Кожны трэці ў рэанімацыі – з-за алкаголю
Кадр з фільма.
Самагонаварэнне заўсёды было прыбытковай справай для тых, хто нажываецца на чужой бядзе. Ад гэтага пакутуюць сем’і, дзеці, блізкія. За год праходзіць праз рэанімацыю каля 1500 чалавек. Яны праводзяць там каля пяці тысяч дзён.
А яшчэ дадаецца працы дактарам і міліцыянерам.
– Мы не маем права выходзіць за межы заканадаўства. Але нядаўна праходзіла пасяджэнне Мінаблвыканкама, дзе старшыня Барыс Батура паставіў задачу: прыняць больш жорсткія меры пакарання, – кажа начальнік маладзечанскай міліцыі грамадскай бяспекі Аляксандр Кісель.
Найбольш самагоншчыкаў – на Лясных
– Вось напрыканцы сакавіка быў выпадак. У раёне Лясных супрацоўнікі міліцыі выявілі амаль шэсць тысяч літраў брагі, – кажа Аляксандр Кісель.
Шмат самагонкі робяць і ў Насілаве, а таксама ў вёсцы Скавародкі, дзе нядаўна загінуў адзін з работнікаў самагоннага міні-завода.
Летась у Маркаўскім сельсавеце выгналі больш за 550 літраў самагону і завялі 28 тысяч літраў брагі. Яшчэ адзін з цэнтраў – Цюрлёўскі сельсавет.
Рэдка “здаюць” самагоншчыкаў
Людзі не часта звяртаюцца з просьбай, каб міліцыянеры праверылі іх суседзяў, аб “працы” якіх яны ведаюць.
– Чаму так адбываецца? Можа, людзі не маюць даверу да міліцыі. Магчыма, баяцца, – кажа Аляксандр Кісель.
Супрацоўнікі міліцыі гарантуюць у такіх выпадках поўную ананімнасць. Калі чалавек ведае і хоча расказаць міліцыянеру пра тых, хто гоніць самагонку, ён можа нават не называць сваё прозвішча.
Летась супрацоўнікі міліцыі ў Маладзечанскім раёне выявілі 222 выпадкі самагонаварэння.
Да таго ж міліцыя штотыднёва праводзіць рэйды, падчас якіх вылоўліваюць самагоншчыкаў.
Самагон вачыма медыцыны
Паводле слоў загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Маладзечанскай раённай бальніцы Пятра Шугалы, атруціцца гарэлкай ці віном ці перапіць іх магчыма.
Але людзі больш атручваюцца сурагатамі. А самагонка – гэта сурагат алкаголю.
Летась з алкагольнымі атручэннямі ў бальніцу патрапілі 111 чалавек. Пяцёра з іх загінулі.
Людзі атручваюцца этанолам, растваральнікамі і іншымі сурагатамі. Летась з-за этанолу 94 чалавекі патрапілі ў бальніцу. Найбольшую шкоду здароўю наносяць растваральнікі.
У мінулым годзе 20 чалавек памерлі ад алкагольнай хваробы.
– Працэнтаў 80 – гэта калі чалавек выпадкова выпіў нейкі сурагат. Напрыклад, у бутэльцы з-пад чагосьці налітае нейкае хімічнае рэчыва. Чалавек хоча пахмяліцца, думае, што там самагонка, выпівае і атручваецца, – кажа доктар.
Дзень у рэанімацыі – 1 мільён
– За год праходзіць праз рэанімацыю каля 1500 чалавек. З іх 111 выпадкаў – атручэнні рознымі сурагатамі. А вось пацыентаў з алкагольнымі псіхозамі летась было 327 чалавек, – кажа Пётр Шугала. – А гэта амаль трэцяя частка людзей, якія трапляюць у рэанімацыю.
Па яго словах, гэтыя 1500 чалавек правялі ў рэанімацыі каля пяці тысяч дзён. Адзін дзень для дзяржавы каштуе больш за 1 мільён рублёў. Гэта і лекі, і харчаванне. Вось і падлічым. Толькі з-за алкаголю дзяржава праз медыцыну аддала больш за 1,5 мільярда рублёў.
– З-за атручэння сурагатамі ў рэанімацыю трапляюць як мужчыны, так і жанчыны, – працягвае Пётр Шугала. – Прычым пароўну. А раней мужчын заўсёды было значна больш.
Па словах доктара, узроставая група таксама розная. Можна сустрэць і маладую 23-гадовую дзяўчыну, якая ўжо мае хранічную форму алкагалізму.
Часцей за ўсё людзі ў рэанімацыю трапляюць з-за перадазіроўкі алкаголю. А калі чалавек атруціўся сурагатамі ці іншым спіртам – гэта можа прывесці да таго, што яму неабходна падключыць штучную нырку.
– Самае горшае з гэтага ўсяго, што ты выцягваеш чалавека з таго свету, а праз некаторы час сітуацыя паўтараецца, – працягвае доктар. – У мяне ёсць адзін пацыент, які толькі сёлета тры ці чатыры разы прайшоў праз рэанімацыю. Гэта самая вялікая бяда, што людзі паступаюць зноў і зноў.
Быў, па словах доктара, і такі выпадак, калі сама маці, якая гнала самагонку, “падсадзіла” свайго сына на гэтае зло. У рэанімацыю ён трапляў разоў восем.
Ставім кропельніцу і даём мачагонныя
Пётр Шугала расказаў, што калі да іх чалавек трапляе з алкагольным атручэннем ці перадазіроўкай, яны імкнуцца ачысціць арганізм.
Прынцып гэты просты. Яны ставяць кропельніцы, каб вывесці алкаголь з крыві, і даюць мачагонныя прэпараты.
Каб адкачаць аднаго чалавека, патрэбны суткі. Калі ў чалавека хранічная алкагольная хвароба – 5-6 дзён.
– Увогуле самагонаварэнне прыносіць добры прыбытак,– кажа Пётр Шугала. – Людзі будуюць на гэтым свой бізнес. А на чалавечых слабасцях заўсёды зарабляліся грошы. А чыстыя гэта грошы ці брудныя – гэта ўжо іншае пытанне.
Якія пакаранні чакаюць самагоншчыкаў
Як паведаміў начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Аляксандр Кісель, выраб і захоўванне самагонкі, самагоннай брагі, а таксама самагонных апаратаў цягне за сабой папярэджанне або штраф.
Штраф накладаецца ў памеры да пяці базавых велічынь з канфіскацыяй напояў, паўфабрыкатаў і апаратаў (да 500 тысяч рублёў).
Калі падобнае чалавек учыніў паўторна на працягу года пасля накладання спагнання за такія ж парушэнні, альбо вырабляў ці захоўваў самагонкі больш за пяць літраў, а брагі больш за трыццаць літраў, то караецца штрафам у памеры ад пяці да 30 базавых (500 тысяч – 3 мільёны рублёў).
Караюць і тых людзей, якія набываюць самагонку на так званай “точцы”. Гэта купля пагражае папярэджаннем або накладаннем штрафу ў памеры да пяці базавых велічынь з канфіскацыяй напою (500 тысяч рублёў).
Даведка РГ. Сурагат – прадукт, які толькі па некаторым падабенстве з’яўляецца заменай натуральнага.
Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота uralinform.ru
Чытайце таксама:
12.04.2013.Маладзечна і раён можа падтапіць: узгадваем паводку 2010 года
11.04.2013.Аляксандр Любанец: “Раней панядзелка абанементы на гульні не з’явяцца”!
11.04.2013.Упершыню конкурс народнай музыкі ў Маладзечне сабраў паўсотні ансамбляў
11.04.2013.Дапамажыце знайсці абвінавачанага, які ўцёк ад следства