Каго празвалі беларускім Раберціна Ларэцці?

Источник материала:  
02.10.2012 — Разное

Знаёмцеся: Ягор Жэшко! Яму дванаццаць гадоў. Займаецца ў эстрадна-вакальнай студыі прадзюсарскага цэнтра “Залатыя галасы” пры арт-групе “Беларусы”. Прыхільнік Мікалая Баскава, Вітаса і Рыкі Марціна, толькі за апошнія два гады хлопчык паспеў прыняць удзел у пяці міжнародных конкурсах, сярод якіх і “Дзіцячая новая хваля” ў Маскве, “Кубак Еўропы” і іншыя. Але, як прызнаецца яго кіраўнік Валерый Шмат, “зорак з неба не хапалі”. Хоць у інтэрнеце хлопчыка даўно празвалі беларускім Раберціна Ларэцці.

— Ягор доўга ішоў да перамогі на рэспубліканскім дзіцячым конкурсе “Песня для Еўрабачання”, — расказвае яго настаўнік, мастацкі кіраўнік арт-гурта “Беларусы” Валерый Шмат. — Калі толькі прыйшоў да нас у студыю, не ведаў нотнай граматы, не меў навыкаў паводзін на сцэне, але адразу ўразіў вакальнымі данымі. Доўга шукалі стылістычную “сцежку” на сцэне для Ягора. На песню “А мора-мора ...” нас вывела выкананне Ягорам песні з рэпертуару Раберціна Ларэцці “Джамайка”. Стылістычна мы выкарысталі яе ідэю. Думаю, што Еўропе нумар Ягора таксама спадабаецца. У яго вобразе мы захавалі яго прыродную сціпласць у рамках пэўнай культуры. Зараз адшліфоўваем нумар так, каб і чысціня інтанацыі, і ўменне працаваць з мікрафонам, і адчуванне стылістыкі — усё было на “выдатна”. Бо, вядома, у стрэсавых абставінах часта магчымасці пачынаючага артыста губляюцца. Але Ягор умее ў апошні момант сабрацца з сіламі і паказаць сябе з лепшага боку. Так, дзякуючы ўдзелу ў конкурсах, гартуецца сапраўдны талент.

У творчай скарбонцы Ягора сотні канцэртаў. Яго настаўнік заўсёды казаў, што рана ці позна ён павінен дасягнуць поспеху. Сакрэт методыкі Валерыя Шмата ў тым, што вартасці заўсёды сцэнічна вылучаюцца, а недахопы ўтойваюцца, і з кожным днём недахопаў становіцца ўсё менш. Валерый расказвае, што Ягор імкнецца стаць прафесійным артыстам: асвойвае тэхніку дыхання, займаецца ў музычнай школе па класе фартэпіяна. Ягор добра ўсвядоміў, што сапраўдны артыст павінен быць развітым усебакова. Імкнуцца ва ўсім дапамагчы Ягору яго бацькі. Рана разгледзелі вакальныя задаткі свайго сына, аднак да дзесяці гадоў хлопчык лічыў, што заняткі спевамі — справа не зусім сур’ёзная, адзначае яго мама Ірына Эдуардаўна.

— І сама ў дзяцінстве спявала, — гаворыць яна. — Аднак у наш час, каб развіваць свае здольнасці, не было такіх шырокіх магчымасцей, якія ёсць у дзяцей сёння. Нашы бацькі глядзелі, каб мы былі апранутыя, абутыя і добра вучыліся. Я стала эканамістам, тата Ягора — будаўнік. Але часта, збіраючыся за сямейным сталом, мы спяваем свае любімыя песні. Добра спявае і старэйшая сястра Ягора Алена. Цяпер мы ўсе разам падтрымліваем нашага хлопчыка. Зараз для яго пачынаецца нялёгкая пара — бясконцыя інтэрв’ю ў СМІ, сустрэчы. Для гэтага вучымся настройвацца на добры лад і будзем старацца прэзентаваць сябе з годнасцю!

 Даведка “НГ”
У міжнародным дзіцячым песенным конкурсе “Еўрабачанне-2012” у Амстэрдаме (Галандыя) прымуць удзел артысты з дванаццаці краін. Сярод канкурсантаў — Албанія, Арменія, Азербайджан, Беларусь, Бельгія, Грузія, Ізраіль, Малдова, Нідэрланды, Расія, Швецыя і Украіна. У гэтым годзе да спаборніцтва вакалу і харызмы далучыліся яшчэ тры краіны-ўдзельніцы — Ізраіль, Албанія, Азербайджан. Выбіраць самую яркую юную зорку Еўропы будзем 1 снежня.

←Какие еще законодательные меры, на ваш взгляд, способны усилить эффективность борьбы с пьянством?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика