Тыдзень высокай моды ў Мінску: глухія мы ці глухія дызайнеры?

Источник материала:  
12.04.2013 — Разное

Нядаўна ў Мінску праходзіў тыдзень высокай моды. Але народ выказаў свае прэтэнзіі адносна моды. Мы разгледзім самыя распаўсюджаныя.

На жаль, не прыйшлі ў нашу краіну яшчэ тыя часы, калі б людзі сур’ёзна пачалі цікавіцца модай, а дызайнеры больш прыслухоўвацца да народа, бо цяпер здаецца, што адно аднаго яны проста не чуюць.

Разбяромся разам

На тыдні высокай моды, які праходзіў у Нацыянальным мастацкім музеі, былі розныя калекцыі, сярод якіх і надта прыгожыя. Але з каментароў у інтэрнэце вынікае адно: людзі проста не разумеюць, чаму нешта зроблена так, а нешта – гэтак. Вось і атрымліваецца сітуацыя, што нібыта танцор спрабуе запусціць ракету ў космас і не разумее, навошта столькі розных кнопачак на пульце.

Давайце разам разгледзім самыя распаўсюджаныя негатыўныя каментары з інтэрнэта і разбяромся, што да чаго.

“Гэта насіць нельга”


Для нас з вамі звыклая сітуацыя, што мадэльер – гэта той, хто стварае адзенне. Але чаму ж мы тады не называем мадэльерамі людзей, якія працуюць у атэлье і таксама распрацоўваюць і ствараюць адзенне “з нуля”? На самой справе, слушна перш за ўсё ўспрымаць мадэльера як мастака. Кожны творчы чалавек выражае сябе па-рознаму.

Мадэльер выказвае свае думкі і ідэі праз адзенне. Як правіла, такія калекцыі-ідэі звычайна не вельмі вялікія. Яны маюць назву “Ад куцюр”, і абсалютна нармальна, што гэта не будуць насіць людзі.

Ставіцца да такога адзення трэба гэтак жа, як да жывапісу, скульптуры і музыкі. Альбо як да канцэпт-караў у аўтамабілебудаванні. Вы ж, пэўна, бачылі здымкі з аўтасалонаў такіх машын, якія глядзяцца як касмічныя караблі? Чаму ж не прад’яўляеце прэтэнзій канцэрнам, што іх аўтамабілі не ездзяць па вуліцах? Так і тут – дызайнеры дзеляцца думкамі і ідэямі наконт адзення, якое неабавязкова павінна заўтра з’явіцца на вуліцах Маладзечна і Вілейкі.

З іншага боку, ёсць калекцыі, якія маюць назву “прэт-а-партэ”. Вось яны абавязкова павінны быць “насібельныя” і стварацца з тых рэчаў і тканін, якія мы носім ў звычайным жыцці – аднак мець пры гэтым нейкія дызайнерскія адметнасці.

Паколькі ў нашай краіне ўсе гэтыя накірункі толькі пачынаюць развівацца, то з масавай вытворчасцю ў нас тугавата, але калі вам спадабалася нейкая дызайнерская рэч, вы абавязкова можаце заказаць яе ў самога дызайнера. Дарэчы, цэны, у нас даволі дэмакратычныя.

“Ручная праца”


Вельмі шмат было каментароў адносна таго, што ў адзенні шмат ручной працы, і гэта нікому не трэба. Аднак варта ведаць, што, паводле правіл, прапісаных Парыжскім сіндыкатам высокай моды, адзенне “ад куцюр” на 70% павінна быць створанае з дапамогай ручной працы. Відаць, тым, хто пісаў гэтыя каментары, Парыж не ўказ – у іх свае Парыжы і свае правілы.

“Праводзілі  паказы у музеі, не маглі будынак з подыумам зняць”


Абавязковая прысутнасць подыума на паказе – гэта нейкі стэрэатып, які моцна засеў у нашых галовах. Варта ведаць, што вядомыя замежныя дызайнеры праводзяць свае паказы і ў музеях, і ў замках, і на прыродзе. А нам, бачыце, не пасуе будынак Нацыянальнага мастацкага музея.

Такім чынам, людзі не разумеюць, што вытвараюць “гэтыя ненармальныя дызайнеры”, а дызайнеры не разумеюць, чаму іх не разумее народ. Зразумела, кожны з вас можа сказаць, што ён не павінны цікавіцца модай, але я ўпэўненая, што добра апранутае, упэўненае ў сабе грамадства можа нашмат больш, чым кучка людзей, апранутых у безгустоўнае, дрэнна падабранае шыкоўнае адзенне.

Дык, можа, варта больш уважліва ставіцца да такіх паказаў моды і намагацца не зневажаць, а зразумець?..

Таццяна УЛАДЫКА, студэнтка, спецыяльнасць – дызайн адзення.

Фота Вольгі ГАРАПУЧЫК, nn.by

←Фэст экскурсоводов предложит «свадебные» и «пожарные» экскурсии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика