Кніжны трыумф

Источник материала:  
08.02.2013 — Разное

Сярод лепшых беларускіх выданняў – фотаальбом “Полацк. 1150” і кніга фотаздымкаў стогадовай даўніны

У Мінску падвялі вынікі 52-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” 2013 года. На ўзнагароды прэтэндавалі 175 выданняў ад трыццаці аднаго беларускага выдавецтва, аднак перамаглі толькі некалькі выбраных. Лепшых вызначылі ў чатырнаццаці намінацыях. Сярод уладальнікаў “залатых фаліянтаў” — факсімільныя выданні, фотаальбомы, энцыклапедыі, дзіцячыя казкі і нават электронныя кнігі. Карэспандэнты “НГ” пазнаёміліся з пераможцамі і склалі топ-7 найбольш яркіх і цікавых кніжных навінак ад беларускіх выдаўцоў.

Фотаальбом “Полацк. 1150” выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” (намінацыя “Трыумф” — Гран-пры конкурсу). “Гэта больш чым кніга, — лічыць дырэктар выдавецтва Таццяна Бялова. — Гэта вялікі дзяржаўны праект, у якім удзельнічалі практычна ўсе гуманітарныя навуковыя інстытуты”. Фотаальбом прысвечаны Полацку — старажытнай калысцы беларускай дзяржаўнасці, гораду, народу, які паклаў пачатак гісторыі Беларусі. Ён асвятляе ўсю шматвяковую гісторыю Полацка і Полацкай зямлі. Выданне на 552 старонках уключае картаграфічныя і гістарычныя матэрыялы, больш за тысячу чорна-белых і каляровых фатаграфій. Пагартаць такі каштоўны альбом, упэўненыя выдаўцы, захочацца і даросламу, і малому.

Факсімільнае выданне “Житие блаженной Евфросинии, игуменьи монастыря Вседержателя Святого Спаса во граде Полоцке” выдавецтва Беларускага Экзархата (намінацыя “Духоўнасць”). Выданне з’яўляецца копіяй аднаго з самых старажытных помнікаў сярэднявечнай агіяграфіі на ўсходнеславянскіх землях. І, што вельмі зручна для сучаснага чытача, суправаджаецца навуковымі каментарамі і перакладамі жыція адразу на тры мовы: рускую, беларускую і англійскую. Выданне аформлена ва ўнікальную скураную вокладку з цісненнем.

Падарункавае выданне “История Белорусской железной дороги. Из века XIX в век ХХІ” выдавецтва “Мастацкая літаратура” (намінацыя “Залатыя скрыжалі”). Па аб’ёме, памерах і прадстаўленых гістарычных матэрыялах кніга ўнікальная не толькі для Беларусі, але і ўсяго СНД. У выданні амаль тысяча старонак з тэкстам, фотаздымкамі і адсканаванымі ўнікальнымі архіўнымі дакументамі. Дарэчы, рыхтуючы выданне, гісторыкі і архівісты адкрылі новую дату нараджэння беларускай чыгункі — 1862 год. Шмат гадоў гэтай датай лічыўся 1871 год. Так што беларуская чыгунка адразу “пастарэла” на дзевяць гадоў.

Кніга “Гедымін (1316—1341). Каралеўства Літвы і Русі” Алеся Краўцэвіча, выдадзеная Святланай Татарнікавай (намінацыя “ЛІТ-фармат”). Нарыс з серыі “Жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх” прысвечаны вялікаму князю Гедыміну, напісаны прафесійным гісторыкам і выдадзены адразу на дзвюх мовах — беларускай і англійскай. Кніга прыдатная як тым, хто навучаецца, так і ўсім аматарам гісторыі. Усе гістарычныя факты і высновы аўтара грунтуюцца на навуковым аналізе гістарычных крыніц. І разам з тым тэкст напісаны вельмі лёгка і займальна. Кніга выдатна аформлена мастаком Iгарам Гардзiёнкам, які неаднаразова выстаўляўся ў Польшчы, Германіі, Іспаніі, Сербіі, Японіі і іншых краінах.

Выданне “Кто живет в Беларуси” выдавецтва “Беларуская навука” (намінацыя “Эўрыка”). Гісторыя і сучаснасць нацыянальнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, ледзь змясціліся на 800 старонках! У кнізе шмат фотаздымкаў, у тым ліку і з асабістых архіваў аўтараў, ілюстрацыі з фондаў музеяў і бібліятэк, картаграфічны матэрыял. Тут звесткі аб паходжанні, асаблівасцях рассялення, культурных традыцыях рускіх, украінцаў, палякаў, татараў, яўрэяў, цыганоў, літоўцаў, афганцаў, в’етнамцаў і іншых супольнасцяў у Беларусі. Выданне шматгранна і маляўніча прадстаўляе чытачам усю этнічную мазаіку Беларусі.

Кніга для дзяцей “Дзе Купала начавала. Народныя песні. Калыханкі. Прыказкі і прымаўкі” выдавецтва “Мастацкая літаратура” (намінацыя “Разам з кнігай мы расцём”). Выданне аформлена цікавымі і нестандартнымі малюнкамі таленавітай беларускай мастачкі Ганны Сілівончык. Такую кнігу сапраўды прыемна трымаць  у руках, а яшчэ чытаць усёй сям’ёй. Гэта кніга для тых, хто любіць беларускі фальклор і ўсё прыгожае.

Кніга “Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911—1912” з серыі “Энцыклапедыя рарытэтаў” выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” (спецыяльная намінацыя “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны”). У выданні сабрана больш за чатырыста здымкаў беларускага этнографа Ісака Сербава, які ў пачатку ХХ стагоддзя па заданні Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства пабываў з экспедыцыямі ў Брэсцкай, Магілёўскай, Мінскай абласцях. Гартаеш кнігу і нібы пераносішся ў Беларусь на сто гадоў назад. Па фатаграфіях даследчыка можна вывучаць традыцыйную культуру, народны касцюм і архітэктуру Беларусі.

←Вузы будут брать не количеством, а качеством

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика