Дыякан Кірыл БАРДОНАЎ: Пальмовая нядзеля

Источник материала:  
22.03.2013 — Разное

Апошняя нядзеля перад Вялікаднем называецца Пальмовай (Вербнай). Сёння звернем увагу на гэты асаблівы дзень, які папярэднічае святкаванню Вялікадня.

Пальмовая нядзеля нібы ўводзіць вернікаў непасрэдна ў заканчэнне падрыхтоўкі да галоўнага хрысціянскага свята. Яна распачынае “Вялікі тыдзень”. Падчас Вялікага тыдня ўвага звяртаецца галоўным чынам на наступныя здарэнні: трыумфальны ўезд Хрыста ў Ерусалім, апошнія дыскусіі Хрыста з іудзеямі ў святыні, прадказанне аб разбурэнні Ерусаліма, апошняя вячэра з вучнямі, арышт і ўкрыжаванне Езуса і ўрэшце Яго ўваскрасенне. Літургія гэтых дзён дапамагае спрасціць разуменне тых падзей і пабудзіць да разважання над сваім жыццём.

Назва “Пальмовая” замацавалася за першым днём Вялікага тыдня ў сувязі са звычаем бласлаўляць пальмавыя галінкі ў гэты дзень. Такі звычай узнік у ХІ стагоддзі. Літургія гэтай нядзелі ўзгадвае ўрачысты ўезд Хрыста ў Ерусалім. Натоўп вітаў Езуса ў Ерусаліме воклічамі: “Гасанна Сыну Давіда”, сцелячы пры гэтым пад Яго ногі на дарозе плашчы і галінкі пальмы.

У Беларусі, як і ў суседніх краінах, у сувязі з тым, што пальмы не растуць, вернікі прыносяць на Імшу галінкі вярбы, якія ўпрыгожваюцца самым разнастайным чынам. Таму і сама нядзеля гэтая называецца ў народзе “Вербная нядзеля”, “Вербніца”. Месцамі захавалася традыцыя, згодна з якой пасля заканчэння святой Імшы, выйшаўшы з касцёла, некаторыя вербачкамі злёгку пабіваюць сваіх знаёмых і пры гэтым кажуць такія або падобныя словы: “Не я б’ю — вярба б’е”. Вербачкамі могуць сімвалічна ўдараць таксама тых, хто застаўся дома і не ўдзельнічаў у святой Імшы, або тых знаёмых, якіх сустракалі па дарозе з касцёла дадому. Падкрэслім, што гэта народная традыцыя і што само па сабе бласлаўленне вярбы ў гэты дзень без малітвы і жадання змяніць сваё жыццё мала што значыць.

У некаторых рэгіёнах можна сустрэць традыцыю: бласлаўлёныя галінкі вярбы затыкаюцца за абразы і крыжы, якія вісяць у доме, з просьбай аб Божым бласлаўленні для дома і яго жыхароў. Таксама галінкі ўтыкалі ў поле са спадзяваннем на спрыяльнае надвор’е і ўраджай. У Беларусі прынята спальваць галінкі вербачак з Пальмовай нядзелі і потым пасыпаць атрыманым такім чынам попелам галовы ў Папяльцовую сераду.

Незвычайнасць Пальмовай нядзелі яшчэ і ў тым, што ў самой літургіі гэтага дня адбываецца кантрасны пераход — у пачатку Імшы мы спяваем радасныя спевы і ідзём у працэсіі з галінкамі, а потым слухаем апісанне мучэнняў Езуса паводле аднаго з Евангелляў. Мы ўзгадаваем, што натоўп, які так урачыста вітаў Хрыста, праз некалькі дзён крычаў: “Укрыжуй Яго!” Такім чынам таксама падкрэсліваецца, што трыумф Хрыста і Яго Ахвяра непасрэдна звязаны паміж сабой. Езус уязджае ў Ерусалім на асляняці, што лічылася знакам спакою, а не на кані, што азначала б вайну. Гэта момант прызнання Хрыста Месіяй, а некаторыя бачаць у гэтым таксама правобраз уваходу ў рай. Лічыцца, што менавіта з Ерусаліма паходзіць звычай святкавання гэтага дня.

Хрыстос уязджае на асляняці ў святы горад як Валадар, і гэта нібы падкрэсліваюць спантанныя воклічы радасці народа. Аднак нават калі вельмі хутка Яго заб’юць, Ён ніколі не страчвае свайго права валадарыць. Мучэнне Хрыста ўмацоўвае гэтае права. Таму яшчэ адна назва першага дня Вялікага тыдня — “нядзеля Мукі Пана (Госпада)”.

 Дыякан Кірыл БАРДОНАЎ, сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

←Дорогие соотечественники! Уважаемые зарубежные гости!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика