Экс-пясняр Андрэй Усанаў: “Больш не хачу быць рабом”
Андрэй Усанаў – саліст ансамбля “Спадчына”, былы саліст ансамбля “Песняры” – расказаў пра тое, што, каб дасягнуць вяршынь, пачынаць трэба з печыва.
Спяшаючыся на сустрэчу з Андрэем, я ўспамінала, як адбылося маё завочнае знаёмства з ім. Мы з сяброўкай глядзелі тэлевізар, раптам яна ўскрыкнула: “Не пераключай! Дай палюбавацца!” “На каго?” – спыталася я”. – “Ды на гэтага маладзенькага, сімпатычнага саліста “Песняроў”!
А потым ён раптоўна знік і з “Песняроў”, і з тэлебачання… А пытанні засталіся. Вось я і паспрабавала атрымаць на іх адказы ў самога Андрэя Усанава.
І хацеў бы пагаварыць па-беларуску, ды няма з кім
– Андрэй, я заўважыла, што вы на абшарах інтэрнэту вельмі часта дзеліцеся сваімі думкамі менавіта на беларускай мове...
– Я вельмі люблю беларускую мову і вельмі хачу ёй авалодаць дасканала. А пагаварыць па-беларуску амаль няма з кім. Вы разумееце? Даводзіцца чытаць.
– Што чытаеце?
– Класіку. Янка Купала вельмі падабаецца. Захапляюся Максімам Багдановічам. Чалавек так мала пражыў у Беларусі, а такія творы напісаў: “Вераніка”, “Слуцкія ткачыхі”…
– Ці звязаныя вы як-небудзь з Маладзечнам?
– Так.
Я скончыў Маладзечанскі політэхнічны каледж. Маладзечна – гэта маё юнацтва, студэнцкія гады, каханне, дзяўчаты, песні пад гітару…
– А любімае месца ёсць?
– Так, Палац культуры, дзе я ўпершыню ўзяў ў рукі мікрафон, стаў пераможцам конкурсу “Зоркі Маладзечна”. З таго часу і пачалося…
У "Песнярах" мы адчувалі сябе гастарбайтарамі
– Раскажыце пра ансамбль “Песняры”, як вы сталі яго салістам?
– “Песнярам” мяне “паказала” рэжысёр ваеннага фестывалю “Зорка” Аксана Камінская, з якой мы і пазнаёміліся на гэтым конкурсе. Яны мяне праслухалі і адразу запрасілі ў калектыў.
– “Уліліся” ў калектыў адразу?
– Гэта быў цудоўны калектыў! 2008-2012 гады – росквіт “Песняроў”. Тады, у 2008-м, у калектыў прыйшлі цудоўныя людзі, натхнёныя творчасцю! Намі рухала толькі ідэя!
– А што адбылося пасля? Чаму такі цудоўны калектыў праіснаваў так мала?
– А што тут гаварыць? (Андрэй адводзіць позірк у акно). Мы па-ранейшаму натхнёныя адной ідэяй, толькі калектыў іншы… (Маўчанне) Разумееце, гэта доўга выспявала, кіраўніцтва ансамбля нас проста не хацела чуць… Калі я пакідаў калектыў, мне Вячаслаў Шарапаў (мастацкі кіраўнік “Песняроў” – “РГ”) нават “дзякуй” не сказаў.
– У адным інтэрв’ю Вячаслаў Шарапаў сказаў, што ў артыста не можа быць прыярытэту матэрыяльных каштоўнасцей. Што вы пра гэта думаеце?
– Ну вось з гэтай прычыны ў калектыве цяпер маладыя выпускнікі музычнага калежда, для якіх грошы – гэта не галоўнае.
Андрэй заказвае каву і працягвае…
— У “Песнярах” мы не раз адчувалі сябе быццам гастарбайтарамі. Прыязджалі на канцэрты ў дзіравых джынсах, самі насілі цяжкія сумкі з апаратурай… А побач з нашым аўтобусам спыняўся “Мерседэс” Марка Цішмана (расійскі спявак – “РГ”), і ён увесь такі ў касцюме за пяць тысяч даляраў прыязджаў, каб спець адну песню пад “фанеру”, а мы ўжывую спявалі 40 хвілін. Крыўдна ўсё гэта!
– Я даўно не чула “Песняроў” у новым складзе.
– А дзіва і не будзе, я вас запэўніваю.
– А з мулявінскіх “Песняроў” вы з кім-небудзь знаёмыя?
– А як жа! Працавалі разам з Леанідам Барткевічам, з Анатолем Кашапаравым. Барткевіч – зорка, яго любяць. Хаця смешны такі. Кажа мне (Андрэй далей расказвае голасам Леаніда Барткевіча): “Андрюша, у вас такой голос, прям как у меня в молодости, и поёте вы так, как я пел в молодости”. А Мулявіна, на жаль, я так і не ўбачыў, вось ён легендарным быў чалавекам.
"Спадчына" – новы калектыў з былых "Песняроў"
– А ў якім калектыве вы працуеце цяпер?
– Ансамбль “Спадчына”, я б не сказаў, што ён новы. Сабраліся ў ім былыя “Песняры”: я, Вячаслаў Ісачанка, Леанід Вярэніч, Сяргей Шкрудзэ і іншыя. Хлопцы сабраліся, каб не губляцца, каб працаваць. У нас сыграны калектыў.
– А песні з рэпертуару “Песняроў” спяваеце?
– Не, цяпер мы працуем з праграмай “Легендарныя хіты беларускай эстрады”. Усе тыя песні, якія складаюць залаты фонд беларускай эстрады, якія ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Цяпер выступаем у Расіі, хутка плануем тур па Беларусі.
– А Маладзечна таксама ўбачыць ансамбль “Спадчына”?
– Так. Думаю, так.
Я ніколі не буду спяваць дрэнныя песні!
– Вы неяк гаварылі, што марыце пра “Еўрабачанне”. Мары не змяніліся?
– Я з’ездзіў бы, але гэты конкурс нейкі… незразумелы. Я не разумею, па якіх крытэрыях адбіраюццца фаварыты і пераможцы.
– А як вы ацэньваеце ўзровень Беларусі ў гэтым конкурсе?
– Што? Які такі “ўзровень”? (Андрэй глядзіць на мяне вялікімі вачыма). Мы рыхтаваліся на “Еўрабачанне”, запісалі песню “Я – ліцвін”, можа чулі? Там словы такія:
Я ліцвін тутэйшы родам.
Сіл хапала маладзецкіх
Зведаць край, напіцца воды
з задняпроўскіх, камянецкіх
І пад неба я падняўся
ад дзявочага ўздыхання
Як вясёлкам накупаўся
ў крыніцы слёз кахання.
Прыгожая песня з прыгожымі словамі. А ў нас за што народ галасуе? “Три рубля, хоп, хоп, три рубля…” (Андрэй напявае) – два словы, тры акорды. Я б ніколі не згадзіўся спяваць такія песні!
– А хто вам здаецца цікавым з беларускіх выканаўцаў? Каго вы б адправілі на “Еўрабачанне”?
– Я адправіў бы спевака Uzari. Вельмі цікавы ён, мне здаецца. Арыгінальны, а Еўропу трэба здзіўляць.
– І што, вашых асабістых спроб больш не будзе на “Еўрабачанні”?
– Не ведаю. Я цяпер спрабую рабіць сольную кар’еру. Неаднойчы запрашалі ў Маскву, але я вельмі пільна адношуся да кантрактаў, не хачу больш быць рабом. Мяне запрасілі ў Кіеў на запіс канцэрта да 9 Мая, там я думаю дамовіцца наконт здымак кліпа на песню “Раскажы”. Вось шукаю кампазітараў, каб напісалі для мяне добрыя, лірычныя песні.
– А чаму толькі лірычныя? Вы, напрыклад, рокерам сябе не бачыце?
– Не, ніколі не буду лезці ў рок. Рокерам трэба нарадзіцца. Курт Кабейн, Мік Джагер – вось гэта рокеры. А ўсе беларускія выканаўцы року – гэта ракапопс.
– А самі якую музыку слухаеце?
За Андрэя адказаў яго мабільнік, які зазваніў песняй гурта “ABBА” “Dancing queen”.
Пагаварыўшы па тэлефоне, Андрэй паглядзеў у акно.
– Так вясны хочацца ўжо. А ўвогуле я аптыміст. Хутка ўсё зменіцца… Пойдзем ужо?
Пракаментаваць словы Андрэя пра гастарбайтараў мы папрасілі Валерыя Скаражонка, былога саліста і дырэктара беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”, які родам з Вілейкі:
– Ну, наконт апаратуры не зусім так. Яе ўсё ж такі цягалі грузчыкі. А што датычыцца сваіх рэчаў, так, іх насілі самі. Не ведаю, кім сябе адчувалі іншыя, але я менавіта гастарбайтарам сябе і адчуваў. Асабліва ў апошні час. Таму цяперашнія “Песняры” – тэма для мяне закрытая. Яны проста для мяне не існуюць.
Наталля ТУР.
Фота andrei-usanov.ru.