Свой почырк
Тыдзень з фільмамі Аляксандра Яфрэмава
Праграма тэлеканала «Беларусь 3» з 9-га па 15 снежня будзе прысвечана аднаму з самых яркіх прадстаўнікоў айчыннай кінаіндустрыі — народнаму артысту Беларусі, мастацкаму кіраўніку Тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандру Яфрэмаву.
Першым у эфір выйдзе дакументальны фільм з цыкла «Сінематэка», які распавядзе пра жыццё і творчасць вядомага рэжысёра, акцёра і сцэнарыста.
Рэтраспектыва стужак Аляксандра Яфрэмава пачнецца з меладрамы «Давай пажэнімся», знятай у 1982 годзе з Юрыем Назаравым і Маргарытай Церахавай у галоўных ролях.
За ёй стартуе паказ ваеннага серыяла «Замах», які будзе выходзіць па буднях. Гэта адна з апошніх па часе работ рэжысёра, створаная ў 2010 годзе. У аснове баевіка — гісторыя, якая пачынаецца перад Вялікай Айчыннай вайной. Дачка вядомага прафесара прыгажуня Джан і капітан Чырвонай арміі Яўген Косцін кахаюць адзін аднаго, але ў дзяўчыны ёсць яшчэ адзін паклоннік — генерал Данілаў, які не прывык адступаць. Здзяйсненню ўсіх планаў перашкаджае вайна. Якім чынам разарвецца любоўны трохвугольнік?
Фільм парадуе не толькі напружанай сюжэтнай лініяй, нестандартным рашэннем жыццёвых сітуацый, але і выдатным акцёрскім саставам. Галоўныя ролі ў серыяле выконваюць народны артыст Расіі Дзмітрый Пяўцоў і маладая зорка расійскага кіно Даніла Казлоўскі.
У ходзе тыдня з фільмамі Аляксандра Яфрэмава таксама будуць паказаны камедыя «Наш чалавек у Сан-Рэма», рамантычныя меладрамы «Павадыр», «Дунечка», «Рыфмуецца з любоўю».
Яшчэ адна кінаработа рэжысёра, з якой прапануюць пазнаёміцца гледачам, — ваенна-прыгодніцкі фільм па матывах аднайменнага рамана Юрыя Косціна «Немец», зняты ў 2011 годзе.
...Жоўтыя старонкі дзённіка яфрэйтара вермахта Ральфа Мюлера, які прапаў у час вайны, захоўваюць тайну. Гэтая тайна настолькі значная, што яе раскрыццё можа паўплываць на лёс цэлага свету. Малады бюргер, унук і поўны цёзка знікшага нямецага салдата, вырашае разабрацца ў заблытанай гісторыі. Ён прыязджае ў сучасную Беларусь і пачынае па крупіцах збіраць звесткі пра баявы шлях свайго продка, не падазраючы, што гэты рызыкоўны занятак вельмі небяспечны...
Востры дэтэктыўны сюжэт, любоўная лінія, захапляльныя прыгоды — усё гэта ёсць у фільме, які за дастаткова кароткі час стаў вельмі папулярным.