ТАНКІ Ў ГОРАДЗЕ

Источник материала:  
10.07.2012 04:01 — Разное

Нядаўна патэлефанаваў жартаўнік калега і спытаў: «Ты чуеш грукат? Танкі ў горадзе!» Я адказаў, што на маёй вуліцы пакуль што не чуваць, але лязгання зброяй і без таго хапае ў прамовах з трыбун, на тэлебачанні, у кіно.

Тутэйшы рэжым згодна старой сталінскай модзе любіць мундзіры, парады, прывучае да іх памяркоўнае, застрашанае насельніцтва.

У Беларусі, дзе ў кожнай сям’і ў ХХ стагоддзі быў ці то забіты, паранены, зніклы без звестак, а часта і не адзін чалавек, дзе гадамі не высыхалі ад слёз падушкі ўдоў і сірот, дзе пастаянна гучыць заклінанне: «Толькі б не было вайны!», сёння лёгка знаходзяцца тысячы аматараў як пакрасавацца ў мундзірах перад публікай на трыбунах або пагрукаць па асфальце ботамі дзеля пазачарговай лычкі, зорачкі, так і паглядзець з разяўленым ротам на вайсковыя калоны. Як папугаі, далдонім трагічнымі, слязлівымі галасамі амаль на мяжы рыданняў адно, а робім іншае. Хто ж тады такія жыхары Беларусі? Пад жалезнай пятой савецкай і новай мілітарызацыі, пад ціскам аўтарытарызму і цынічнай, хлуслівай прапаганды многія з нас даўно сталі прытворшчыкамі, фарысеямі.

Мне, напрыклад, было смешна і прыкра, калі карэспандэнтка сталічнага тэлебачання ў рэпартажы з трэніроўкі ўдзельнікаў парада, аж захлёбваючыся ад штучнага (прафесія вымагае!) захаплення, сказала, што мерапрыемства можа «превзойти все ожидания», што рота ганаровай варты пакажа «настоящие строевые шедевры», што задзейнічаны 4.000 вайскоўцаў, 200 адзінак тэхнікі, 32 самалёты і верталёты. Ах якое дасягненне! Для аўтараў ваенізаванага відовішча няважна, што дзесяткі разоў у СССР, а затым і ў аўтарытарнай Беларусі ўсё гэта бачана-перабачана, што сёлета падставы для пампезнага парада, а значыць і для марнавання значных народных сродкаў, няма. Але рэжыму напляваць! Ён ідзе па слядах тырана Сталіна, які, каб захаваць сваю ўладу, запэўніваў савецкі народ: «Жить стало лучше, жить стало веселей!»

Тым не менш, дабрабыт насельніцтва Беларусі пагоршыўся. Нягледзячы на прапагандысцкія запэўніванні газет і тэлебачання, збяднелыя людзі не вераць у тое, што жыць ім стала лепш. Таму ўлада бярэ на ўзбраенне другую частку фразы вусатага дэмагога і забойцы. Насельніцтву пастаянна падсоўваюць хай сабе і зацяганыя, але патрэбныя для ідэалагічнай апрацоўкі відовішчы, яму загадваюць радавацца, весяліцца. Вось і разявакі з суседняй дзяржавы, якія выпадкова ўбачылі ў Мінску трэніроўку парада, заявілі: «Мы такого в России никогда не видели!»

Яшчэ ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя я не раз даказваў у друку, што ў нас няма ворагаў, што без’ядзернай Беларусі дастаткова невялікай, мабільнай, прафесійнай арміі, якая не будзе вісець хамутом на шыі народа. Сённяшняя шчодрасць і бескантрольнасць выдаткаў на сілавы блок, які пастаянна разрастаецца, пацвярджае справядлівасць майго меркавання.

Каго ў свеце можа напалохаць сваімі парадамі аўтарытарная Беларусь? Нікога! Рэжым скіроўвае свае паказы на тутэйшае грамадства. Па-першае, глядзіце, абарыгены, на моц арміі і перапаўняйцеся за яе гонарам, па-другое, сядзіце ціха, не вылазьце з пратэстамі на вуліцы і плошчы, помніце, што, акрамя міліцыі, спецслужбаў з дубінкамі і стралковай зброяй, у нас яшчэ маюцца вайскоўцы з ракетамі, танкамі, гарматамі, верталётамі, самалётамі.

Безумоўна, нягледзячы на пагрозы, страляць па людзях, як у Сірыі, дзе згодна слоў самога дыктатара Б.Асада ідзе «сапраўдная вайна», у Еўропе не выпадае. Калі такое адбудзецца, то ў любога тырана ляснуць накрадзеныя грошы і нерухомасць, ён не знойдзе прытулку ў нармальных людзей. А ў краінах, дзе правяць такія ж самыя крыважэрныя ўзурпатары, адбываюцца перавароты, там жыць няўтульна.

Але чым чорт не жартуе! Дзеля захавання ўлады таталітарны рэжым ідзе на жахлівыя злачынствы, сляды якіх хавае. Мы толькі праз многа гадоў даведаліся, што ў савецкі час у Новачаркаску і ў іншых рэгіёнах супраць мірных людзей ужывалася зброя, меліся забітыя і параненыя, але звесткі пра гэта былі строга засакрэчаны.

Грэцца каля чужой славы, здабытай вялікай крывёю, выкарыстоўваць яе ў асабістых карыслівых мэтах — гэта верх цынізму і подласці. Мы 67 гадоў жывем без вайны. Ад постсавецкіх краін патрабуюцца дасягненні не на ратным, а на мірным полі. Але іх амаль няма, пра што сведчаць сумныя жыццёвыя рэаліі Беларусі і Расіі — інфляцыя, няспынны рост коштаў на прадукты, тавары, лекі, камунальныя паслугі. Таму і хапаюцца кіраўнікі, як сляпы за плот, за ваенныя гульні…

Калі савецкія войскі ўвайшлі ў Чэхаславакію, якая паўстала, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі, пісьменнік, вучоны і праваабаронца Л. Копелеў пісаў 5 верасня 1968 года: «Трагедия чехов и словаков — трагедия героическая. Что бы еще там ни произошло, какие бы страшные, кровавые (не дай этого, Боже!) злодеяния ни совершились, навеки останется память о прекрасном, отважном и благородном сопротивлении целого народа, память о настоящей свободе, настоящей гражданской доблести… /…/ Все чехи и словаки, их дети и правнуки будут гордиться по праву. А наша трагедия — трагедия позора. И всего позорнее то, как относится ко всему происходящему большинство наших соотечественников, люди самых разных поколений и состояний, даже хорошие, даже умные, честные, прогрессивные…

Безответственность сверху донизу, рабская привычка к рабству, постыдная привычка ко лжи, к злодеяниям, равнодушие, самодовольный мелочный эгоизм, своекорыстное умничание, — лишь бы оправдать свою рабскую безответственность, свое трусливое самооплевывающее приспособление, свое бытие применительно к подлости, либо трусливое нежелание думать, страусиные прятки в песке той обычной жизни, которая оказывается страшной Анчаровой пустыней… Вот о них-то всех и надо сейчас думать. Как их научить стыдиться, думать не только о себе, — да и о себе по-иному — о своей совести, о судьбах детей, о страшных последствиях для них и для самих себя…»

Каму і чаму падабаюцца ваенныя гульні? Найперш тым, хто сам не ваюе, але задавальняе такім чынам уласныя амбіцыі, пускае на «гарматнае мяса» мільёны людзей. На іх моляцца ваенна-прамысловыя комплексы, гандляры зброяй. Яны жывуць пад лозунгам: «Вайна ўсё спіша!» Так яно і адбываецца. Вайна спісвае не толькі простыя памылкі, але і злачынствы, звязаныя з людскімі ахвярамі і матэрыяльнымі стратамі.

Але многае залежыць ад звычайных людзей. Звычайна мала хто з іх думае, што «халодная вайна» можа лёгка перарасц і ў «гарачую». Прытым актыўна ўдзельнічаць у ёй будуць тыя разявакі, якія любяць бегаць на ваенізаваныя масоўкі.

Беларусы і расіяне нарадзілі дзікунскі феномен — злілі ў сваіх душах з аднаго боку — страх, варожасць, а з другога — замілаванасць і любоў да ўсяго, што звязана з вайной. Я паказаў палітычныя і ідэалагічныя карані феномена. Псіхалагічныя, медыцынскія аспекты абсурднай з’явы могуць растлумачыць толькі спецыялісты.

Спыніць мілітарызацыю, перавесці сваю дзяржаву ў прывабны, разумны, стваральны праект могуць толькі самі грамадзяне.

…Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72).

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

←Конфеты “Лакомство”

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика