Легенды Цяхцінскага краю

Источник материала:  
12.05.2012 — Разное

Цяхцін... Так завецца надзвычай маляўнічая і даволі вялікая вёска на Магілёўшчыне, у Бялыніцкім раёне, якая складаецца з некалькіх пасёлкаў. Гэта — малая радзіма майго бацькі, куды бацькі пераехалі з Берасцейшчыны яшчэ ў шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Зразумела, што і для мяне Цяхцін стаў вельмі блізкім, можна сказаць, сваім. Цяхцін — па-свойму вёска славутая. У адным з яго пасёлкаў, як кажуць мясцовыя людзі, “на Крынках” калісьці нарадзіўся вядомы мастак Бялыніцкі-Біруля, яму і помнік адкрылі
на беразе Друці. Трапіць туды можна па даволі яшчэ шырокай дарозе, абсаджанай магутнымі бярозамі. Дык вось кажуць, што некалі якраз па ёй ехаў у Магілёў Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. І яшчэ... неаднойчы чула ад сваёй бабулі, што
на пачатку Вялікай Айчыннай вайны, падчас легендарнай абароны Магілёва, вада ў хуткаплыннай Друці была чырвоная-чырвоная ад крыві. Шмат людзей палягло на гэтай зямлі, абараняючы яе. Здаралася, што задавалася я і пытаннем: адкуль жа паходзіць такая нязвыклая назва вёскі, калі наўкол Асавец, Каліноўка... І вось толькі цяпер атрымала адказ з тых легенд, якія даслала на конкурс “ НГ” Людміла Усава.

Раіса БАРАВІКОВА

“Народная газета” шчыра віншуе Раісу Баравікову з юбілеем. Зычым Вам, шаноўная Раіса Андрэеўна, здароўя, плёну і натхнення!

Пра маладога пана і сялянскую дзяўчыну

Некалі, у даўнія часы праз нашу вёску Цяхцін цягнуўся паштовы тракт. Па ім і карэты з багатымі вяльможамі ездзілі. І вось аднойчы ехаў па гэтым тракце малады пан з маладой сялянскай дзяўчынаю ў залатой карэце. Яны збеглі ад бацькоў, бо дзяўчына была сялянкаю, і бацькі паніча не пагадзіліся на іхні шлюб. Таму і праклялі сына і гэтую дзяўчыну. І вось, калі маладыя ехалі па нашай мясцовасці (людзі месца гэта называюць “Пяньковішча”), глеба расступілася, і карэта правалілася пад зямлю. І на гэтым месцы тут жа забілася, забруілася крыніца. Вада там заўсёды чыстая і халодная. Чыстая, таму што каханне маладога пана і сялянскай дзяўчыны было чыстае, а халодная — ад багацця залатой карэты. Старыя людзі кажуць: хто адкапае залатую карэту, будзе век шчаслівы. Цяхцінцы крыніцу абгарадзілі, акультурылі. І ўлетку, у час сенакосу, крыніца ратуе іх ад спякоты і смагі.

Адкуль пайшла назва вёскі Цяхцін

Было гэта даўно. Праз нашу вёску цяклі дзве рэчкі Цях і Ціна. І вось у месцы, дзе рэчкі зліваліся ў адно рэчышча, пачалі сяліцца людзі. Вёску, якая ўтварылася, пачалі называць Цяхцін, а людзей — цяхцінцамі.
Але існуе і яшчэ адна легенда. Праз нашу вёску цякла рэчка Цях. Яна выцякала з крыніцы, што знаходзілася ў лесе, у бары, па дарозе на вёску Заполле. Але міналіся гады, рэчка мялела, ды і крыніца тая згубілася. І ў хуткім часе рэчка Цях зарасла цінай. У рэчышчы пасяліліся людзі, вось і пачалі яны называць сваё паселішча — Цяхцін.

Людміла УСАВА

←“Пернатый” сезон на финише

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика