Таццяна Елавая: Правакатары маглі быць наймітамі спецслужбаў

Источник материала:  
09.01.2011 12:04 — Разное
Грамадская актывістка Таццяна Елавая (блогерка zmagarka), якая фактычна каардынуе ў інтэрнэце працу па раследаванні абставінаў правакацыі 19 снежня, пагадзілася адказаць на пытанні «Нашай Нівы».

Таццяна Елавая: Правакатары маглі быць наймітамі спецслужбаў

«Наша Ніва»: Вы правялі насамрэч тытанічную працу па пошуку правакатараў, якія білі шкло ў дзвярах Дома ўрада. Якія мэты Вы ставілі перад сабой гэтым пошукам? Расплюшчыць вочы грамадству, супрацьстаяць хлусні, нейкім чынам дапамагчы арыштаваным ці штосьці яшчэ?

Таццяна Елавая: Шчыра кажучы, спачатку ніякай канкрэтнай мэты, акрамя як жадання сістэматызаваць і растлумачыць падзеі, якія адбыліся 19 снежня ў Мінску, не было.

Калі пошук толькі пачынаўся, я нават не была ўпэўнена, што правакацыя сапраўды існавала, што гэта не супадзенне абставінаў.

Аднак цяпер, пасля аналізу вялікай колькасці факталагічнага матэрыялу, у тым ліку атрыманых аўдыёзапісаў перамоваў сілавых структураў па рацыі, цалкам відавочна, што адбылася правакацыя.

19 снежня ў цэнтры Мінску ўладамі была праведзена спецаперацыя, якая ўключала ў сябе элемент правакацыі штурму Дома ўрада.

Мэта правакацыі — дыскрэдытацыя мірнай акцыі пратэсту і легітымацыя жорсткіх рэпрэсій супраць апазіцыі. Безумоўна, наіўна думаць, што ўлады прыслухаюцца да нашых доказаў невінаватасці людзей, якім ужо выстаўленыя абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, але, прынамсі, гэта можа нейкім чынам паспрыяць вызваленню хаця б часткі з іх. Асабліва важным у гэтым кантэксце робіцца міжнародны розгалас акалічнасцяў справы.

«НН»: Звычайна пра людзей, засланых уладамі на акцыі апазіцыі, кажуць «людзі ў штацкім» ці «ціхары». Ці ўдалося высветліць, да якой структуры яны адносяцца? І колькі правакатараў налічылася агулам?

ТЕ: Пакуль налічана каля 9 чалавек, лічбы ўдакладняюцца. Хачу падкрэсліць, што адмыслова не называю іх «ціхарамі», а менавіта правакатарамі. «Ціхары» — людзі, якія традыцыйна прысутнічаюць на ўсіх апазіцыйных акцыях, зліваюцца з натоўпам і па загадзе, як правіла, займаюцца затрыманнем найбольш актыўных удзельнікаў акцыі ці вырываюць з рук дэманстрантаў сімволіку. Як паказвае практыка, гэта штатныя супрацоўнікі МУС альбо, радзей, КДБ. Іх няцяжка вылічыць па выглядзе — звычайна, чорная вопратка, кароткія фрызуры, тыповыя выразы твару.

Што ж тычыцца правакатараў, якія пачалі біць шкло у Доме ўрада, я не ўпэўнена, што гэта тыя самыя вядомыя нам усім «ціхары». Іх дзеянні, выгляд, спосабы каардынацыі, узровень прафесіяналізму адрозніваюцца.

З аналізу атрыманых аўдыёзапісаў перамоваў па рацыі пакуль незразумела, да якой сілавой структуры яны маюць дачыненне. Не выключаю, што

гэта маглі быць найміты, а не штатныя супрацоўнікі.

Але ізноў-такі, грунтуючыся на аўдыёзапісах мяркую, што гэта справа рук менавіта беларускіх спецслужбаў.

«НН»: Ці былі сітуацыі, што нехта з названых «правакатараў» звязваўся з вамі, расказваў, што ён невінаваты і прасіў выдаліць інфармацыю пра яго?

ТЕ: Так, на жаль, было некалькі падобных прыкрых выпадкаў. Яшчэ раз прашу прабачэння ў людзей за тое, што іх агаварылі. Гэта часткова можна патлумачыць праз атмасферу энтрапіі, якую мы мелі ў першыя дні пасля разгону акцыі, а таксама тым, што другая хваля правакацыі ўсё ж спрацавала і дэманстранты пачалі ламаць дзверы. Было цяжка адрозніць «нашых» ад «ворагаў». Асабіста я імкнуся не выкарыстоўваць рэзкіх фармулёвак, напрыклад, пішу «падобны да правакатара», «праверыць інфармацыю» і г.д. Я некалькі разоў звярталася да журналістаў незалежных выданняў, каб яны прыбралі са сваіх сайтаў фотаздымкі людзей, якія не маюць дачынення да правакацый, але на эмоцыях паддаліся на іх.

«НН»: Прадстаўнікам КДБ, міліцыі ці пракуратары павінны быць цікавымі сабраныя вамі звесткі. Не прасілі падзяліцца матэрыяламі, каб знайсці вінаватых?

ТЕ: Не, да мяне з падобнай просьбай афіцыйныя асобы не звярталіся. Але

неаднаразова звярталіся невядомыя людзі, якія, мякка кажучы, «прасілі» прыбраць гэтыя матэрыялы і не займацца падобнымі справамі ў далейшым.

Натуральна, што іх просьба не будзе выканана.

«НН»: Калі гара не ідзе да Мухамеда, Мухамед ідзе да гары… Можа, варта хаця б для прыліку аформіць і прынесці сабраную інфармацыю ў праваахоўныя структуры?

ТЕ: Думка аформіць матэрыялы належным чынам і перадаць іх у міліцыю і ў суд з’явілася даўно. У гэтых матэрыялах таксама зацікаўленыя і адвакаты нашых сяброў, якія ўтрымліваецца цяпер у следчым ізалятары КДБ. Пакуль

мы з паплечнікамі збіраем факталагічную інфармацыю, правяраем і ўдакладняем звесткі, пры гэтым асобны акцэнт робім на аналізе аўдыёзапісаў перамоваў сілавікоў (пазыўныя, каардынацыя між рознымі структурамі і г.д.) і супастаўленні іх з тымі падзеямі, што адбываліся ў той ці іншы момант на плошчы.

Насамрэч, гэта вельмі вялікі аб’ём працы і кошт памылкі надта высокі, таму не думаю, што варта спяшацца з катэгарычнымі высновамі. Як толькі будзем мець належным чынам падрыхтаваны матэрыял, ён будзе прадстаўлены грамадскасці. 12 студзеня ў Брусэлі плануецца правядзенне спецыяльнага слухання па Беларусі. Беларускімі дзеячамі будзе прадстаўлены вялікі даклад наконт вынікаў правядзення выбарчай кампаніі, у тым ліку адносна падзеяў 19 снежня. Думаю, частка матэрыялу ўжо будзе падрыхтаваная да гэтай даты.

Гутарыў Віталь Несцераў

Даведка:

Таццяна Елавая — вядомая беларуская грамадская актывістка. У апазіцыі з 2000. Была адным з арганізатараў намётавага гарадка ў цэнтры Менска пасля прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 года. Вядзе папулярны блог — zmagarka.livejournal.com. З прычыны крымінальнага пераследу пражывае ў Вільні (Літва). Мае філасофскую адукацыю, навучаецца ў магістратуры ЕГУ на праграме «Публічная палітыка». Рэдактар рэсурсу «Belintellectuals.eu: Інтэлектуальная супольнасць Беларусі».

Падзяліцца навіной: 
Віталь Несцераў

←Пачобут удакладняе дэталі свайго допыту са збіццём

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика