Як в'етнамцы 10 лютага адсвяткавалі ў Маладзечне Новы год

Мінулыя выхадныя, 9-10 лютага, былі звычайнымі для большасці маладзечанцаў. Але ў некаторыя кватэры на гэтыя два дні завітала свята. В’етнамская дыяспара горада адзначала Новы год па Усходнім календары.
Таямніцамі святкавання Новага года па в’етнамскіх традыцыях з “Рэгіянальнай газетай” падзяліўся навучэнец-першакурснік Фам Дык Хунг.
Ён жыве ў Маладзечне ужо пяць гадоў. За гэты час паспеў павучыцца ў беларускай школе, а цяпер вучыцца ў маладзечанскім прафесійна-тэхнічным каледжы. Праз два з паловай гады Фам Дык Хунг стане дыпламаваным тынкоўшчыкам-плітачнікам.
Абрыкосавае дрэва замест ёлкі
Замест ёлачкі на Новы год – імправізаваная галінка абрыкосавага дрэва.
У кожнага в’етнамца, які жыве ў нашай краіне, крыху больш святаў, чым у звычайнага беларуса. Напрыклад, Новы год адзначаецца двойчы: і ў ноч на 1 студзеня, і ў першы дзень першага месяца па месяцавым календары ў першы сезон новага года.
Гэтае свята называюць Тэт Нгуен Дан, што значыць Свята Першага Дня ці Тэт Там Нгуен – Свята Трох Першых. Свята рухомае – прыпадае, паводле месяцавага календара, на дзень ад 20 студзеня да 20 лютага. Сёлета Новы год па ўсходнім календары адзначалі 10 лютага.
– Беларускі Новы год для нас не вельмі маштабнае свята, – гаворыць Фам Дык Хунг. – Мы, як і беларусы, упрыгожваем ёлку агеньчыкамі і цацкамі. Звычайна ёлка ў нас штучная. 31 снежня мы проста збіраемся разам за святочным сталом і не дорым адзін аднаму падарункі.
А вось Новы год па Усходнім календары в’етнамцы адзначаюць дружна, збіраючыся ўсёй раднёй. Тэт – гэта час, калі збіраецца ўся сям’я, а да яе далучаюцца продкі. Абавязковы атрыбут традыцыйнага свята – абрыкосавае ці персікавае дрэўца. Паколькі абрыкосы ў Беларусі не растуць, в’етнамцам даводзіцца імправізаваць.
– Звычайна мы бяром яблыневыя галінкі і ставім іх у ваду, – гаворыць Хунг. – Упрыгожваем таксама па-свойму: робім з каляровай паперы адмысловыя кветкі ў тэхніцы арыгамі.
Новы год без Дзеда Мароза
Яшчэ адна адметнасць в’етнамскага свята заключаецца ў тым, што ў гэтага народа няма навагодняга казачнага персанажа. Таму і няма традыцыі класці падарункі пад абрыкосавае дрэўца.
– У нас не такая зіма, як у Беларусі, – заўважае Фам Дык Хунг. – Зімой у В’етнаме такое ж надвор’е, як тут вясной. Таму і Дзеда Мароза ў нас няма. Бацькі самі дораць падарункі сваім дзецям. Па в’етнамскіх традыцыях звычайна гэта грошы ў чырвоных мяшэчках.
Дадому – раз на пяць гадоў
Адзначыць святы на радзіме – рэдкае шчасце для беларускіх в’етнамцаў. Дабрацца з Беларусі да В’етнама можна толькі самалётам.
– Апошні раз я была дома тры гады таму, – кажа гандлярка-в’етнамка з маладзечанскага рынку райспажыўтаварыства, якая прадстаўляецца Аняй. – Білеты дарагія, ляцець трэба з перасадкай ў Маскве. Дарога туды і назад каштуе 1200 даляраў.
Гандлярка жыве ў Беларусі ўжо 25 гадоў. Першыя сем жыла ў Жодзіне, цяпер – у Маладзечне. Тут нарадзіла дзіця. Хлопчык скончыў беларускую школу і цяпер вучыцца ва ўніверсітэце ў Мінску.
– Куды еду – я не вельмі ўяўляла. У тыя часы быў Савецкі Саюз, таму пра Беларусь чула няшмат, – заўважае Аня. – Складана было з мовай. Я вучыла яе тры месяцы перад ад’ездам. Менавіта з-за моўнай перашкоды большасць в’етнамцаў у Беларусі працуюць у гандлі. Працаваць можна і не валодаючы мовай дасканала.
У Маладзечне в’етнамцы ведаюць адзін аднаго, збіраюцца разам на нацыянальныя святы. Пры гэтым абавязкова в’етнамскія гаспадыні гатуюць традыцыйныя стравы сваёй кухні.
Святочны стол па-в’етнамску: баньба і лім
Кухня ўсіх усходніх народаў – гэта нязменныя марскія прадукты. Таму в’етнамцам даводзіцца крыху прыстасоўвацца да беларускай ежы.
– Жывучы тут, мы таксама стараемся есці больш рыбы і гародніны, безумоўна, асноўная страва – рыс, – кажа Аня. – І не ядзім так шмат малочных прадуктаў, як беларусы.
Студэнт Фам Дык Хунг ужо неаднойчы частаваў сваіх беларускіх сяброў і аднагрупнікаў нацыянальнымі стравамі. Нагода для гэтага знойдзецца заўжды – ці Новы год, ці дзень нараджэння, ці іншае беларускае або в’етнамскае свята.
– Звычайна мы робім адмысловыя запечаныя булачкі з мясам, – гаворыць Хунг. – Яны называюцца баньба. Цеста пры гатаванні складваецца ў выглядзе канверта. А запечаныя булачкі з мясам і макаронай – гэта лім. Іх мы таксама гатуем на розныя святы.
Аляксандра ПАРАХНЯ, Зоя ХРУЦКАЯ.
Фота 4.bp.blogspot.com