«Бачылі б Вы твар следчага, калі я сказала, што я ў БРСМ»

Источник материала:  
06.01.2011 11:57 — Разное
Сяброўка БРСМ расказвае, як адседзела 10 сутак.

Калі міліцэйскае кола пачало сціскацца вакол тых, хто 19 снежня 2010 прыйшоў на плошчу перад Домам урада, Саша не спрабавала з яго вырвацца. Не супраціўлялася, калі яе саджалі ў аўтазак. «Я першапачаткова абрала тактыку не супраціўляцца, бо ўсведамляла: не мне з імі цягацца, адзін удар — і мяне ўсё роўна завязуць куды трэба», — успамінае дзяўчына.

«Бачылі б Вы твар следчага, калі я сказала, што я ў БРСМ»
Фота intex-press.

20-гадовая баранавіцкая студэнтка-завочніца Саша Суслава апынулася ў ліку тых, хто быў затрыманы падчас акцыі пратэсту ў Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў. Па словах дзяўчыны, яна не біла шкла ў Доме ўрада, не лезла ў бойку з АМАПам, проста стаяла і назірала за ўсім, што адбывалася. Гэтага было дастаткова, каб яе на 10 сутак пазбавілі волі. Пра тое, што адбывалася 19 снежня на плошчы і што давялося перажыць у зняволенні, дзяўчына расказала ў інтэрв’ю «IP».

Плошча ў коле

Мы з сяброўкай, можна сказаць, выпадкова на плошчы апынуліся. Проста цікава было паглядзець, зразумець мэту ўсяго гэтага і ўбачыць вынік. Хутчэй прыйшлі дзеля знаёмых, якія там былі і якім магла спатрэбіцца наша дапамога, тыя ж перадачы перадаваць, калі іх затрымаюць. Хлопцы знаёмыя ў самай гушчы былі, а нас адправілі ў бяспечнае месца, туды, дзе журналісты стаялі. Нам нават ключы ад кватэраў аддалі, карткі пластыкавыя, таму што былі ўпэўненыя: мы ў бяспецы.

Гуку разбітага шкла мы не чулі, занадта шумна было. Я не ведаю, хто ладзіў гэтыя пагромы. Не думаю, што гэта былі простыя людзі, ніякай агрэсіі з боку якіх не было.

Я не бачыла п’яных, не бачыла неадэкватных людзей, затое я бачыла інвалідаў, якія ішлі на плошчу на мыліцах. Людзі ішлі туды, як на свята.

Мы адразу пачулі, як з’явіўся АМАП: шум, паніка, шчыты, якія з грукатам біліся адзін аб аднаго. Міліцыянты пачалі разганяць тых, хто быў ля ўваходу ў будынак. Мы бачылі галовы людзей і палкі над імі. Было страшна. Страшна ад усведамлення таго, што пад гэтымі палкамі — жывыя людзі. У нейкі момант да нас падбег хлопец і сказаў, каб мы капюшоны надзелі, маўляў, калі будуць па галаве біць, капюшон змякчыць удар. Вядома, мы так і зрабілі, таму што баяліся па галаве атрымаць.

Потым амапаўцы сышлі. Мы пачулі, як Статкевіч закрычаў: супрацоўнікі міліцыі сышлі, каб пераапрануцца і падтрымаць нас. Гэта было мала падобна на праўду. Усе разумелі, навошта яны сышлі: каб адрэзаць шляхі адступлення для тых, хто знаходзіўся ля Дома ўрада. Нас, як статак авечак, пачалі ганяць з боку ў бок. А потым проста пачалі загружаць у машыны. З крыкамі, з матам, з абразамі. Я першапачаткова абрала тактыку не супраціўляцца, таму што ўсведамляла: не мне з імі цягацца, адзін удар — і мяне можна занесці куды трэба.

Калі мы ўжо ехалі ў аўтазаку міма плошчы, убачылі, што яна абсалютна чыстая і пустая. Гэта было так дзіўна, быццам там і не было нікога.

Мы практычна не бачылі, як гэтая «чыстка» адбывалася. Толькі потым, вярнуўшыся дадому і паглядзеўшы відэа з плошчы, убачылі, як гэта было страшна.

Дарога ў няволю

Вазілі нас доўга, нават не магу сказаць, колькі гэта заняло часу. Ведаю толькі, што мы вельмі змерзлі і стаміліся. У нас былі мокрыя ногі, а ў машыне было настолькі халодна, што мы нават не дрыжалі, таму што не адчувалі цела, ног.

Плюс да ўсяго была жудасная стомленасць, так што мы не ведалі, ад чаго больш з вар’яцеем: ад холаду ці ад стомленасці.

Спачатку адвезлі на Акрэсціна, запісалі ўсе дадзеныя, ўзялі адбіткі пальцаў. Там, наколькі я зразумела, нам усім месца не хапіла, таму нас зноў загрузілі ў машыну і павезлі. У машыне былі адны дзяўчаты. Мы ўсю дарогу, пакуль нас везлі ў іншай ізалятар, глядзелі ў акно, запаміналі арыентыры і ўпотай пісалі знаёмым паведамленні, таму што карыстацца тэлефонамі нам забаранілі. Мы дзівіліся: як гэта так, забараніць патэлефанаваць родным, калі на тое пайшло, яны самі павінны былі ім паведаміць, дзе мы і што з намі.

Судзімы будзеш

Амаль праз суткі адбыўся суд. Ён праходзіў вельмі хутка. Працавала адначасова некалькі залаў, туды па адным чалавеку заводзілі, зачытвалі пастанову, нешта пыталіся, казалі аб магчымасці падаць апеляцыю. Гэта быў сапраўдны канвеер. Казаць нешта ў сваё апраўданне не мела сэнсу, ніхто нікога не слухаў.

На ўсіх было два віды пакарання: арышт на 10–15 сутак ці штраф. І неяк паўплываць на рашэнне суда з нашага боку было, як мне падалося, немагчыма.

У судзе я першы раз патэлефанавала маме. Спачатку баялася ёй тэлефанаваць, на той момант у нас былі не найлепшыя адносіны, да таго ж яна — работнік дзяржаўнага сектара, і я разумела, як гэтая навіна можа на ёй адбіцца, але потым падумала, што 10 сутак хаваць тое, што са мной адбылося, будзе нерэальна. Мама была ў паніцы. Праз паўгадзіны пасля майго званка яна сабрала ўсіх знаёмых юрыстаў, яны разам думалі, што можна зрабіць, і вырашылі, што практычна нічога зрабіць нельга. Вядома, можна было наняць адвакатаў, але ўсё гэта — лішнія рухі цела і выдаткі, якія б усё роўна не дапамаглі, бо машына, з якой мы сутыкнуліся, занадта вялікая, каб з ёй змагацца.

Камернае жыццё

Камера, куды нас змясцілі, была разлічаная на шэсць чалавек, але ў ёй было ўдвая больш людзей. Мы «прыехалі» крыху раней, таму коўдраў і падушак нам хапіла, але яны мала ратавалі — у камеры было вельмі халодна. Тыя, каму не хапіла месцаў, спалі на падлозе, прыціснуўшыся адно да аднаго. У тым жа памяшканні была прыбіральня: за невысокай сценкай стаяў унітаз, над якім вісеў кран, каб рукі памыць.

Ракавіны не было. Душ у ізалятары быў, але такі, што я не рызыкнула там мыцца, баючыся падчапіць якую-небудзь заразу. Ратавалі вільготныя сурвэткі, якія нам перадавалі.

Кармілі тры разы на дзень. У першы дзень праз тое, што нас позна прывезлі, мы засталіся без вячэры. І нікому не было справы да таго, што мы суткі нічога не елі. Ды і потым не заўсёды ўдавалася атрымаць трохразовае харчаванне, якое і без таго было не найлепшай якасці. Спачатку перадачы не дазвалялі, але потым начальнік ізалятара памякчэў. Зрабілася лягчэй.

У камеры ўвесь час гарэла святло, засыпаць з якім было складана, да таго ж нам чамусьці адмаўляліся казаць, колькі часу. «Якая вам розніца, менш ад таго, што будзеце ведаць, колькі часу, вы сядзець не будзеце», — адказвалі нам. Была поўная дэзарыентацыя ў часе, і гэта было, напэўна, самае складанае.

Наогул, вядома, непрыемных момантаў было шмат, але ўсё роўна некаторыя хлопцы, якія сядзелі ў іншых месцах, расказвалі такія жахі, што стаўленне, якое было да нас, можна назваць добрым. Асабліва апошнімі днямі. З боку супрацоўнікаў ізалятара не было адкрытага негатыву і гэта, напэўна, самае важнае. Калі выходзілі, развітваліся з імі, дзякуй казалі, таму што разумелі, што магло быць значна горш.

Неацэнная падтрымка

Падтрымка людзей вельмі дапамагала. Невядомыя людзі з усёй краіны перадачы перадавалі, у графе роднасныя адносіны пісалі «брат», «сябар», «сяброўка», хоць ніколі не бачылі таго, каму прызначалася перадача. Дзяўчаты проста плакалі, калі атрымлівалі звязаныя ўласнымі рукамі цёплыя шкарпэткі ці цыдулкі. Гэта неацэнная падтрымка. І калі шчыра, я не чакала такога. Нават калі ў дзень вызвалення нас высадзілі на прыпынку, незнаёмыя людзі спыняліся і пыталіся, чым нам дапамагчы. Мы дзякавалі ім, а яны нам казалі: «Гэта вам дзякуй за тое, што вы зрабілі».

Пад страхам адлічэння

Тры гады навучання — гэта не год, вядома. Я баюся, што мяне адлічаць з універсітэта. На гэты момант, пабываўшы ў дэканаце і пагутарыўшы з людзьмі, якія там сядзяць, я не адчула нейкага негатыву. Наадварот, мяне сустрэлі даволі добразычліва, пыталіся, што ды як, нават сказалі, што стараста маёй групы ў той дзень таксама быў на плошчы, праўда, на іншым боку барыкад — у АМАПе. Сказалі, што я павінна зрабіць, каб здаць сесію. Так што пакуль усё нармальна. Ды я і не думаю, што цяпер кіраўніцтва можа пайсці на нейкія скрайнія меры. Гэта было б глупствам. Хоць я не выключаю, што з часам нешта можа змяніцца. Прынамсі з БРСМ, у якім я яшчэ са школы, могуць выключыць. З ганьбай.

Дарэчы, з БРСМам у маім зняволенні быў звязаны адзін цікавы момант. На допыце следчы спытаўся, ці знаходжуся я ў якіх-небудзь партыях ці грамадскіх арганізацыях.

Вы б бачылі яго твар, калі я сказала, што я ў БРСМ. «Ну ты наогул малайчына», — усё, што ён змог сказаць.

Няма каго вінаваціць

У мяне такі характар, што я ніколі не шкадую пра тое, што зрабіла. Што зроблена, то зроблена, нічога не зменіш. Сама пайшла на плошчу, ведала, чым гэта можа скончыцца, дык на каго я магу цяпер крыўдзіцца? Адседзела, выйшла, усё будзе нармальна. Усё скончылася, і дзякуй Богу, што скончылася.

Падзяліцца навіной: 
intex-press.by

←Самае старажытнае беларускае шоу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика