Беларускі хлопчык пра сваё амерыканскае жыццё
Беларускі хлопчык Аляксей (другі) са сваімі амерыканскімі сябрамі.
У школу нельга прыносіць ні цацкі, ні тэлефон. Па вуліцы хадзіць з цацачнымі пісталетамі таксама забараняецца, бо гэта спараджае агрэсію. Пра жыццё школьніка ў Амерыцы расказвае першакласнік Лёша.Лёша жыве ў Філадэльфіі (штат Пенсільванія) з чатырох гадоў. Бацька ў яго беларус, а маці – напалову беларуска, а напалову афрыканка. У Беларусь хлопчык прыязджае да бабуляў на канікулы. Цяпер якраз зімовыя, і ён у Маладзечне ў бабулі па бацькавай лініі.
Ляцеў сюды больш за палову сутак. Ад Ню-Ёрка да Масквы дзесяць гадзін лёту і ад Масквы да Мінска – яшчэ 1 гадзіну і 20 хвілін. І хоць Лёша не любіць пералёты, усё роўна прылятае ў Беларусь:
− У мяне тут шмат сяброў, нават больш, чым у Амерыцы. Я, як адвучуся, наогул вярнуся сюды назаўсёды.
З сабой ён прывёз кніжкі па маляванні і англійскай мове. Нават прыхапіў рускамоўныя казкі, бо ўмее чытаць і пісаць на дзвюх мовах. Цяпер у падарунак ад рэдакцыі атрымаў беларускія казкі. Дарэчы, вельмі здзівіўся, пабачыўшы нашае “ў”. Але паабяцаў навучыцца чытаць і па-беларуску.
Лёша трымае амерыканскі падручнік па маляванні.
Вось гэта ён напісаў і павесіў на дзверы аднаго з пакояў, дзе цяпер ідзе рамонт.
Умее добра складаць і аднімаць у межах мільёна, яму няма праблем падлічыць, колькі будзе, напрыклад, калі 235 прыбавіць 148. Ведае табліцу множання.
Акрамя заняткаў у школе, ходзіць яшчэ два разы на тыдзень на танцы.
Вывучаюць сацыяльныя даследаванні
Цяпер Алёша ходзіць у першы клас. Але ён ужо год адвучыўся ў нулявым класе. У Амерыцы дзеці ідуць у школу з пяці гадоў.
У яго ўжо ёсць свой школьны табель, дзе выстаўляюцца адзнакі па ўсіх прадметах.
Уявіце, што акрамя адзнак у ім ёсць раздзел "Навыкі 21 стагоддзя/фарміраванне характару". Тут пазначаецца, ці мудра дзіця выкарыстоўвае час, ці добра працуе з іншымі дзецьмі, ці праяўляе павагу і спачуванне. І што мяне ўжо зусім здзівіла, ці ўмее пераадольваць праблемы, каб чамусьці навучыцца.
Асноўных прадметаў у Лёшы дзесяць: чытанне, пісанне, вуснае маўленне, матэматыка, навука, сацыяльныя даследаванні, фізічная культура, здароўе і выяўленчае мастацтва.
Яны ацэньваюцца па 100-бальнай сістэме. Але ў табель выстаўляюцца літары: A – 90-100 балаў, B – 80-89 балаў, C – 70-79, D – 65-69 балаў, F – 0-64 балаў.
Таксама ацэньваюцца паводзіны і намаганні вучня. Для гэтага існуюць тры адзнакі:
1. надта добрыя
2. здавальняючыя
3. патрабуюць паляпшэння
Дарэчы, у табелі пазначаецца, колькі заняткаў прапусціла дзіця, і розныя заўвагі ці пахвала настаўніка.
Задаюць амерыканскім першакласнікам і дамашнія заданні. І падручнікі яны носяць з сабой увесь час.
Тым часам у беларускіх школах
Беларускія першакласнікі вывучаюць матэматыку, пісьмо, беларускую мову, чытанне, чалавек і свет, "Мая краіна – Беларусь". Ёсць і фізкультура. У некаторых школах можна выбіраць факультатывы.
Табеляў вучні не маюць, і адзнакі ім не выстаўляюцца. Бацькі могуць даведацца пра поспехі дзіцяці толькі ад яго самога ці калі прыйдуць у школу ды запытаюцца ў настаўніка.
Мабільнымі карыстацца ніхто не забараняе, а цацкі толькі вітаюцца, бо перапынкі паміж заняткамі 20 хвілін і дзецям трэба нечым займацца. Самі ўрокі доўжацца 35 хвілін. Іх усяго чатыры. Потым дзеці могуць заставацца ў групе прадоўжанага дня.
Не задаюць першакласнікам, у адрозненне ад амерыканскіх школьнікаў, заданні на дом. Не трэба ім і падручнікі насіць туды-сюды, яны застаюцца ў школе.
На занятках дзеці гуляюць
Прычым разам з настаўнікам.
Калі я спытала ў Лёшы пра амерыканскія гульні, ён пачаў расказваць пра заняткі:
− На фізкультуры мы гуляем у “верталёт”. Гэта калі настаўнік бярэ доўгую вяроўку, водзіць ёю вакол сябе і той, хто на яе наступіць, выбывае.
Беларускія дзеці звычайна завуць гэтую гульню “рыбкай”. Прынцып той самы: вядучы водзіць скакалкай, а ўдзельнікі павінны праз яе пераскокваць.
− А на матэматыцы мы робім вось што: бяром пластмасавую талерку і дзесяць манет. Адну частку кладзём наверх, а другую – падніз. І трэба адгадаць, колькі там унізе гэтых манет.
Заняткі доўжацца да 15-і гадзін. У 12 – абед. Кожнае дзіця выбірае само, што будзе есці, бо ў меню каля пяці страў.
На заняткі і пасля школы па дамах дзяцей развозіць спецыяльны школьны аўтобус. Ён жоўтага колеру і адразу выдзяляецца сярод іншага дарожнага транспарту. Праезд на ім бясплатны. Малыя дзеці заўсёды сядзяць на пярэдніх сядзеннях.
Як выглядаюць класы
У класе, дзе вучыцца Лёша, стаяць чатыры вялікія сталы. За кожным з іх звычайна сядзіць восем вучняў. Атрымліваецца, што ў класе 32 чалавекі. Але, напрыклад, з Лёшынага раду тры чалавекі перавяліся ў іншыя школы. Таму засталося 29 дзяцей. Прыкладна палова дзяўчынак і палова хлопчыкаў.
У гэтай школе Лёша правучыцца да 6 класа. Гэта школа толькі для пачаткоўцаў. Яна нават, для бяспекі школьнікаў, абнесеная калючым дротам. З шостага класа ён пяройдзе ў іншую школу – сярэднюю, затым – старэйшую. А на гэты час у яго ёсць мэта:
– Я хачу, каб у мяне былі ўсе адзнакі A. Бо ў мяне цяпер ёсць яшчэ тры B.
Разам з маці.
Настасся РОЎДА.
Фота забяспечана Настассяй РОЎДА.