Беларусы гатовыя да пераменаў, але без перамены ўлады?

Источник материала:  
12.10.2010 09:46 — Разное
Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі спрабуюць пераадолець атмасферу безнадзейнасці, якая ахутвала папярэднія кампаніі. Беларусы гатовыя да пераменаў — такі іх асноўны месідж. Аднак якіх пераменаў хочуць беларусы і ці спрацуе гэтае жаданне зменаў на апазіцыю?

Каб лепш зразумець адказ на гэтае пытанне, варта звярнуць увагу на гістарычныя дадзеныя, якіх, дзякуючы працы незалежных даследчых цэнтраў і перш за ўсё нашых калегаў з Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, у нас ужо багата для параўнальнага аналізу.

Працуючы ў штабе Уладзіміра Ганчарыка ў 2001 годзе, аўтар гэтых радкоў сам выкарыстоўваў звесткі апытанняў НІСЭПД, каб заахвоціць актывістаў да працы.

Светапоглядная трансфармацыя ў беларускім грамадстве пачалася ўжо даўно. Як змяніліся меркаванні беларусаў наконт палітыкі, якую пажадана праводзіць новаму прэзідэнту краіны, бачна з табліцы. Па профілі адказаў ідэальным прэзідэнтам Беларусі вымалёўваецца якраз-такі апазіцыйны кандыдат — рыначнік, дэмакрат, прыхільнік еўрапейскага выбару. У апошнім, дарэчы, і адбылася

галоўная трансфармацыя грамадскай думкі за апошнія дзевяць гадоў — у грамадстве рэзка знізіліся прарасійскія настроі і выраслі незалежніцкія і праеўрапейскія.

Аднак дэмакрат вымалёўваўся згодна з апытаннямі і ў 2001-м, прычым вымалёўваўся акурат Ганчарык (прафсаюзны бос савецкай загартоўкі), а не Сямён Домаш (хто не памятае — былы гарадзенскі чыноўнік, кандыдатуру якога падтрымлівала сетка няўрадавых арганізацый і большасць апазіцыйных партый). Толькі вось адпаведнасць пазіцыянавання Ганчарыка апытанням не дазволіла яму нават выйграць другое месца ў карэктнай канкурэнцыі (яго прызначэнне адзіным кандыдатам было змадэраванае вонкавымі актарамі), а што да яго супрацьстаяння Лукашэнку, дык элегантная перамога апошняга даўно ўвайшла ў фальклор.

А што цяпер?

Парадокс сітуацыі ў тым, што пры ўзмацненні арыентацыі грамадства на палітыку, якую звычайна прапагандуюць дэмакратычныя сілы, — гэтым і аргументуецца тэзіс пра гатоўнасць беларусаў да пераменаў — за дзевяць гадоў узраслі настроі і на захаванне курсу, які праводзіцца дзейнай уладай. Абсурд?

Не зусім. Па-першае, успрыняцце палітыкі дзяржавы масавай свядомасцю можа адрознівацца ад яе ўспрыняцця палітычна заангажаванай публікай. Нагадаем, у 1994 годзе электарат пакараў дэмакратаў за сацыяльныя і эканамічныя наступствы рэформаў, якіх у Беларусі папросту не было. Але сёння пра змены (лібералізацыю, інвестыцыі, Усходняе партнёрства з ЕС) размаўляюць бадай на кожным кроку.

Іншымі словамі, палітыка прэзідэнта неабавязкова ўспрымаецца ўсім грамадствам як антырынкавая і антыеўрапейская, і, як паказваюць дадзеныя таго ж НІСЭПД,

у электараце самога Лукашэнкі з’явілася праслойка тых жа «еўраэнтузіястаў» — хаця безумоўна, у асноўным ён дагэтуль зарыентаваны на дзяржаўнае рэгуляванне, «жорсткую руку» і Усход.

Па-другое, палітычныя арыентацыі могуць іграць толькі другасную ролю ў вызначэнні электаральнага выбару.

Беларускі электарат выключна прагматычна ставіцца да палітыкі дзяржавы і гатовы, кажучы словамі Дэн Сяопіна, прытуліць любую котку, якая будзе лавіць мышэй.

Згодна з тымі ж дадзенымі НІСЭПД, у 2010 годзе ў грамадскіх настроях адбыўся «аднаўляльны» посткрызісны рост сацыяльнага аптымізму (павялічылася колькасць тых, хто лічыць, што іх жыццёвы ўзровень за апошні час падвысіўся, і, адпаведна, колькасць тых, хто жадае яго далейшага паляпшэння) і ўзрасла, адпаведна, колькасць тых, хто лічыць, што справы ў краіне развіваюцца ў правільным кірунку (51% у верасні 2010; пасля выбараў 2006 так лічыла 56.6% рэспандэнтаў, у 2001 — толькі 38%, што не пашкодзіла, аднак, элегантнай перамозе).

Нарэшце, трэцяе магчымае тлумачэнне —

электарат гатовы да пераменаў, але баіцца ўзрушэнняў. Таму, запалоханы нявызначанасцю, незаангажаваны ў палітыку беларус хутчэй пагодзіцца, каб перамены ажыццявіла акурат дзейная ўлада.

У любым выпадку выглядае на тое, што палітычныя прэферэнцыі для большасці беларусаў — гэта перш за ўсё пытанні эстэтыкі, чым матывацыя электаральнага выбару. Рэзкія змены электаральных паводзінаў (як гэта было ў 1994) адбываюцца толькі ў выніку экзістэнцыяльнага шоку, гвалтоўнай ломкі сістэмы, якую ўрад не ў стане кантраляваць.

Апошнія некалькі гадоў апаненты Лукашэнкі песцілі надзею, што такая ломка адбудзецца ў выніку змянення ўмоваў гандлю вуглевадароднай сыравінай з Расіяй і сусветнага крызісу — аднак улада здолела амартызаваць наступствы фінансавых стратаў, натуральна ж, цаной назапашвання доўгатэрміновых праблем. Аднак яны стануць чыннікамі хіба наступных электаральных цыклаў (калі толькі ўлада сама не пойдзе на эканамічныя рэформы, і абедзве тэндэнцыі, зафіксаваныя намі, — адначасовае ўзмацненне рэфарматарскіх настрояў і арыентацыі на захаванне палітычнага статус-кво ў палітыцы — не ўзмоцняцца яшчэ больш).

Пакуль што

рэальнае сацыяльнае апірышча для апанентаў улады — хутчэй сярод расчараваных актуальнымі вынікамі сацыяльна-эканамічнага курсу, што праводзіцца ўладай, а не сярод тых, хто вызначае яго ў адпаведнасці з падручнікамі паліталогіі. Будучы прэзідэнт павінен (%), чэрвень 2001 - верасень 2010

Быць прыхільнікам рынкавай эканомікі 54,0 58.8

Быць прыхільнікам планавай эканомікі 24,1 14.1

Быць прыхільнікам падзелу ўлады 41,1 43.5

Быць прыхільнікам канцэнтрацыі ўлады ў адных руках 34,0 29.6

Быць прыхільнікам незалежнасці (2001) інтэграцыі з ЕС (2010) 37,5 39.1*

Быць прыхільнікам саюзу з Расіяй 44,7 24.1

Быць прыхільнікам працягу цяперашняга курсу 32,6 38.2

Быць прыхільнікам радыкальнай змены цяперашняга курсу 49,0 43.2

Прагаласавалі б за Лукашэнку 36.0 39.3

Падзяліцца навіной: 
Віталь Сіліцкі, Агенцтва палітычнай экспертызы BISS

←Вучоныя навучылiся чытаць думкi чалавека

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика