Нюансы працоўнага ваяжу

Источник материала:  
30.06.2012 — Разное

Слухачы беларускага радыё і нашы чытачы прызнаюцца, што аповеды пра тых, хто паехаў некуды з роднай хаты ў пошуках большага заробку і знік, прымушаюць сціскацца сэрца. З гэтым цяжка не пагадзіцца. Вось, да прыкладу, яшчэ адна гісторыя. Тамара Уладзіміраўна Дучко (у дзявоцтве Масюкевіч), якая нарадзілася ў вёсцы Ніўка Мядзельскага раёна, а зараз жыве ў Вілейцы, просіць адшукаць сына Івана Іванавіча Дучко, 1978 года нараджэння. 20 верасня мінулага года ён паехаў на заробкі на дрэваапрацоўчы завод у горад Асташкаў Цвярской вобласці і прапаў без звестак. “Калі хто бачыў, ці штосьці ведае пра высокага, хударлявага мужчыну з шэрымі вачыма і русымі валасамі, з татуіроўкамі ў выглядзе павука каля шыі справа і ў выглядзе пярсцёнкаў на пальцах абедзвюх рук, хай паведаміць стваральнікам радыёперадачы “Помні імя сваё”, ці ў рэдакцыю “НГ”, — просіць Тамара Уладзіміраўна.

Алена Мінаеўна Сонцава з вёскі Вымна Віцебскага раёна таксама шукае сына — Аляксандра Пятровіча Кірыленку, 1961 года нараджэння. Гісторыя падобная. У верасні 2008 года мужчына паехаў на заробкі ў Маскву і да гэтага часу невядома, дзе ён, што здарылася, чаму не падае пра сябе ніякіх вестак.

Колькі, здавалася, ужо сказана пра тое, што любыя працоўныя ваяжы за межы краіны трэба планаваць прадбачліва і асцярожна. Што ёсць фірмы, якія маюць ліцэнзію на гэты від дзейнасці. Што, перш чым адпраўляцца ў няблізкі свет, трэба пракансультавацца ў аддзеле па грамадзянству і міграцыі РУУС, абласным упраўленні ці дэпартаменце МУС. А таксама як мага больш высветліць пра патэнцыяльнага працадаўцу. Ды ўсё марна, большасць ваяжораў не жадаюць абцяжарваць сябе лішняй інфармацыяй. У выніку здараецца рознае.
Безумоўна, маці будуць шукаць і чакаць бясконца, але навошта ім такія выпрабаванні.

←Нікога не забыць

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика