Самае старажытнае беларускае шоу

Источник материала:  
06.01.2011 11:54 — Разное
Калядная ноч, па ўяўленнях нашых далёкіх продкаў, «адкрывала нябёсы» і тым самым давала людзям магчымасць далучыцца да незвычайнага каналу лёсавызначальнай інфармацыі.

Відавочна, што больш за ўсё пытанні лёсу цікавілі моладзь перадшлюбнага ўзросту — дзяўчат і хлопцаў, якія марылі стварыць сваю сям’ю. У большай ступені прыадчыніць таямніцы заўтрашняга дня імкнуліся дзяўчаты перадшлюбнага ўзросту. Ім трэба было рыхтавацца да пераходу ў іншую, чужую, сям’ю, таму, вядома ж, карцела даведацца, адкуль, з якога боку будзе хлопец, чыйго роду, як да яго ставіцца радзіна і аднавяскоўцы, якім характарам надзяліў яго Бог, да чаго ён здатны і якім гаспадаром стане з цягам часу.

Прывядзём некалькі прыкладаў калядных варожбаў, якімі ў свой час карысталіся дзяўчаты.

Дзяўчына брала кавалачак куцці (а дакладней, яе трэба было ўзяць неўпрыкмет, каб ніхто не бачыў) і перад тым, як легчы спаць, клала пад падушку. Затым пад ложак ставіла міску з вадой, цераз якую клала лучыну. Дзяўчына лажылася спаць і пра сябе прамаўляла наступныя словы:

— Хто мяне па кладачцы правядзе, той мяне замуж возьме.

Пры гэтым ні падчас выканання варажбы, ні пасля (аж да самай раніцы) нельга было ні з кім гаварыць. У калядную ноч дзяўчаты бралі тыя стужкі, што ў косах насілі, прывязвалі на вішню (толькі на вішню, а не якое-небудзь іншае дрэва). Гэтыя стужкі (адна з іх сімвалізавала суджанага, другая — саму дзяўчыну) перапляталі паміж сабой. Пры гэтым прасілі, каб прысніўся або знайшоўся суджаны. Стужкі пакідалі на дрэве на ўсю ноч. Варажба «Калодзеж мералі». Вечарам да калодзежа падыходзіла некалькі дзяўчат, бралі вочап і рукамі па чарзе хапаліся за яго. Якая з іх апошняй зверху закрые вочап, тая першая і замуж пойдзе. Варажба «Замкнуць вядро». Дзве сяброўкі набяруць у калодзежы вядро вады, прынясуць яго ў хату і паставяць на лаву. Затым возьмуць замок і «замкнуць вядро». Пасля гэтага клаліся спаць, не сказаўшы ніводнага слова. Ноччу павінен быў прысніцца той, хто прыйдзе «адамкнуць» вядро. Варажба на дровах. У хляве або ў паветцы дзяўчына набірае бярэмя дроў, прыносіць у хату, кладзе каля печы і лічыць: калі будзе пара — замуж пойдзе, калі лішка-то не. Варажба на аладках. Дзяўчаты раніцай напякуць аладак. Вечарам збяруцца ў чыёй-небудзь хаце і пачынаюць варажыць. На ўслон кожная з прысутных дзяўчат кладзе «сваю» аладку, а затым у хату прыводзяць сабаку. Чыю аладку схопіць першую, тая хутчэй за ўсіх замуж пойдзе. Варажба на волаве. Адна дзяўчына садзіцца на ўслон, другая становіцца за спінай, бярэ расплаўленае волава і вылівае над галавой у міску з вадой. Потым глядзяць, якая выява атрымалася. Калі вянок — замуж пойдзе, калі калыска — дзіця народзіць.

Такім чынам, у святочную ноч усе разам і кожны паасобку думалі пра сваё. Успамінаў пра гэту ноч хапала аж да самай Масленіцы. Не раз і не два ўзгадвалі пра гэтую ноч у перыяд мясаедных вяселляў, калі і варажба, і сон аказваліся прарочымі.

Падзяліцца навіной: 
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Звязда.

←Патрыярх Канстантынопальскі выступіў са зваротам на Раство і на беларускай мове

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика