Рэкардсмен Павел Знавец

Источник материала:  
03.11.2010 08:25 — Разное
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13­-га склікання Павел Знавец уласнаручна сабраў за Яраслава Раманчука 2 655 подпісаў. Яго штодзённа можна было пабачыць у пікетах ля Камароўкі.

Рэкардсмен Павел Знавец
Фота Радыё Свабода

«Наша Ніва»: Як людзі рэагавалі на Вашы пікеты?

Павел Знавец: Добра. За Яраслава асабліва добра распісваліся. Увогуле людзі, што хочуць зменаў у краіне, распісваліся найлепш за тройку кандыдатаў: Раманчука, Саннікава і Някляева. За паэта ў апошнюю чаргу, бо людзі не ўпэўненыя, што творчы чалавек здольны якасна кіраваць краінай. За Саннікава маладыя распісвацца не вельмі хацелі. Зборшчыкаў за Цярэшчанку ўвогуле не бачыў. У Мінску някепска распісваліся за Кастусёва. Ну, ёсць у іх пэўная электаральная база. Тысяч 15 маглі сабраць, але па рэгіёнах ім было б значна цяжэй.

«НН»: Дык бар’ер у сто тысяч нехта мог пераадолець?

ПЗ: Думаю, што якраз Раманчук і Някляеў і пераадолелі. Не ведаю, як там у Саннікава, бо, кажуць, што ў рэгіёнах значна горш. Частка ж назбірала ў раёне 10 тысяч. Спадзяюся, што ў хрысціянскіх дэмакратаў хопіць сумлення не пісаць, што яны сабралі неабходную колькасць.

А хто такі Міхалевіч? Чаму людзі павінны распісвацца за яго?

Гэта самапіяршчыкі. Цяпер важна, каб Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў тых, хто сапраўды сабраў. Калі зарэгіструе ўсіх, то гэта будзе ганебна.

«НН»: А ў чым прывабнасць Раманчука для людзей?

ПЗ: Эканаміст, малады, разумны. Прыкладна таго самага ўзроўню, што Мядзведзеў у Расіі. Наяўнасць эканамічнай праграмы была ці не найбольш вырашальным чыннікам. Лічу, што не памыліўся з кандыдатам.

«НН»: На мінулых ці на гэтых выбарах падпісваліся лепш?

ПЗ: На мінулых выбарах я працаваў у той самай камандзе. Толькі тады нас было пятнаццаць чалавек, а зараз трынаццаць. Дык у 2006 годзе сабралі 5,5 тысячы за Казуліна, а цяпер — ужо 7 тысяч. Неаспрэчна, што падпісваліся цяпер лепш. Але ж і надвор’е было сёлета спрыяльнае.

«НН»: А як за Лукашэнку падпісваліся?

ПЗ: Былі нейкія людзі. Не ведаю, паказушныя ці не.

Але падпісвалася ў разы 3­4 меней, чым за сур’ёзных кандыдатаў.

«НН»: Колькі гадзін за суткі стаялі ў пікетах, што атрымалася выйсці на такі рэкордны паказчык?

ПЗ: Па дзесяць гадзін. На мяжы фізічных сілаў. Са мной працаваў такі Зміцер Камар. Ён сабраў 2300 подпісаў. Часта даводзілася стаяць пры моцным ветры... Ну, усё нармальна.

«НН»: Якая перспектыва ў Раманчука?

ПЗ: Пры нармальным выбары, калі ёсць тэледэбаты, можна было б разлічваць на перамогу. Думаю, што ўрэшце, калі будуць зарэгістраваныя Раманчук і Някляеў, то яны павінны зняцца, каб Лукашэнка застаўся ў гордай адзіноце. Але гэта пасля рэгістрацыі, цяпер яшчэ час працаваць.

Падзяліцца навіной: 

←У

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика