Адам з сялян
Бацька Максіма Багдановіча быў не толькі выдатным этнографам, але і цікавым мемуарыстам.
У панядзелак усе краіны будуць адзначаць Сусветны дзень кніг і аўтарскага права. Чаму менавіта 23 красавіка? Як аказалася, дата мае пэўную сімволіку. У гэты дзень у 1616 годзе з жыцця сышлі такія значныя асобы ў сусветнай літаратуры, як Мігель дэ Сервантэс, Вільям Шэкспір і Інка Гарсіласа дэ ла Вега. Таму менавіта 23 красавіка Генеральная канферэнцыя ЮНЕСКА вырашыла сямнаццаць гадоў таму аддаць даніну павагі кнігам і аўтарам, заклікаючы ўсіх, і асабліва моладзь, знаходзіць задавальненне ў чытанні і паважаць унёсак тых, хто садзейнічаў сацыяльнаму і культурнаму прагрэсу чалавецтва. Будзе адзначацца гэты дзень і ў нашай краіне. Сёлета ён мае асаблівае значэнне: 2012-ы аб’яўлены Годам кнігі ў Беларусі. А гэта — яшчэ больш чытацкіх флэш-мобаў, сустрэч з аўтарамі і, вядома, новых кніг. Вось і напярэдадні свята выйшла яшчэ адно цікавае выданне — “Я всю жизнь стремился к свету”. На першы погляд — звычайная кніга. Але толькі ў тым выпадку, калі не ведаеш, што аўтарам яе з’яўляецца не хто іншы, як бацька вядомага беларускага паэта Адам Багдановіч.
Калі мы чуем прозвішча Багдановіча, то ў першую чаргу ўзгадваем Максіма — нашага таленавітага земляка, аўтара бессмяротных “Зоркі Венеры”, “Слуцкіх ткачых” і іншых паэтычных твораў. А што мы ведаем пра іншага Багдановіча — Адама Ягоравіча, акрамя таго, што ён быў бацькам Максіма?
— Выдатная асоба Максіма крыху засланіла сабой творчасць бацькі, — гаворыць складальнік кнігі Аляксандр Вашчанка. — Але, паверце, гэта быў чалавек, варты таго, каб яго ведалі і пра яго гаварылі.
Нарадзіўшыся ў невялікай вёсцы Халопенічы (зараз Крупскі раён Мінскай вобласці) у сям’і простых прыгонных сялян, Адам Ягоравіч здолеў выбіцца ў людзі. Ён стаў пачынальнікам інтэлігенцкага пакалення Багдановічаў. Яшчэ падчас вучобы ў Нясвіжскай семінарыі арганізаваў гурток самаадукацыі, пачаў збіраць фальклорна-этнаграфічны матэрыял. Працаваў настаўнікам, загадчыкам вучылішча, дырэктарам бібліятэкі, служачым банка, удзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці Беларусі і Расіі. Быў карэспандэнтам выдатнага фалькларыста Паўла Шэйна, часам выступаў у перыядычным друку з артыкуламі па гісторыі і этнаграфіі. Аднак з маштабных прац пры жыцці Адама Ягоравіча свет пабачыла толькі адна.
— З кнігай “Пережитки древнего миросозерцания у белорусов”, якая выйшла ў 1895 годзе, я пазнаёміўся гадоў дзесяць назад, — расказвае Аляксандр Вашчанка. — Праца найцікавейшая. Але ж Адам Ягоравіч і іншага чаго шмат пісаў. У архіве Літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча змяшчаецца каля 1300 матэрыялаў, напісаных рукой Адама Ягоравіча. Аднак пры жыцці этнографа амаль нічога не было надрукавана. Сумесна з музеем вырашылі аддаць даніну павагі бацьку паэта і выдаць кнігу яго твораў. Паспрабавалі ўціснуць у адно выданне — не атрымалася. Адны ўспаміны Адама Ягоравіча займаюць 800 старонак рукапіснага тэксту! Вырашылі зрабіць двухтомнік. Таму ў выдання “Я всю жизнь стремился к свету”, якое, дарэчы, пабачыла свет напярэдадні 150-годдзя аўтара, яшчэ будзе працяг.
Кнігу Адама Багдановіча па праву можна назваць энцыклапедыяй сялянскага жыцця беларусаў XIX — пачатку XX стагоддзя. Выхадзец з простых сялян, ён знутры паказвае жахі прыгону, расказвае, як ён, сялянскі хлопчык, прабіваўся ў людзі, апісвае традыцыі беларусаў таго часу. Дзеля чаго? Гэта тлумачыць сам аўтар: “Моих потомков главным образом я имею в виду, когда пишу эти воспоминания. Пусть они ведают, как жили, боролись за кусок хлеба, страдали и радовались их предки”.
— На прыкладзе сваёй сям’і, сваіх блізкіх Адам Ягоравіч расказвае нам пра гісторыю і побыт усіх беларусаў, — гаворыць стрыечная ўнучка Адама Багдановіча Вольга Дашкоўская, якая жыве ў Касарычах Глускага раёна, адкуль паходзіць бацька этнографа. — Для мяне асабліва блізкая тая частка, дзе ён піша аб сваёй радні з боку бацькі. Вы ўяўляеце, як мне цікава чытаць пра сваю пра-пра-прабабулю Арыну Іванаўну, бабулю Адама Ягоравіча, якая любіла народныя казкі і песні, як здзіўлялася мове, якая ў нас, у Касарычах, існавала. Да прыкладу, да сёння ў нас на карову гавораць — тавар. Ведаю, родныя з Касарычоў любілі Адама Ягоравіча, хоць стасункі з ім былі мінімальныя. Ён жыў то ў Гродне, то ў Ніжнім Ноўгарадзе, то ў Яраслаўлі. А раней камунікацыя была зусім не тая, што сёння. Затое, ведаеце, што цікава, у нашай сям’і многія зваліся Адамамі — раней было прынята даваць імёны сваякоў.
Успаміны Адама Ягоравіча, думаю, будзе цікава пачытаць многім. Даведацца, што бабуля Максімкі валодала выдатнымі матэматычнымі здольнасцямі — да прыкладу, з лёгкасцю магла ўзвесці лічбу 7 у пятую ці шостую ступень. Паслухаць, якую першую трагедыю прыйшлося перажыць малому Максіму. Яму месяцы два было, калі Марыля, першая жонка Адама і маці Максіма, выкупаўшы хлопчыка, вырашыла прысыпаць яго дзе трэба. Папрасіла сястру пасвяціць. Тая падышла з лямпай ззаду, і раптам цыліндрычнае шкло трэснула... і трапіла на жывоцік Максімку. Пузыр уздуўся памерам з далонь. Два месяцы пасля таго здарэння, успамінае Адам Ягоравіч, яго сябра — урач прыходзіў рабіць малому перавязкі.
А колькі яшчэ рэдкіх фактаў можна прачытаць ва ўспамінах Адама Ягоравіча. І не толькі тых, што датычацца яго сям’і. Так, у наступным томе, абяцаюць складальнікі і выдаўцы кнігі, будуць змешчаныя ўспаміны Багдановіча-старэйшага пра яго сваяка Максіма Горкага (яны былі жанатыя на двух родных сёстрах), біяграфія Максіма Адамавіча, складзеная яго бацькам, матэрыялы з гісторыі партыі “Народная воля” і іншая цікавая інфармацыя, напісаная каля ста гадоў таму.