Нашы на “Славянскім базары”
Маладзечанец Аляксандр Салаўёў паедзе ў Віцебск па чарговую перамогу. У 2006 годзе ён стаў уладальнікам Гран-пры фестывалю “Адна зямля”.
Сёлета Беларусь на песенным конкурсе прадставіць маладзечанец Аляксандр Салаўёў. Наш зямляк – саліст аркестра Міхаіла Фінберга.Конкурс адбудзецца ад 11 па 17 ліпеня ў межах 22-га па ліку фестывалю ў Віцебску.
Пра падрыхтоўку да конкурсу, першую песню, напісанне дыплома і пра тое, як будучы артыст не хацеў іграць на баяне, – наша сённяшняя гаворка.
Дарафеева ўразілася маім выступленнем
– Аляксандр, як прыйшла ідэя падаць заяўку на конкурс?
– Я марыў аб гэтым конкурсе з дзяцінства. Праўда, з дзяцінства я яшчэ марыў спяваць з Грыбалёвай. Але спачатку пра конкурс. Вось у гэтым годзе проста спантанна прыйшла ідэя. Узрост, ведаеце, трохі цісне (Аляксандру 26 гадоў – Аўт.). За тыдзень сабраўся, наважыўся. І вось атрымалася.
– Раскажыце падрабязней, як праходзіў адбор?
– Было 10 удзельнікаў. Выбралі нас дваіх: мяне і Аляксандра Кавалёва. Спачатку ў журы былі сумневы ў выбары рэпертуару. Таму прыйшлося хуценька, амаль за тыдзень, замяніць усе тры песні.
– А хто ўваходзіў у склад журы?
– Пасля конкурсу да мяне падышла Ірына Дарафеева (я яе даўно ведаю, яна выкладае ў нас ва ўніверсітэце) і прызналася, што і не ведала, што я так магу спяваць. У журы былі Анатоль Ярмоленка, Эдуард Зарыцкі, Васіль Раінчык, Алег Елісеенкаў, старшынёй журы быў першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі.
– Чаму не спадабаўся першапачатковы рэпертуар?
– Я і сам не ведаю. Але паколькі журы так палічыла, мушу прыслухоўвацца.
– Якія песні вы будзеце выконваць на конкурсе?
– Я буду выконваць тры песні. Першая – “Без крылаў у неба”, аўтарская кампазіцыя Алены Атрашкевіч. Другая песня “Маці” (з рэпертуару Валерыя Дайнэкі) – невыпадковы выбар. Гэта была мая першая песня, якую я выконваў. Да таго ж, мая маці вельмі блізкі для мяне чалавек. Таму спадзяюся, што змагу перадаць свае пачуцці ў гэтай песні. І тэма вельмі кранальная. Трэцяя песня – “Ты мне вясною прыснілася”. Класіка. Прыгожая песня, меладычная.
– У чым цяпер заключаецца падрыхтоўка да конкурсу?
– Кожны дзень ідзе рэпетыцыя з аркестрам. Шыюцца касцюмы. Магчыма, трохі змяню імідж.
– Вы сказалі, што марылі аб конкурсе “Славянскі базар” з дзяцінства. Чаму менавіта пра гэты конкурс?
– Таму што на “Славянскім базары” конкурс без падвоху. Ён вызначае выканаўцу, наколькі ён моцны вакальна, і толькі гэта. На конкурсе не трэба шоу. Барацьба галасоў і вобразаў. Вядома, хвалююся. Ларыса Доліна, якая сёлета будзе старшынёй журы, калісьці сказала, што калі артыст не хвалюецца, то з ім нешта не тое. Цяпер усё часцей успамінаю яе словы. Хвалююся, значыць, са мной усё ў парадку.
Пісаць дыплом дапаможа жонка
– Я ведаю, што вы вучыцеся на 5-м курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. Як ва ўніверсітэце паставіліся да таго, што падчас абароны дыплома вы будзеце на конкурсе?
– З разуменнем. Ніхто не пярэчыў, не быў супраць майго ўдзелу. А калі адказаць сумленна, у мяне ўсе думкі аб конкурсе, а не пра вучобу. Здам як-небудзь.
– А ва ўніверсітэце не абяцалі аўтаматам паставіць адзнакі, калі вы станеце пераможцам?
– Не, халявы не будзе. Гэта факт. Але мая жонка абяцала дапамагчы з напісаннем дыплома.
– Як жонка ставіцца да поспехаў мужа?
– Вядома, яна радуецца за мяне, дапамагае ва ўсім. З дыпломам, напрыклад. Юля першая даведалася аб тым, што я еду на “Славянскі базар”. Я адразу патэлефанаваў ёй. Крычала ў слухаўку, віншавала. Яна была з самага пачатку са мной, перажывала, падтрымлівала.
Бацька хацеў, каб я іграў на баяне на вяселлях
– З музыкай вы звязаныя з дзяцінства?
– Так, бо я выхоўваўся ў музычнай сям’і. Мой бацька калісьці іграў на гарадскіх танцавальных пляцоўках. Мне было шэсць гадоў, калі ён прывёў мяне ў музычную школу і запісаў у клас баяна. Не ведаю, для чаго. Можа, хацеў, каб я потым на вяселлях іграў.
А мне гэты інструмент увогуле не падабаўся. А калі і суседзям надакучыла яго слухаць, я ўпёрся і запатрабаваў, каб мяне перавялі на іншы інструмент. Так што музычную адукацыю ў школе я паспяхова скончыў па класе кларнета.
Потым было музычнае вучылішча імя Агінскага. Займаўся я ў цудоўнага, майго любімага выкладчыка Пятра Пятровіча Туронка. Сорамна перад ім, што цяпер не хапае часу ўбачыцца. Займаўся ў студыі “Спяваем разам”.
– А першая перамога ў якім конкурсе была? Ці запомнілася?
– А як жа! Гэта быў школьны конкурс “Зорны капеж”, песня “Рамашкі для Наташкі”. Памятаю, нават у газеце напісалі: “А маленькі хлопчык Саша перамог з дарослай песняй”.
– Вы – саліст аркестра Міхаіла Фінберга. Раскажыце пра сваю работу ў гэтым калектыве.
– У аркестр я трапіў у 2010 годзе, хаця ведаў пра гэты калектыў з дзяцінства. Быў такі тэлевізійны конкурс “Спяваем з аркестрам”. Вось я ў гэтым конкурсе прымаў удзел тройчы. А праз некалькі гадоў адбылася лёсавызначальная сустрэча. Ужо пасля таго, як я атрымаў Гран-пры на фестывалі ў Маладзечне ў 2009 годзе.
– Ці праўда, што Міхаіл Фінберг вельмі строгі?
– А інакш і нельга. Гэта творчы працэс. Так што пра якія пернікі можа ісці гаворка? Мы на пугу не крыўдзімся, сябруем паміж сабой. Аркестр мяне многаму навучыў. Напрыклад, таму, што перад выступленнем трэба забыцца на ўсе свае хваробы. Голас павінен гучаць, а ўсе насмаркі, недамаганні – за кулісамі.
– Ці было такое, што адмаўляліся спяваць песню, якую прапаноўваў для выканання Міхаіл Фінберг?
– Не. Ну як вы сабе гэта ўяўляеце? Я ж не зорка, каб капрызы свае паказваць. Ведаю я такіх артыстаў, у якіх ад поспеху галаву зносіць. Цяжкая хвароба, хачу я вам сказаць. Так што я слухаю, што мне раяць людзі з досведам.
– У машыне, у дарозе, напрыклад, слухаеце сябе?
– Не, гэта неяк дзіўна, любавацца сабой. Калі і слухаю часам, толькі для таго, каб пакрытыкаваць: вось тут нешта не так, можна было б і лепей праспяваць.
– А не было жадання ўсё кінуць?
– Было. Асабліва тады, калі пачаў ламацца голас, было цяжка. Здавалася, што гэта не я, што раблю не тое. Жах! А вось цяпер я рэальна разумею, які гэта кайф, калі захапленне стала прафесіяй. Ці, калі хочаце, нават сэнсам жыцця.
– Дзякуй за размову, поспехаў вам на конкурсе.
– І ўсё? Мы ж толькі пачалі з вамі размаўляць!
Наталля ТУР.
Фота забяспечана Аляксандрам САЛАЎЁВЫМ.