
А варожасць працягвалася, сусед Васіль ніколі не заглядваў у наш двор або хату...
I дзіўную карціну ўбачыў я праз многія гады, у 1959 годзе, прыехаўшы з Мінска, з вучылішча, на канікулы. Як заўсёды, прыйшоў пешкам з Мядзела, а гэта трынаццаць кіламетраў, і, адчыніўшы дзверы ў хату, раптам я ўбачыў за сталом суседа Васіля і свайго бацьку. Яны сядзелі за бутэлькай самагонкі, а маці завіхалася каля печы. Я, павітаўшыся, падсеў да іх. Завязалася агульная гутарка, сусед стаў распытваць пра сталіцу, пра маё жыццё-быццё ў горадзе, пра вучобу і раптам кажа:
– Вось бачыш, Ніна, з твайго сына зусім не баран атрымаўся.
Мне ішоў дваццаць першы год. Добрасуседскія адносіны нарэшце наладзіліся, і больш яны ніколі не псаваліся, а наадварот, сталі блізкімі, сяброўскімі.
Гэты ўспамін пра гісторыю ўзнікнення майго імя навёў мяне на думку, што яна неяк прадвызначыла маё далейшае жыццё, у якім аказалася нямала супярэчнасцяў, барацьбы процілегласцяў. У жыцці, думаецца, не мае значэння, якое імя далі табе бацькі. Бо нездарма ж у народзе кажуць: “Бацькі даюць табе добрае прозвішча, а імя рабі сабе сам”. А зрабіць гэта можна толькі праз доўгі, цярністы шлях, упартай працай ды моцнай сілай волі, спавядаючы непахісныя погляды на жыццё і яго каштоўнасці.
Я ўжо згадваў, што чалавек, з'яўляючыся на свет, атрымоўвае ў спадчыну гены сваіх продкаў, можа, і не ў адным калене. Таму аповед свайго жыцця трэба, думаю, пачынаць з тых, хто табе яго даў, а менавіта са сваіх бацькоў.
Бацькі мае ў маладыя гады, мяркуючы па рэдкіх фотаздымках таго часу, мелі прыгожыя, я б сказаў, інтэлігентныя абліччы. У маці былі дробныя, тонкія рысы твару, бацька ж – тыповы беларус з важкім, трохі бульбінай, носам, выразным падбародкам, шырокім квадратным ілбом. У сталыя гады рысы твараў бацькоў, як тыповых беларусаў, яшчэ больш акрэсліліся”.
Паводле аўтабіяграфічнай аповесці “Ген жыцця”.
Фота забяспечана Васілём ШАРАНГОВІЧАМ.