Глыбокія карані

Источник материала:  
18.08.2011 — Разное
Археолагі распачалі раскопкі на тэрыторыі Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра — аднаго са старэйшых на Беларусі
Глыбокія караніМанастыр, нагадаю, месціцца ў маляўнічым кутку Навагрудчыны. Раскопкамі кіруе доктар гістарычных навук з Мінска, прафесар Сяргей Рассадзін. Як высветлілася, работы вядуцца там, дзе раней стаяў манастыр, па прапанове цяперашняга яго ігумена іераманаха Яўсевія. Разам з прафесарам працуюць валанцёры, студэнты Горацкай сельгасакадэміі. Дапамагае Сяргею Яўгенавічу і Генадзь Рызнавокі, выкладчык Светлагорскага індустрыяльнага каледжа: ён улюблёны ў археалогію, таму свой адпачынак “ахвяруе” раскопкам. Разам едзем праз вёску Лаўрышава, міма прыгожай драўлянай Свята-Успенскай царквы, у прынёманскую вёску Гнесічы. Драўляны мост цераз Нёман — і вось яна, святая зямля манастыра. Адметнае месца выбралі продкі пад абіцель: сасновы бор на ўзгорку, чыстыя воды бацькі-Нёмана, хвойным водарам поўніцца паветра... На фоне сосен маляўніча глядзіцца манастырская Свята-Елісееўская царква. Айцец Яўсевій ахвотна расказаў пра наваколле, цяперашняе жыццё манахаў, а летапісец Феадосій шмат цікавага паведаміў пра гісторыю Лаўрышаўскага манастыра — і цяжкую, і трагічную, як і ва ўсёй Беларусі. Шмат святыняў нашых у выніку жорсткіх войнаў былі зруйнаваны, многія і не адрадзіліся. А вось Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр перажыў ажно тры адраджэнні.

Пачатак — ад пляменніка Міндоўга
Звесткі пра манастыр ёсць у летапісах Вялікага Княства Літоўскага, “Хроніцы М. Стрыйкоўскага”, шматлікіх працах рэлігійных дзеячаў ХVІІ—ХVІІІ стагоддзяў. У Іпацьеўскім летапісе — запіс 1262 года, там гаворыцца, што заснаваў манастыр на беразе Нёмана сын Літоўскага князя Траняты, плямяніка Міндоўга, прападобны Елісей Лаўрышаўскі каля 1225 года. Глыбокія караніДарэчы, то была на той час самая крайняя праваслаўная абіцель на захадзе язычніцкай тэрыторыі. Паступова асяродак культавага жыцця стаў адным з буйнейшых на Беларусі, атрымаў назву Лаўра. Гэта — адзіная вядомая на сёння Лаўра ў гісторыі Беларусі. А сам прападобны Елісей Лаўрышаўскі ў 1250 годзе быў забіты звар’яцелым паслушнікам, мошчы святога Елісея з таго часам пачалі славіцца шматлікімі цудатварэннямі.
У ХІІІ–ХІV стагоддзях манастыр быў летапісным цэнтрам ВКЛ. Вядома, што менавіта там у 1329 годзе было створана летапіснае Лаўрышаўскае Евангелле — помнік беларускага кнігапісання. Каштоўнасць цяпер знаходзіцца ў польскім Кракаве, у прыватнай бібліятэцы-музеі Чартарыйскіх. У ХVІ стагоддзі пачасціліся набегі на нашы землі крымскіх татар. Спустошыўшы ў 1508-м наваколлі Наваградка, яны, ведаючы пра багацці манастыра, наблізіліся і да Лаўры. Але, як сведчыць легенда, татарам падалося, што ў манастырскім двары стаіць вялікая конніца, і яны кінуліся наўцёкі. Падзея тая стала нагодай для кананізацыі прападобнага Елісея на Віленскім саборы ў 1514 годзе. На той перыяд прыпадае і росквіт манастыра: там дзейнічала школа, меліся багатая бібліятэка і друкарскія майстэрні.
Мірнае жыццё абіцелі перапыніў паўторны набег татар: манахі былі забіты, каменныя пабудовы манастыра — зруйнаваны. Дарэчы, мошчы прападобнага Елісея і маёмасць манастыра паспелі тады схаваць у зямлю, і яны пакуль не знойдзены. Першае адраджэнне манастыра пачалося ў другой палове ХVІ стагоддзя ў межах вёскі Лаўрышава. На пачатку ХVІ стагоддзя манастыр перайшоў да ўніятаў: там працавала ўніяцкая семінарыя, з 1615 года дзейнічаў базыльянскі манастыр. Новыя пабудовы, у межах ужо праваслаўнага манастыра, з’явіліся ў канцы ХVІІІ стагоддзя. Была ўзведзена побач з манастыром драўляная Свята-Успенская царква, якая дзейнічае і цяпер, брацкі корпус, цагляныя будынкі для бібліятэкі, архіва і склада. Ды паступова, з-за розных абставін, манастыр прыйшоў у заняпад: у 1836-м яго зачынілі, храм стаў прыходскім.

Час шукаць камяні
Сёння ад тых манастырскіх будынкаў, акрамя царквы, нічога і не засталося. На руінах і праводзяцца археалагічныя даследаванні. Робіцца раскоп плошчай крыху больш за 30 квадратных метраў, а магутнасць культурнага слою там — каля метра. Найчасцей знаходзяць кераміку: фрагменты непаліванага, дымленага і паліванага керамічнага посуду. Сабрана шмат фрагментаў кафлі, некаторыя — з геральдычнымі выявамі, ёсць рэшткі пляшак самаробнага вырабу з рознай таўшчынёй шкла. Усе знаходкі пакуль з ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзяў. Знойдзена некалькі манет царскай Расіі. На падставе знаходак можна сцвярджаць, што ў той час манастыр яшчэ існаваў. Глыбокія карані
Другое адраджэнне Лаўрышаўскага манастыра пачалося ў 1913 годзе. На месцы старажытнай абіцелі намаганнямі князя Храптовіча-Буценёва была асвечана царква ў імя прападобнага Елісея, брацкі корпус і дом для паломнікаў. Аднак у часы Першай сусветнай вайны ўсе будынкі манастыра зноў былі зруйнаваны. У царкву трапіў нямецкі снарад, і яна была ўшчэнт разбурана. На месцы абіцелі засталася толькі брацкая магіла салдатаў і афіцэраў рускай арміі.
І толькі амаль праз 80 гадоў, у 1993 годзе, гэтае святое шматпакутнае месца было асвечана архіепіскапам Беластоцкім і Гданьскім Савай, епіскапам Навагрудскім і Лідскім Канстанцінам. Так пачалося ўжо трэцяе адраджэнне святыні. На падмурках разбуранай царквы ўзведзена новая, цагляная Свята-Елісееўская, побач з ёй устаноўлены помнік прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму. На месцы згарэлага ў 2008 годзе брацкага драўлянага корпуса цяпер узводзіцца новы, капітальны будынак.
Пра новае жыццё манастыра пайшла пагалоска, яго наведваюць усё новыя паломнікі, хросныя хады збіраюць сотні людзей. Як паведаміў айцец Яўсевій, адраджэнне манастыра — гэта і стварэнне цэлага комплексу для рэабілітацыі людзей, якія аказаліся ў складаных жыццёвых абставінах. У прыватнасці, тут змогуць знайсці прытулак тыя, хто згубіў надзею ў жыцці, спрабуе пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці. Пры манастыры плануецца пабудаваць майстэрні, у якіх людзі змогуць займацца рамёствамі.
Пад час размовы з айцом Яўсевіем я заўважыў: твар у яго прыветны, адкрыты. Падумалася, можа, гэткай адкрытасці, цеплыні зносін шукаем і мы, ідучы да людзей веры? Хочацца спадзявацца, што ўсе задумы манаскага брацтва, якое вядзе гісторыю з сівой даўніны, здзейсняцца.

Лявон Целеш

←600 лошадей в одной упряжке

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика