Няхай загавораць пра Каліноўскага

Источник материала:  
20.02.2012 — Разное

На Вілейшчыне нямала помнікаў, якія нагадваюць пра паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Зусім хутка, 22 студзеня наступнага года, споўніцца  150 гадоў ад пачатку таго паўстання. Рыхтавацца да гэтай падзеі трэба разам! − Каго любіш?
− Люблю Беларусь!
− То ўзаемна.
Вось знакаміты пароль, якім карысталіся касінеры Каліноўскага. А ці ўзаемная тая любоў Беларусі да сваіх змагароў-патрыётаў?
Згадваюцца словы паўстанцкага кіраўніка Вілейскага павета Вінцэнта Козел-Паклеўскага: “Няхай не мы, але нашыя косці будуць змагацца за лепшую долю гэтага краю!”  
Вы скажаце, што рана пра гэта пісаць, але часу заўжды бракуе. А яшчэ процьма спраў, якія неабходна давесці да ладу, каб годна ўшанаваць памяць пра тых “хвацкіх хлапцоў-касінераў”. Яны не баяліся ўзяць у рукі зброю і пайсці змагацца за лепшую долю Бацькаўшчыны, нават калі і здагадваліся аб тым, што паўстанне чакае параза.
Можна шмат часу спрачацца, якім было тое паўстанне, ламаць дзіды, але лепш пакінем тыя спрэчкі навукоўцам-гісторыкам. У нас іншыя мэты.
На абшарах Вілейскага раёна засталіся маўклівыя сведкі тых падзей − гэта дзве магілы загінуўшых паўстанцаў. Адна каля вёскі Уладыкі, другая − у Куранцы. Стаіць і капліца-пахавальня Козелаў-Паклеўскіх у былым маёнтку Сэрвач. Існуюць згадкі і пра іншыя магілы паўстанцаў на Вілейшчыне, але пакуль гэтая тэма недастаткова распрацаваная.
Вядома, што ў Ільі да 50-х гадоў мінулага стагоддзя на плошчы стаяла капліца-помнік, пабудаваная ў 1930-х гадах у гонар загінуўшых “інсургентаў”. У той капліцы была мемарыяльная пліта з выбітымі прозвішчамі паўстанцаў з аддзела Вінцэнта Козел-Паклеўскага, якія загінулі ў баі каля вёскі Уладыкі. Мясцовыя расказваюць, што ў 30-я школьнікаў прыводзілі да гэтай капліцы на Дзень памяці і распавядалі пра тыя падзеі ды герояў-змагароў.
Капліца ў вёсцы Ілья, прысвечаная паўстанцам 1863 года.


Сёння мы маем некалькі здымкаў той капліцы, але, на жаль, на іх не бачна пліты з прозвішчамі. Магчыма, нехта з чытачоў штосьці ведае пра тыя помнікі ці мае старыя фотаздымкі, на якіх можна разгледзець прозвішчы паўстанцаў? Будзе цудоўна, калі атрымаецца аднавіць спіс тых змагароў. Хай ўжо, у рэшце рэшт, магілы загучаць, няхай распавядуць нам пра тое паўстанне і яго ўдзельнікаў.
Стэла ў вёсцы Куранец у гонар паўстанцаў.


Прынамсі, гэтыя помнікі маглі б зрабіцца цікавымі кропкамі на турыстычнай карце Вілейшчыны. Дый зрабіць трэба для гэтага няшмат: усталяваць інфармацыйныя дошкі, указальнікі, распрацаваць маршрут. Тады не сорамна будзе паказаць тыя помнікі не толькі суайчыннікам, але нават і замежным гасцям.
Мы даглядаем польскія, нямецкія, нават французскія могілкі − шмат чужынцаў хадзіла па нашай зямлі. Гэта сведчыць пра нашу выхаванасць, павагу да гістарычных каштоўнасцяў і да гісторыі свайго краю. Але чамусьці магілы сваіх землякоў, суайчыннікаў, якія змагаліся за гэты край, мы сарамліва абыходзім бокам…
Зміцер ХАЦЕНЧЫК, сябра Вілейскага “Таварыства аховы помнікаў”.

←Отряд особого назначения

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика