ЯК ТРУС, У ПАШЧУ ЎДАВА ПАЎЗЕ-ПІШЧЫЦЬ ДЗЯРЖАВА
Беларуская і расійская авіякампаніі дагэтуль не знайшлі пагаднення, як падзяліць паветраныя зносіны паміж Масквой і Мінскам…
Здавалася б, такая дробязь:
Не падзялілі «монстры» два,
Які з іх болей рэйсаў зробіць
Па небе-мосце «Мінск—Масква».
Што ж «монстраў» тых
магло прымусіць
Такую распачаць вайну?
Ды грошы немалыя, мусіць,
Стаяць, як кажуць, на кану.
У гэтай непрыгляднай звязе,
Нібыта ў кропельцы вады,
Адбілася, што ў нашым Звязе
З Расіяй
Мецьмем мы заўжды.
Яна, імперыя, гатова
На ўсё,
Нас праглынуць абы.
Спярша няўзнак на пажыццёва
Пазбавіліся мы «трубы».
Затым пазыркваць сталі хціва
На НПЗ, БелАЗ і МАЗ…
— Інакш, — сказалі
(Што не дзіва), —
«Адключым» заўтра танны газ.
Бягуць у край наш захудалы
Скупляць кватэры і дамы.
І, нібы трус, у пашчу ўдава
Пішчым-паўзём сягоння мы.
І гонар наш — раўня капейцы,
Мы нібы парабкі ў вяльмож.
Таму й «Белавія» расейцы
Не ставяць, мовіць так, у грош.
* * *
Хоць нас нястача падкасіла,
Ды мо падумае народ,
Ці варта сёння нам з Расіяй
Ісці ў адзіны «самалёт»?..
Алесь НЯЎВЕСЬ