Першыя ахвяры халадоў
Раптоўнае пахаладанне ў Беларусі ўжо прынесла першыя ахвяры – у сталіцы былі знойдзеныя замерзлыя людзі: мужчына 30-35 гадоў і жанчына 50-55, беспрытульныя.
Паводле Белгідраметцэнтра, цягам наступнага тыдня ў Беларусі чакаецца да –20 ноччу і да –18 удзень. Ахвярай нізкай тэмпературы можа стаць кожны.
Што варта зрабіць, каб не замерзнуць?Найперш -- хавайцеся ад ветру. Пранізлівыя халодныя вятры ў значнай ступені спрыяюць абмаражэнню.
Карыстайцеся цяплом уласнага цела. Калі вы не можаце зайсці ў памяшканне, каб сагрэць пальцы і рукі, засуньце іх пад пахі. Калі згарнуцца ў клубок, у вас таксама з"явіцца больш энергіі.
Таксама страта цяпла ўзмацняецца ад кантакту з вадой.
Пры пераахаладжэнні рэкамендуецца даставіць чалавека да лекара як мага хутчэй, а да таго зрабіць наступнае: перанесці пацярпелага ў цяплейшае месца, укрыць яго коўдрай, даць цёплае пітво. Але не алкаголь -- ён выклікае лжывае пачуццё цяпла. Не спрабуйце сагрэць змерзлага, пасадзіўшы блізка да гарачай лямпы або вогнішча: калі скура абмарожаная -- яе лёгка апячы.
Алесь Пілецкі