Дажынкі: узнагароджвалі лепшых і частавалі салам

Источник материала:  
28.09.2013 — Разное

Вясковыя пачастункі прыйшліся даспадобы адпачывальнікам

У нядзелю, 22 верасня, у санаторыі “Прыазёрны”  прайшло свята "Нарачанскі вянок. Дажынкі – 2013”.

Удзельнікаў свята і адпачывальнікаў (сярод якіх мноства расіян) адразу сустракалі падворкі сельгаспрадпрыемстваў. А тут і вырашчаны ўраджай паказвалі, і вясковыя пачастункі прапаноўвалі паспрабаваць: дамашнія сыры, кілбасы, сала…

Ой, якое смачнае сала. Я адсюль не пайду, – быў у захапленні адзін з адпачывальнікаў.

– А, можа, прадаяце? – то тут, то там з надзеяй пыталіся аматары вясковага сала.

Побач вясёлыя артысты спявалі прыпеўкі, і зноў жа курортную тэму не абміналі:

На курорте я была, в одного влюбилась,

Захотел поцеловать – челюсть отвалилась.

Госці краю на такія жарты не крыўдавалі, а самыя смелыя далучаліся да артыстаў і даказвалі, што і яны прыпеўкі ведаюць.

Далей размясцілася выстава вырабаў народных майстроў: прыехалі яны на свята не толькі з Мядзельшчыны.

– Найперш, лапці ідуць добра, – расказвае дырэктар Каловіцкага дома майстроў з Вілейшчыны Тамара Бурко. –  Попытам карыстаюцца вялікія памеры, выкарыстоўваюць іх у сауне і басейне. Жанчыны таксама бяруць, у каго хворыя ногі. Вырабамі з лазы людзі таксама цікавяцца: распытваюць, як плесці.

Фатограф з Паставаў Васіль Белякоў наладзіў выставу-продаж сваіх прац з краявідамі Мядзельшчыны – вядома, з аўтографамі.

Словам, для адпачывальнікаў і сувеніраў, і ўражанняў было багата: толькі паспявалі даставаць свае фотаапараты, тэлефоны і айпады. Спяшаліся сфатаграфавацца з артыстамі і народнымі майстрамі, у каларытнага ганчара Сяргея Шчэрбы нават прасіліся за бараду патрымацца.

 


Вельмі ўсё цікава, прыгожа: вялікія майстры тут сабраліся, – дзеляцца ўражаннямі Аляксей і Людміла з Санкт-Пецярбурга.

–  Што больш за ўсё спадабалася?

– Адзначыць штосьці адно – цяжка. Падабаецца ўсё – гэта ж ручная праца. Саламяныя капелюшы сабе прыкупілі, і яшчэ сувеніры набудзем.

Потым у зале санаторыя распачался ўрачыстаць. На ёй уручылі Ганаровыя граматы і прэміі лепшым працаўнікам на жніве. Напрыклад, найлепшым экіпажам камбайна стаў сямейны дуэт Уладзіміра і Аксаны Швайкоўскіх з таварыства “Сваткі”.

Завяршылася мерапрыемства канцэртам аўтара і выканаўцы Сяргея Наско. А ў фае можна было пабачыць і прадэгусціраваць прадукцыю філіялаў Маладзечанскага малочнага камбіната і прадпрыемства “Ілаўскае”.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.

 

 

←Сын партизанской республики

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика