Беразінскае – гісторыя альтэрнатыўнай энергетыкі

Источник материала:  
28.04.2013 — Разное

Так выглядае вытворчы будынак торфабрыкетнага завода “Беразінскі” цяпер.

Тэма “альтэрнатыўнай” энергетыкі актуальная ва ўсім свеце. Беларусь не выключэнне.

Сёння ў нас шмат кажуць і пра пераход на мясцовыя віды паліва, энэргазберажэнне і іншае. Да таго ж створаная і ўводзіцца ў дзеянне праграма па энергетычнай бяспецы краіны.

Але я не стану засяроджвацца на сучаснасці і прапаную чытачу заглянуць у мінулае, у часы, калі ў “альтэрнатыўнай” энергетыцы на нашай зямлі проста не было альтэрнатывы.

Усё пачалося з торфу

Гаворка пойдзе пра пасляваенныя гады – канец 40-х і пачатак 50-х. У той час тэрыторыю рэспублікі яшчэ не праціналі іглы трубаправодаў з эфектыўным і танным палівам, а сваёй нафты крытычна не хапала. Таму роля асноўнага энэрганосьбіту ў адбудове пасля вайны эканомікі была адведзеная торфу.

У пачатку 1950-х па ўсёй рэспубліцы адно за адным паўставалі прадпрыемствы торфаздабычы. Сярод якіх і торфазавод каля пасёлка Беразінскае. Гэты пасёлак у Маладзечанскім раёне быў заснаваны ў 1951 годзе, як працоўнае паселішча для рабочых торфазавода.

Акрамя жылых дамоў тут былі пабудаваныя карпусы прафесійна-тэхнічнага вучылішча, якое павінна было займацца падрыхтоўкай кадраў для торфаздабываючай галіны прамысловасці. Само торфапрадпрыемства “Беразінскае” пачало працаваць ў студзені 1953 года.

Багатая сыравінай даліна Заходняй Беразіны зрабіла Маладзечаншчыну буйным цэнтрам вытворчасці торфу. Ён актыўна выкарыстоўваўся як паліва для электрастанцый і як угнаенне для сельскай гаспадаркі.

З прыходам у краіну ў сярэдзіне 1960-х нафты і газу з Сібіры, патрэба ў спальванні торфу знікла. Аграрнай гаспадарцы краіны не сталі патрэбныя такія вялікія аб’ёмы торфу, што здабываліся на беларускіх торфазаводах.

Таму многія прадпрыемствы торфаздабычы ў Беларусі былі зачыненыя ці пераведзеныя на іншы від вытворчасці. Так і торфазавод у Беразінскім потым прыпыніў здабычу торфу і пераключыўся на выпуск дэталяў, запасных частак і тавараў народнага спажывання.'


Што цяпер можна пабачыць у Беразінскім?

Прадпрыемства ААТ “Беразінскае” існуе і сёння, але будынак былога торфазавода стаіць напаўзакінутым. Яго можна пабачыць, калі па трасе Маладзечна-Валожын пад’язджаць да вёскі Літва.

Выкананы ў стылі прамысловага канструктывізму, велічэзны заводскі будынак добра бачны здалёк. Ён знаходзіцца каля лініі чыгункі Маладзечна-Ліда, але калісьці торфазавод меў сваю ўласную чыгуначную сетку.

Асноўнай асаблівасцю здабычы торфу з’яўляецца тое, што яна вядзецца адкрытым спосабам. Слой торфу ўтвараецца на паверхні балот і таму пасля асушэння мясцовасці яго можна проста збіраць з зямлі адмысловымі машынамі.

Дастаўка торфу ад радовішчаў звычайна праходзіць з дапамогай чыгункі, але не звычайнай, а спецыяльнай – вузкакалейнай, з шырынёй каляіны ў 750 мм (1520 мм – стандартная). Ад завода ў Беразінскім да торфанарыхтовак ў раёне Беразіны ішла такая самая вузкакалейка. Яе працягласць дасягала 10 км.

Запасы торфу ў Беларусі налічвалі і налічваюць мільярды тон.

Сёння ад старой вузкакалейкі засталіся толькі рэшткі насыпу. Рэйкі і шпалы даўно дэмантаваныя.

Па гэтай чыгунцы хадзілі не толькі грузавыя вагоны, але і пасажырскія цягнікі, дакладней, аўтаматрысы – пасажырскія вагоны, абсталяваныя маторам для самастойнага перамяшчэння па рэйках без лакаматыва. З іх дапамогай работнікі торфазавода дабіраліся да месца здабычы торфу.

Адзін з такіх матарызаваных вагонаў (іх яшчэ называюць “рэйкавымі аўтобусамі”) можна пабачыць на ўскрайку тэрыторыі прадпрыемства. Там знаходзіцца і перароблены пад павець пасажырскі вузкакалейны вагон ПВ40.

Рэйкавы аўтобус на тэрыторыіі ААТ Беразінскае.


Такога ж тыпу вагоны выкарыстоўваюцца цяпер на “Дзіцячай чыгунцы” ў Мінску. Гэта ўсё, што засталося ад былога рухомага саставу заводскай чыгункі. На тэрыторыі ж самога торфазавода захаваўся адзін аб’ект вузкакалейнай чыгуначнай інфраструктуры: высыпны тэрмінал з устаноўкай для перакульвання вагонаў з торфам.

Высыпны тэрмінал.


Нягледзячы на знешні заняпад і закінутасць, сёння завод не стаіць без справы. Частка памяшканняў галоўнага будынка пераробленая пад цэх прыватнай вытворчасці. На маю думку, торфазавод у Беразінскім быў і застаецца цікавым аб’ектам “альтэрнатыўнай” энергетыкі мінулага, як ніколі актуальнай і на сёння.

Уладзімір САДОЎСКІ.

Фота Уладзіміра САДОЎСКАГА.

←Агротуризм в фаворе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика