Крынкі — крыніцы па-нашаму
Наша Беларусь багатая на мясціны, авеяныя паданнямі і легендамі, што выклікае павагу і гордасць за незвычайнае мінулае роднага краю. Ёсць такія мясціны і ў нас на Лёзненшчыне. Маўклівымі сведкамі мінуўшчыны выступаюць вёскі, крыніцы, горы, балоты, валуны, паэтычна ўплеценыя ў канву самабытных гісторый. Хаця Лёзненшчына не край блакітных азёраў, але многае тут звязана з вадою. Што і не дзіўна: аква — віта, вада — жыццё, як казалі старажытныя рымляне.
Жыхары Лёзненшчыны добра ведаюць вёску Крынкі. З глыбіні стагоддзяў да нашага часу дайшлі легенды пра гэтыя мясціны. Прыгожыя, працавітыя, сумленныя і шчодрыя людзі берагуць у сэрцах святую мудрасць прашчураў і далікатна перадаюць яе ўнукам і праўнукам.
Даўным-даўно, як сведчыць легенда, што перадавалася з пакалення ў пакаленне, на курганку, які знаходзіцца зараз амаль пасярэдзіне вёскі, з-пад зямлі выбілася крынічка, маленькая, ледзьве прыкметная. Чысцюткая і звонкая. Прыляталі сюды птушачкі напіцца вадзіцы ці звер, які падыходзіў ды з капытка піў...
Колькі часу так доўжылася — толькі сама крынічка і ведала. Зімою яна спакойненька цурчэла пад лёдам, пакінуўшы невялікую адтуліну для таго, хто захоча напіцца. А вясною, калі ажывала ўся прырода, то і крынічка станавілася надзіва вясёлай.
І вось аднойчы вясною на яе пастухі натрапілі. А яны, калі знойдуць дзе крынічку, абавязкова да ладу давядуць. І ў гэтым выпадку стары дзед-пастух загадаў малым падпаскам асцярожненька гэтую крынічку раскапаць, ачысціць яе ад пяску і ламачча, пашырыць ёй месца для вады. Потым яны зрабілі невялікі зруб над крынічкай, сплялі з бяросты карэц, павесілі яго на гольцы, каб любы чалавек пры выпадку змог напіцца.
З таго часу нямала гадоў мінулася. Тыя дзеці ўжо дарослымі сталі. А крынічку гэтую людзі вельмі любілі, бо вада ў ёй заўсёды была чыстая, празрыстая і надта прыемная на смак. Ды яшчэ ўлетку сцюдзёная, а зімою, нават у люты мароз, ніколі не замярзала. Да яе прыходзілі пакланіцца, а часам і паваражыць, каб зазірнуць у свой далейшы лёс, у сваю будучыню. І ў святыя, і ў будзённыя дні крынічку наведвалі, каб засцерагчы сябе ад хвароб. Крынічнай вадой аблівалі адзін аднаго, купалі дзяцей, бралі з сабою ваду, якая хуткім вірам змывала грахі, нагаворы, сурокі, ды і проста смутак...
Шчаслівая была крынічка, бо любілі і шанавалі яе ў народзе, ставіліся да яе з павагай. Ды жыў у тых краях пан, які вельмі ж не любіў ні звычаяў, ні показак, ні вопраткі мясцовых людзей, увогуле ці не ўсяго, што беларускае. Але, як толькі пан даведаўся, што крынічка карыстаецца вялікай папулярнасцю, адразу і захацеў на гэтым барыш займець. І тут жа загадаў ён, каб мясцовыя людзі збудавалі каплічку над крыніцай. Прыгожая такая, беленькая каплічка атрымалася, нібы яе хто фарбамі намаляваў. І вось пайшлі людзі на наступны дзень да крынічкі, а капліца на вялікі замок зачынена — да вады не падступіцца, хворым і тым падаць яе нельга. Паднявольныя, бяспраўныя сяляне мусілі змірыцца з панскай дурасцю. Але не змірылася сама крынічка. Яна схавала сваю ваду і неўзабаве ўвогуле знікла, перастала струменіцца з-пад зямлі. Толькі сухое каменне нагадвала, што некалі яна там была...
А праз некаторы час наваколле аббегла навіна — ажыла вада, знайшла сабе выйсце на паверхню, забіла крыніцамі, крынкамі па-нашаму, у многіх іншых месцах. Як і некалі — свежая, чыстая, смачная... Людзі ж, як вядома, заўжды сяліліся там, дзе была вада. Таму і вёску, якая пазней узнікла на пагорку, дзе былі крынічкі, назвалі Крынкі.
Чароўны і ўтульны куточак — Лёзненшчына. Нашы мясціны вабяць усіх, хто жадае адкрыць для сябе наш край, старонкі нашай гісторыі і сэрцам дакрануцца да казачнай прыгажосці нашых краявідаў. А легенды і паданні, як духоўная сувязь пакаленняў, пракладаюць дарогу да нас — нашчадкаў мудрых, прыгожых і мужных продкаў.