«Сваты» вяртаюцца
Прыхільнікаў народнага серыяла чакае прэм’ера
Эксклюзіўны паказ новага, шостага сезона «Сватоў» ва Украіне стартаваў 11 сакавіка. А ўжо 15 красавіка тэлеканал «Беларусь 1» запрашае і айчынных тэлегледачоў да прагляду доўгачаканай прэм’еры.
Здавалася б, што яшчэ можа здарыцца ў вялікай дружнай сям’і Будзько—Кавалёвых, а цяпер яшчэ і Бярковічаў?
Здымкі новых серый працягваліся каля года. Сюжэт упершыню ахоплівае не толькі сезон летніх канікул, а цэлы год. Сваты з унукамі паспеюць павіншаваць каханых жанчын з 8 Сакавіка, «ухандохаюцца» на пасадкава-палівальна-ўборачнай, адправяць Яўгенію вучыцца ў інстытут (вядома, папярэдне пасварацца ў пух і прах), павіншуюць ветэранаў з 9 Мая, перажывуць з Міцяем усе складанасці цяжарнасці Ларысы, адзначаць юбілей Івана... Таксама Будзько—Кавалёвы—Бярковічы пабываюць на «Еўра-2012», пракацяцца на круізным лайнеры па Волзе, затрымаюць збеглага злачынцу, пабываюць у мінулым і сустрэнуць Новы год.
Акцёрскі склад застанецца ранейшым. Аднак вонкавы выгляд і вобраз некаторых герояў зменіцца кардынальна. Так, напрыклад, нечаканыя змены адбудуцца і ў сям’і Буханкіных—Ларыса з’явіцца ў пачатку сезона з кругленькім жывоцікам, а ў далейшым ашчаслівіць Міцяя двойняй.
Як удакладнілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, серыял «Сваты-6» будзе выходзіць у эфіры канала «Беларусь 1» па буднях адразу пасля інфармацыйнага выпуску «Панарама».