Кветкi для бацькi

Источник материала:  
27.01.2011 — Разное

Мы з Валерам чакалi госцю ля касы Лепельскага чыгуначнага вакзала. Менавiта тут дамовiлiся з ёю сустрэцца. Нi разу не бачыўшы, павiнны былi пазнаць яе па куртцы бэзавага колеру. Цягнiк прыйшоў дакладна па раскладу. З вагона выйшла немаладая, але даволi рухавая жанчына i шпарка падалася нам насустрач. Вось мы i пазнаёмiлiся. Найперш зазiрнулi ў кветкавую краму. Госця выбрала самыя прыгожыя кветкi — пунсовыя гваздзiкi, якiя павязе на магiлу бацькi.

Да Слабады ехаць недалёка. Спынiлiся ля мясцовай школы. Тут працуе Валера. Гэта я маладога хлопца ды земляка заву па iменi. А ў Слабадзе ён паважаны чалавек — настаўнiк Валерый Уладзiмiравiч Тухта. Ён стварыў тут гiстарычны музей.

У невялiкiм пакойчыку, напоўненым экспанатамi, шчыльна зашторана адзiнае акно. Здзiўлена пытаюся: навошта? Аказваецца, дзеля таго, каб... дзённае святло не папсавала рэдкiя дакументы — сведчаннi эпохi Вялiкай Айчыннай вайны. За кожным дакументам, сабраным тут, стваральнiк i небезуважны захавальнiк музея бачыць лёс канкрэтнага чалавека.

Валерый — чалавек не проста неардынарны. Ён з тых нямногiх людзей, якiя не падобныя да звычайных сваiх сучаснiкаў. Цi багата знойдзецца трыццацiгадовых, хто не проста цiкавiўся б, а лiтаральна жыў падзеямi мiнулай вайны? Валера мае шмат адрасоў родных i блiзкiх герояў, вядзе перапiску з iмi i перазвоньваецца.

Да пошукаў падключыў вучняў, стварыўшы гiсто­рыка-патрыятычны гурток “Спадчына”. Ужо не адно пахаванне з iх лёгкай рукi перастала быць безыменным. Яны таксама ўстанавiлi месца, дзе пахаваны бацька Ларысы Мiкалаеўны Карнюшынай. Жанчына прыехала на Лепельшчыну з Омска, за чатыры тысячы кiламетраў, каб ускласцi чырвоныя гваздзiкi на магiлу самага дарагога чалавека.

Цяпер у школьным музеi ў Слабадзе будзе яшчэ адзiн рарытэтны фотаздымак даваеннага часу. Ларыса Мiкалаеўна беражлiва дастала фатаграфiю бацькi:

 — Гэта вам, Валерый, для музея. У нас дома яшчэ ёсць. Забылася як на тое прывезцi пахавальную, якую мама атрымала пасля вайны. Праўда, копiя. Арыгiнал трымаюць там, у Омску, у архiве.

Валера ў сваю чаргу паказвае ёй альбом. Тут — сведчанне аднаго з партызан брыгады “Чэкiст” Паўла Свiрыдава, якi стаў вiдавочцам гiбелi яе бацькi. Восенню 1943 года ў атрад прыехаў сувязны, малады хлопец, бацька Ларысы Мiкалаеўны. Але аднойчы ў час сутычкi з гiтлераўцамi яго смяротна паранiла асколкам снарада, увесь твар быў пасечаны i залiты крывёй. Разам з партызанам Уладзiмiрам Жарнасекам яны данеслi параненага да блi­жэйшай вёскi Свядзiца, а адтуль на канi прывезлi ў хату да жыхара вёскi Свяда Грыдзюшкi. На жаль, тут сувязны i памёр.

Прыгадала Ларыса Мiкалаеўна даўнiну: тое, што ведала ад родных пра жыццё сваiх бацькоў.

Напярэдаднi вайны яны пажанiлiся, але хутка лёс iх разлучыў. Мацi падалася да сваiх бацькоў у вёску Шапчына на Талачыншчыну, бацька ж застаўся ў Баранi. Гэта i ўратуе сям’ю, калi ён урэшце пойдзе ў партызаны. Мiкалай прыязджаў да жонкi, дзе пазнаёмiўся з яе братам Ларывонам Чаркасавым, заслужаным настаўнiкам БССР. Той жыў кiламетраў за дваццаць, у Сакалянцы. Па тым часе Ларывон Карпавiч ужо быў сувязным у партызан, з якiмi неўзабаве звёў i Мiкалая. Бабуля адгаворвала:

— Коля, не iдзi.

— А як я буду людзям у вочы глядзець?

I пайшоў. У Шапчыне ўсё цiшком абышлося: чалавек прыезджы, Мiкалай тут мала з кiм быў знаёмы. А вось у Баранi хтосьцi даведаўся, што Есiповiч у партызанах. Бабулю арыш­тавалi, дапытвалiся:

— Дзе твой бандыт?

А яна смела адказвала: 

— Мой Коля загiнуў.

Паверылi. Адпусцiлi. Каб ведала яна, што наканавала сыну смерць... Схапiлi i Ларывона Чаркасава, люта здзеквалiся, бiлi галавою аб сцяну. Але ён таксама не выдаў.

На той час ужо нарадзiлася дачка. Мiкалай сам захацеў назваць яе Ларысаю. А калi развiтваўся, iдучы ў партызаны, моцна абняў i пацалаваў. Як адчуваў, што развiтваецца назаўсёды.

Ларыса Мiкалаеўна не памятае бацькi, адно па расказах. Пасля вайны яна выйшла замуж за расiянiна Iлью Карнюшына, якi на той час працаваў на ваенным заводзе ў Баранi механiкам, i з’ехала з iм у Омск. Там i прайшлi яе сталыя гады. Вывучылася на медсястру, нарадзiла двух сыноў, дачакалася ўнукаў.

Едзем яшчэ да адной сведкi трагiчных падзей Вольгi Фёдараўны Кузьмiч. Валера паказвае на яе хату. I не падумаеш, што жыве тут адзiнокая васьмi­дзесяцiгадовая бабуля. Памяць у старой — дай Бог кожнаму. Хоць было гэта даўно, але памятае Вольга пра трагiчныя старонкi вайны. Узгадала i таго юнака з брыгады “Чэкiст”, якога прывезлi партызаны ў вёску з лесу. Яны, дзецi, прыбягалi ў хату да Iвана Грыдзюшкi, каб паглядзець ды развiтацца з нябожчыкам. З твару яго было не пазнаць – пасля выбуху нiводнага цэлага месца не засталося. Хавалi народнага мсцiўца вяскоўцы: памылi, паклалi ў труну, якую тут жа зрабiлi старэйшыя з мужчын. I завезлi на могiлкi.

Госця ўдзячная шчырым лепяльчанам за клопат i за памяць пра бацьку. Удзячная яна i расiянам, жыхарам Омска, якiя стварылi грамадскае аб’яднанне “Сiроты вайны”. Дзякуючы яго фонду знайшлася магчымасць на схiле веку наведаць бацькаву магiлу за тысячы кiламетраў. Не тоiць жанчына сваёй удзячнасцi i апантанаму настаўнiку-даследчыку Валерыю Тухту, якi не толькi знайшоў месца пахавання яе бацькi-партызана, але i паведамiў пра гэта родным Мiкалая Есiповiча.

Акуратна ў мяшэчак насыпае омская госця святой зямелькi з бацькавага ўзгалоўя. Павязе на магiлу мацi, на Аршаншчыну, павязе беларускую зямлю i ў далёкую Сiбiр. Павязе з Беларусi светлую памяць пра тых, хто змагаўся i перамог, добрую памяць i ўдзячнасць настаўнiку Валерыю Тухту i яго юным паплечнiкам.

P.S. За актыўны ўдзел у краязнаўчай i пошукавай рабоце па ўвекавечаннi памяцi ўдзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны двое сяброў гуртка “Нашчадкi” Слабадской СШ Раман Каралёў i Аляксандр Аўтушка нядаўна атрымалi ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыi Вiцебскага аблвыканкама. Кiраўнiк гуртка Валерый Уладзiмiравiч Тухта ўзнагароджаны юбiлейным медалём “65 гадоў Перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў”.

На здымку: омская госця Ларыса КАРНЮШЫНА: праз семдзесят гадоў на магiле бацькi.

Фота: Уладзiмiр МIХНО

←Будь что было

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика