Якая насамрэч падтрымка ў Лукашэнкі

Источник материала:  
23.12.2010 11:00 — Разное
Цэнтрвыбаркам Беларусі сцвярджае, што за дзейнага кіраўніка дзяржавы прагаласавала амаль 80% выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі. Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі назваў лічбу, удвая меншую. А што насамрэч?

У такой сітуацыі любыя дадзеныя могуць падвяргацца сумневам. Давяраць ведамству Ярмошынай неяк смешна. Але ўсё ж паспрабуем ўзяць за адпраўную кропку дадзеныя ЦВК і растлумачыць, чаму яны не адпавядаюць рэчаіснасці.

Аргумент № 1

Вы ідзяце дадому. Як вы патрапіце ў сваю кватэру: дастанеце ключ і адчыніце дзверы або пачняце ўзломваць замкі?

Дзіўнае пытанне? А для мяне не менш дзіўна іншае.

Паводле афіцыйных дадзеных, Аляксандр Лукашэнка атрымаў падтрымку 80% выбаршчыкаў. Калі б гэта сапраўды было так, то кіраўнік дзяржавы і яго прыхільнікі былі б зацікаўленыя, каб беларускія і замежныя назіральнікі, што сумняваюцца ва ўсенароднай падтрымцы, асабіста пераканаліся ў тым, што чацвёра з пяці грамадзян галасуюць за Лукашэнку.

Гэтых «скептыкаў» трэба было цягнуць за вушы да месца падліку галасоў і наглядна дэманстраваць ім кожны бюлетэнь,

каб у выніку «Фамы няверуючыя», прыпёртыя да сценкі неабвержнымі доказамі, вымушаныя былі прызнаць: так, выбаршчыкі зрабілі выбар на карысць дзейнага кіраўніка краіны

Замест гэтага Лукашэнка і цалкам падкантрольныя яму выбаркамы прыклалі каласальныя намаганні, каб і блізка не падпусціць назіральнікаў да працэсу падліку. НАВОШТА БЫЛО ТАК НАПРУЖВАЦЦА, КАЛІ ВЫНІКІ ГАЛАСАВАННЯ СВЕДЧАЦЬ ПРА ПЕРАКАНАЎЧУЮ ПЕРАМОГУ ЛУКАШЭНКІ? НАВОШТА ЎЗЛОМВАЦЬ ДЗВЕРЫ ВА ЎЛАСНАЙ КВАТЭРЫ, КАЛІ ЯЕ МОЖНА АДКРЫЦЬ КЛЮЧОМ?

Адказ адзін: ніякай перамогі не было.

Аргумент № 2

У Беларусі і ў свеце дастаткова распаўсюджаны такі пункт гледжання: вядома, за Лукашэнку галасуюць не 80%, але дакладна больш за 50% выбаршчыкаў. У якасці аднаго са свежых прыкладаў прывяду меркаванне вядомага нямецкага палітолага Аляксандра Рара.

Як паведамляе Deutsche Welle, на публічнай дыскусіі ў Нямецкім таварыстве замежнай палітыкі паважаны эксперт заявіў, што Лукашэнка абапіраецца не толькі на структуры ўлады, але і на шырокія слаі насельніцтва, якія і сапраўды шчыра яго падтрымліваюць. У масіўныя фальсіфікацыі самой працэдуры выбараў Аляксандр Рар не верыць. Паводле яго ацэнкі, адміністрацыйны рэсурс дазваляе падтасаваць падчас падліку не больш за 4–5 адсоткаў галасоў, але ніяк не 40 ці 50.

Нямецкі палітолаг зыходзіць з таго, што галасы ў Беларусі лічаць. У яго свядомасць, мабыць, проста, не ўкладваецца думка, што можна проста ўзяць чысты ліст паперы, намаляваць на ім любую лічбу, абвясціўшы яе вынікам выбараў.

І ў гэтым варыянце з аднолькавым поспехам можна прыпісаць і 5%, і 50%.

Каб даказаць, што ў 2010 годзе ў цяперашняга кіраўніка дзяржавы не было большасці галасоў, вернемся ў 1994 год. Тады нават у другім туры выбараў, пры практычна максімальнай мабілізацыі прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі і значным пратэставым галасаваннi супраць прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, за першага прагаласавала 56% ад спіскавага складу выбаршчыкаў.

Сёння Цэнтрвыбаркам спрабуе нас пераканаць, што ў 2010 годзе за Лукашэнку выказаліся 72% ад спіскавага складу выбаршчыкаў. Хлопцы, пра што вы кажаце?

Каб набраць хаця б 50%+1 ад ліку грамадзян, якія прыйшлі на ўчасткі для галасавання, Лукашэнку трэба было як мінімум захаваць падтрымку на ўзроўні 1994 года. Але тады ён карыстаўся відавочнай шалёнай папулярнасцю: на сустрэчах з выбаршчыкамі яму цалавалі рукі, за Лукашэнку ішлі галасаваць цэлымі вёскамі — як на свята. І гэтак жа відавочна, што нічога такога сёння няма: людзей «пад палкай» давялося заганяць на датэрміновае галасаванне.

Па дарозе з выбарчага ўчастка я сустрэў сваю школьную настаўніцу. Каб вы маглі ўявіць сабе ступень яе апалітычнасці, удакладню: ідучы галасаваць, яна не ведала нават прозвішчаў кандыдатаў (акрамя Лукашэнкі, зразумела). І пры гэтым гатовая была падтрымаць каго заўгодна, але толькі не яго.

У размове настаўніца падзялілася ўласнымі назіраннямі: «Усе, з кім размаўляю (а яна жанчына таварыская — А.С.) — супраць Лукашэнкі: і суседзі, і ў транспарце…»

Насамрэч, «усе супраць» — гэта, вядома, перабольшанне. Але, паўтаруся, і той папулярнасці, якая была ў 1994-м, блізка няма. Адпаведна, гаворкі не ідзе не толькі пра 80%, але і пра 50%.

***

Тады колькі ж?

Гэта вельмі складанае пытанне. Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі заяўляе пра 40%. Пры гэтым ён спасылаецца на неназваныя, але вартыя даверу крыніцы.

Нават самае сумленнае сацыялагічнае даследаванне наўрад ці здольнае даць дакладны адказ — праз фактару страху. Уявіце сабе сучаснага беларуса, у якога невядомыя людзі пытаюць, за каго ён прагаласаваў. «А калі яны з КДБ і даведаюцца, што я супраць кіраўніка дзяржавы? Не-е, лепш ужо я зманю», — думае частка апытваных.

Адпаведна, любое сацапытанне будзе даваць завышаныя лічбы падтрымкі Лукашэнкі.

Падсумоўваючы ўсю даступную інфармацыю, я б сказаў, што Лукашэнка сёння карыстаецца падтрымкай 30–35% насельніцтва (у Мінску — менш, у рэгіёнах — больш). Але не буду настойваць на сваёй ацэнцы. Урэшце, не мае прынцыповага значэння: 20, 30 або 45% галасавалі за Лукашэнку.

Важна іншае, у чым я абсалютна ўпэўнены: гэтым разам паловы галасоў у першым туры цяперашні кіраўнік краіны не набраў.

Менавіта таму давялося арганізоўваць масавае прымусовае датэрміновае галасаванне, не дапускаць назіральнікаў да працэсу падліку галасоў і кідаць за краты большую частку супернікаў.

Падзяліцца навіной: 
Аляксандр Старыкевіч, «Салідарнасць»

←Дапамажыце выратаваць Арцёмку!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика