Добры бераг дзяцінства

Источник материала:  
18.11.2010 — Разное
Для Святланы Ананьевай з Алматы візіты ў Беларусь абуджаюць цёплыя ўспаміны
Добры бераг дзяцінстваЯна — з ліку дзясяткаў тысяч тых нашых землякоў, хто і сёння працуе на карысць Казахстана. Святлана філолаг, супрацоўніца аддзела сусветнай літаратуры і міжнародных сувязяў Казахстанскага інстытута літаратуры і мастацтва імя М. Аўэзава. І адна з удзельніц традыцыйных лістападаўскіх беларуска-казахстанскіх навукова-практычных канферэнцый філосафаў, педагогаў, сацыёлагаў, культуролагаў братніх краін у Мінску.
Інстытут, у якім працуе С. Ананьева, — галоўны навуковы цэнтр казахскага літаратуразнаўства, фалькларыстыкі і мастацтвазнаўства. Вучоныя аналізуюць гісторыю і тэорыю літаратуры, культуры і творчую спадчыну іх адметных прадстаўнікоў. Летась у Казахстане выйшла манаграфія “Міжнародныя сувязі казахскай літаратуры”, у якой даследуюцца кантакты з рускай, украінскай літаратурамі, а падрыхтаваны С. Ананьевай раздзел упершыню прысвечаны сувязям з беларускай літаратурай. Увогуле ж тэма “яўна цягне на асобную манаграфію”, і ў сумесных планах Святланы з журналістам, аўтарам “Голасу Радзімы” Алесем Карлюкевічам — напісаць кнігу пра беларуска-казахскія літаратурныя дачыненні. У прыватнасці, гаворыць яна, шчымлівай нотай беларуская тэматыка праходзіць у творчасці казахскіх пісьменнікаў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад фашыстаў.
Цяпер прадстаўнікі еўраазіяцкай краіны называюць сябе не казахскім, а казахстанскім народам. Гэта знак павагі да людзей розных этнасаў, якія там жывуць і працуюць. Дарэчы, летась на канферэнцыі Святлана Ананьева расказала, што перад ад’ездам у Мінск была на прыёме ў генеральнага консула Расіі ў Алматы Барыслава Мешчанінава. “Ён этнічны беларус, родавыя карані ў Віцебску, жыве ў Казахстане і яшчэ не бываў у Мінску, — патлумачыла. — Я прывезла ад Барыслава Барысавіча прывітанне і паклон удзельнікам канферэнцыі”.
Чым прывабіў яе мінскі форум? “У маёй цікавасці да казахска-беларускіх літаратурных сувязяў моцныя карані, — разважае Святлана. — Хоць нарадзілася я ў Казахстане, але Мінск займае асаблівае месца ў маім жыцці: па тагачасным Ленінскім праспекце, доме 72 жылі мае бабуля з дзядулем. Вокны кватэры выходзілі на праспект і Тэатральна-мастацкі інстытут. Дарэчы, па вуліцы Сурганава і сёння жыве адна з трох маіх мінскіх стрыечных сясцёр”.
У адзін з прыездаў яны з прафесарам, культуролагам Альмірай Наўрызбаевай прайшліся ў вядомую кнігарню”Акадэмкніга”, гулялі па парку Чалюскінцаў. Гэтыя мясціны вядомыя Святлане даўно, а Батанічны сад яна і цяпер лічыць адным з лепшых у былым СССР. Можа, таму, што ў дзяцінстве пад час летніх канікулаў любіла бываць у ім з бацькамі, памятае “ўсіх вавёрачак”... І цяпер яе сустракалі ў Беларусі надзвычай цёпла і душэўна.
Мінск, вядома, прыцягваў нашу супляменніцу і як горад пастаяннага месца жыхарства. Пасля заканчэння філфака Чаркаскага педінстытута ў 1980-м Святлана збіралася нават рабіць дысертацыю па творчасці Ф. Дастаеўскага ў БДУ, на кафедры рускай літаратуры, і быў прызначаны яе навуковым кіраўніком дацэнт Аляксандр Станюта, сын народнай артысткі Стэфаніі Станюты. Ды жыццё склалася інакш, вочную аспірантуру яна закончыла ў Алма-Аце, і яе адтуль “ужо не адпусцілі”. Цяпер Святлана сама загадвае аспірантурай. Жартуе: “Мусіць, не выпадкова кожнае лета ў Мінску я шпацыравала непадалёк ад Акадэміі навук”. А калі чатыры гады таму казахстанскія вучоныя пачалі працаваць над навуковым праектам “Міжнародныя сувязі казахскай літаратуры ў перыяд незалежнасці”, то раздзелы пра казахска-расійскія, украінскія і беларускія сувязі яна ахвотна ўзяла сабе.
Святлана вельмі любіць беларускія лясы, у якіх з дзядулем збірала грыбы. У кожны прыезд, расказвае, яны з маці абавязкова хадзілі па тэатрах, на канцэрты “Песняроў”, а неяк “хварэлі за мінскую хакейную каманду “Дынама” ў Палацы спорту”. Вельмі грэе яе душу, што паміж Беларуссю і Казахстанам умацоўваюцца сяброўскія адносіны. Згадвае, як хораша ў 2006 годзе ў Астане праходзілі Дні Мінска. “Мяне аж да слёз кранула тое, як сардэчна сустракалі беларускіх артыстаў... — Святлана тады якраз была ў Астане ў камандзіроўцы. — Бабулі-“апашкі” ў белых хустках паднімаліся на сцэну, дарылі кветкі, абдымалі, дзякавалі... І я яшчэ раз упэўнілася: сяброўства нашых народаў было, ёсць і будзе. Хочацца, каб і мая, наша супольная праца ўмацоўвала такія стасункі. Таму мы з калегамі заўсёды рады ўсталяванню новых гуманітарных, літаратурных кантактаў з беларусамі”.

Іван Ждановіч

←Мозаика со смыслом

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика