Свята ў стылі этна
Каля тысячы прадстаўнікоў трыццаці трох нацыянальнасцей, што пражываюць у Беларусі, прыедуць у Гродна на Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які плануецца правесці 1—3 чэрвеня. Аб гэтым было заяўлена на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню фестывалю, што прайшло пад старшынствам міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі.
Тры дні горад над Нёманам будзе нагадваць адну вялікую канцэртную залу пад адкрытым небам. Акрамя тэатралізаванага шэсця ўдзельнікаў форуму па вуліцах горада, запамінальнымі абяцаюць быць візітоўкі кожнай нацыянальнасці, што прадэманструюць асаблівасці сваіх культур на стылізаваных падворках, якія сёлета аб’яднае тэма вясны.
Каб прыняць удзел у рэспубліканскім свяце, аматарскім калектывам з розных куткоў Беларусі патрэбна было прайсці адборачны тур. А выбраць лепшых з лепшых, па словах журы, было не так проста. Усяго ў кастынгу прынялі ўдзел больш за 2 тысячы чалавек з 67 раёнаў краіны. Сваё майстэрства яны пакажуць падчас шматлікіх канцэртаў. Традыцыйна ў Гродна з’едуцца народныя майстры са сваімі шыкоўнымі вырабамі з саломкі, дрэва, скуры, лёну, бавоўны, падзівіцца на якія можна будзе ў час выстаў-кірмашоў. І на гэты раз не абыдзецца без дэгустацый страў нацыянальнай кухні. Упершыню на свяце адбудзецца пленэр мастакоў, што прадстаўляюць розныя нацыянальнасці нашай краіны. Яны паспаборнічаюць адзін з адным у конкурсе на найбольш пранікнёнае адлюстраванне відаў сучаснага Гродна.