Эстэр, Каталіны, Жакліны, Трафімы і Альгерды

Источник материала:  
17.12.2010 17:00 — Разное

Эстэр, Каталіны, Жакліны, Трафімы і Альгерды
liveinternet.ru

За апошнія 30 гадоў мода на жаночыя імёны ў Беларусі змянілася больш істотна, чым на мужчынскія.

Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі 17 снежня ў Мінску выказала начальнік аддзела ЗАГС Партызанскага раёна Мінска Валянціна Бяляева.

Паводле яе слоў, за 11 месяцаў гэтага года аддзелам зафіксавана 1,5 тыс. нараджэнняў. Пяцёрка самых папулярных мужчынскіх імёнаў — Данііл, Аляксандр, Арцём, Дзмітрый і Іван, самых папулярных жаночых — Дар"я, Анастасія, Ксенія, Ганна і Марыя.

Спецыяліст адзначыла, што мода на жаночыя імёны ў параўнанні з 1980 годам істотна змянілася. Так, 20 гадоў таму дзяўчынак часцей называлі Вольга, Таццяна, Наталля, Алена і Святлана. У 2010 годзе ў Партызанскім раёне нарадзіліся па тры Таццяны і Наталлі, адна Вольга і ніводнай Алены і Святланы. Разам з тым, мода на мужчынскія імёны памянялася не так істотна. У 1980 годзе самымі папулярнымі мужчынскімі імёнамі былі Сяргей, Аляксандр, Дзмітрый, Аляксей і Андрэй, якія і сёння дастаткова распаўсюджаныя. Аднак, заўважыла Бяляева, набылі папулярнасць мужчынскія і жаночыя імёны, якія былі рэдкасцю ў 80-я: Анастасія, Марыя, Аліса, Кіра, Антон, Цімафей, Ягор, Уладзіслаў.

Як паведаміла начальнік аддзела ЗАГС Маскоўскага раёна сталіцы Наталля Філімонава, самымі папулярнымі імёнамі сярод хлопчыкаў сёлета сталі Іван, Арцём, Максім, Мікіта, Данііл, дзяўчынак — Дар"я, Анастасія, Марыя, Ганна і Лізавета. Пры гэтым Дашы і Насці ўтрымліваюць лідарства апошнія пяць гадоў. Сёлета, паводле яе слоў, у Маскоўскім раёне Мінска было выдадзена каля 3 тыс. пасведчанняў аб нараджэнні.

Гаворачы пра рэдкія і незвычайныя імёны, якія давалі дзецям грамадзяне Беларусі, спецыялісты назвалі: Жаклін, Стэфанія, Ніколь, Каталіна, Агаф"я, Эстэра, Шэргія, Элісія, Фяўроння, Цярэнцій, Ігнат, Трафім, Клімент, Герардас, Альгерд.

Паводле слоў Філімонавай, бацькі маюць права выбраць дзіцяці любое імя, якое не супярэчыць нормам маралі.

Спецыялісты загса могуць толькі правесці гутарку з бацькамі, параіць літаратуру, рэкамендаваць яшчэ раз параіцца адзін з адным, але ні ў якім выпадку не могуць прапанаваць імя дзіцяці. У грамадзян Беларусі дапускаюцца таксама двайныя імёны і прозвішчы, але іх павінна быць не больш за два. Часцей за ўсё — гэта Ганна-Марыя, але сёлета быў выпадак, калі дзяўчынку назвалі Варвара-Барбара.

Яна заўважыла, што грамадзянін Беларусі пасля дасягнення 16-гадовага ўзросту можа памяняць імя, але яго просьба павінна быць абгрунтаваная. Заяву аб змене імя прымаюць загсы, рашэнне прымаецца галоўным упраўленнем юстыцыі Мінгарвыканкама. Спецыялісты заўважылі, што выпадкі змены імя ў іх практыцы — адзінкавыя, часцей за ўсё жонка мяняе прозвішча пасля шлюбу.

Таццяна Дарашчонак, БелаПАН.

Падзяліцца навіной: 

←Минспорта планирует активно развивать туризм в Полесье

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика