Маладзечанец Яўген Цанцавіцкі: “Год вучобы – і ЦТ на 100!”
Выпускнік гімназіі-каледжа мастацтваў здаў беларускую мову на 100 балаў.
Маладзён расказаў “РГ” пра свае ўражанні ад набраных балаў.
Калі Яўген убачыў свае вынікі, ён у прамым сэнсе пачаў скакаць ад шчасця.
– Для мяне гэта была вялікая нечаканасць, – кажа Яўген. – Я не разлічваў на такі высокі вынік. За мяне вельмі радаваліся мае сябры.
Хлопец праверыў свае вынікі, калі выйшаў з ЦТ па англійскай мове.
– У мяне быў вельмі добры рэпетытар, – кажа Яўген. – І за мае вынікі ёй вялікі дзякуй. Тым больш, што сёлета я заняў трэцяе месца на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове.
Яўген кажа: каб добра здаць беларускую мову, трэба рэгулярна паўтараць правілы, таму што ўсё з часам забываецца. Да таго ж, трэба кожны дзень штудзіраваць трэніровачныя тэсты.
– Шчыра кажучы, тэст быў не вельмі складаны, – кажа Яўген. – Я сумняваўся толькі ў некаторых пытаннях, а так ведаў амаль усё.
У хлопца не беларускамоўная сям’я. Яўген узмоцнена вывучаў беларускую мову толькі адзін год. І не разлічваў набраць 100 балаў, але і ніжэй за дзевяноста свае веды не ацэньваў.
Цяпер Яўген хоча паступіць у эканамічны ўніверсітэт на спецыяльнасць “бізнес-камунікацыі”. Для гэтага ён здаў гісторыю Беларусі і англійскую мову, але пакуль невядома, на колькі балаў.
Усяго сёлета 100 балаў па беларускай мове атрымалі шэсць чалавек, двое з іх – маладзечанцы.
Сертыфікат з запаветнай “соткай” атрымае па беларускай мове і дзяўчына з валожынскай школы №2 Дар’я Косік.
Па рускай мове 100 балаў набрала Таццяна Красоўская, выпускніца гімназіі №1 горада Валожына.
Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота vetka.by