У Магілёўскай вобласці расце ўзровень жаночага алкагалізму
Як паведаміў 19 кастрычніка на семінары — нарадзе па прафілактыцы правапарушэнняў намеснік пракурора вобласці Сяргей Сільвановіч, павялічылася колькасць жанчын, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку з рознымі захворваннямі, звязанымі з ужываннем алкаголю і наркатычных сродкаў. Калі ў студзені—верасні мінулага года гэты паказчык складаў 5.006 жанчын, то за такі ж перыяд гэтага — 5.085.
На прафілактычным уліку па стане на 1 кастрычніка лічыліся 1.774 жанчыны, якія злоўжываюць алкаголем (1.711 жанчын — на 1 кастрычніка 2009‑га).
Як адзначыў намеснік пракурора, нягледзячы на памяншэнне ў гэты перыяд колькасці злачынстваў, учыненых асобамі ў стане алкагольнага ап’янення (з 3.057 да 2.988), «п’янства і алкагалізм працягваюць аказваць негатыўны ўплыў на стан правапарадку ў Магілёўскай вобласці». Удзельная вага злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, у рэгіёне вышэйшы, чым у сярэднім па Беларусі.
Найбольшая ўдзельная вага такіх злачынстваў адзначана ў Касцюковіцкім раёне — 50,9% ад усіх злачынстваў у Магілёўскай вобласці.
БелаПАН