Святар Кірыл Бардонаў: Пашана да іконы

Источник материала:  
06.09.2013 — Разное

У нашых дамах часта можна сустрэць разнастайныя іконы. Успамін пра абразы ў вясковай хаце, на якіх ужо амаль не бачна святых твараў або ёсць толькі высакародныя роспісы храмаў, жыве ў сэрцах многіх з дзяцінства. Якая ж яна, хрысціянская пашана да іконы?

Святы Ян Дамаскін сцвярджаў, што ікона з’яўляецца бачным нябачнага і не маючага вобразу, але цялесна адлюстраванага з-за слабасці нашага разумення. Аднак можа ўзнікнуць непаразуменне наконт ушанавання ікон. У Старым Запавеце двойчы — у кнігах Выхаду і Другазаконня — выразна паўтараецца забарона  ствараць вобразы ідалаў і Бога. Гэтая забарона дапамагала супрацівіцца пакланенню розным багам, што часта выражалася ў абагаўленні іх выяў або фігур. Такая забарона служыла таксама падкрэсліванню нематэрыяльнасці Бога.

Стан рэчаў радыкальна змяніўся з прыходам Хрыста на зямлю. “Слова сталася целам” — чытаем мы ў Евангеллі паводле Яна. Гэта значыць, што Хрыстос прыняў сапраўднае чалавечае цела. Такім чынам нябачны Бог стаў бачным. Таму Хрыста можна прадстаўляць і ўшаноўваць у святых абразах. Іншыя ж іконы, якія прадстаўляюць святых, сімвалізуюць Хрыста. Святы Ян з Дамаска напісаў пра гэта так: “Калісьці Бог, які не меў ні цела, ні душы, зусім не мог быць прадстаўлены на іконе. Але цяпер, калі ён з’явіў нам сябе і жыў сярод людзей, я магу прадставіць на іконе тое, што ўбачыў ад Бога”. Маецца на ўвазе не пакланенне самім абразам, але ўшанаванне тых, каго яны прад-стаўляюць. Іконы скіроўваюць нашыя думкі да вышэйшых рэчаў,  дапамагаюць абудзіць і ўмацаваць веру.

Многія маюць звычай захоўваць фотаздымкі дарагіх сэрцу людзей. Мы хочам успамінаць пра родных і сяброў, пра тое, якімі яны былі ў мінулым, пра звязаныя з імі падзеі. Такія фотаздымкі захоўваюцца з вялікім клопатам і здольныя моцна крануць сэрца. Тое самае, спрашчаючы, можна сказаць і пра іконы. Як фотаздымак не замяняе нам блізкага чалавека, так і ікона не замяняе нам Бога, але дапамагае да Яго звяртацца.

Пашана да ікон выражаецца і ў тым, што яны суправаджаюць вернікаў у розныя моманты жыцця: пры хросце, адпраўленні ў войска, развітанні з памерлымі і г. д. Тут праяўляецца народная пабожнасць, якая ў розных мясцовасцях мае свае асаблівасці. Напрыклад, у некаторых рэгіёнах перад шлюбам бацькі развітваюць жаніха з абразом Езуса, а нявесту — Дзевы Марыі. Выразных прадпісанняў у гэтай сферы не існуе.

Набываючы іконы, крыжы, медальёны і іншыя пабожныя прадметы, задумаемся: ці сапраўды яны нам патрэбны, ці будуць яны служыць малітве. Не выпадае множыць у сваім памяшканні пабожныя рэчы, збіраючы іх як сувеніры. З асаблівым клопатам неабходна адносіцца да прадметаў, якія былі асвечаны. Калі мы палічым, што не маем у іх патрэбы, — найлепш падарыць іх родным або знаёмым.

Святы Грыгорый Нізскі казаў, што жывапіс моўчкі ўмее прамаўляць. Няхай і мы дазволім святым тварам з абразоў прамовіць у нашых сэрцах.

←Інфармацыя пра паведамленні аб замініраванні маладзечанскіх школ афіцыйна пацвердзілася

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика