Калінкіна заклікае галасаваць за любога, абы не за Лукашэнку

Источник материала:  
01.10.2010 09:25 — Разное
Чым лепш ведаеш чалавека — тым менш у цябе ілюзій наконт яго. Акурат таму ў гэтыя дні самая распаўсюджаная рэакцыя прасунутай публікі такая. Ха-ха, Пятроў ідзе ў прэзідэнты! Ды я з ім якось гарэлку піў, які з яго прэзідэнт?! І нос не той, і біяграфія дрэнная, і розумам сонца не засланяе, — увогуле, не тое.

На днях у мяне ўзнікла спрэчка з вельмі прагрэсіўным апазіцыйным аналітыкам. Аказваецца, няма за каго яму на гэтых выбарах галасаваць: Някляеў — паэт, Саньнікаў — жоўчны, Раманчук — балбатун, Рымашэўскі — сектант і далей у тым жа духу. Увогуле, усе дрэнныя, ніхто не пасуе. Я пытаюся: «А Кастусёў?» — «Ну, Кастусёва я не ведаю, можа быць…»

Гэта значыць трэба быць такім вось Рыгорам Кастусёва з маленькага мястэчка, каб менская тусоўка цябе наогул не ведала і не перамывала костак.

Не зразумейце няправільна, я таксама не ведаю Кастусёва і супраць яго нічога не маю. Але мяне проста ятрыць сам падыход. Вось ужо прызначаныя прэзідэнцкія выбары, а мы давайце фантазіраваць пра ідэал. Зразумела, што

Раманчук не ідэал, і Саннікаў — не маці Тарэса, і Някляеў палітыкай ніколі раней не займаўся… Ну, давайце будзем шукаць ідэальнага — празаіка, добрага, маўклівага, правільнай веры (толькі б яшчэ вызначыцца — якой). А выбары няхай зноў выйграе спецыяліст шырокага профілю, які забавіўся толькі на адным месцы працы — прэзідэнцкім.

Калі разумныя людзі кажуць, што ў цяперашняй сітуацыі лепш хай застанецца Лукашэнка, трэба разумець, што маеш справу з праявай так званага «стакгольмскага сіндрому». Нагадаю, што ў псіхалогіі так называюць ахоўна-падсвядомую рэакцыю, нават сімпатыю, якая ўзнікае паміж ахвярай і агрэсарам. Менавіта таму закладнікі часта пачынаюць спагадаць сваім захопнікам, апраўдваць іх дзеяння, і ў канчатковым выніку атаясамліваць сябе з імі, пераймаючы іх ідэі і лічачы сваю ахвяру неабходнай для дасягнення «ўсіхнай» мэты. Прычым, трэба памятаць і тое, што ў псіхалогіі гэты стан не разглядаецца як хваравіты — ён лічыцца нармальнай рэакцыяй.

Прапаганда сёння абчапляе прарасейскімі тытуламі Някляева, Раманчука, Саннікава — гэта ж тая самая маніпуляцыя, якая ў захопніка і заложнікаў выяўляе супольную мэту.

Спадзяюся, гэта зразумеюць і Кастусёў, і Рымашэўскі, хоць калі яны «стрэляць» падчас гэтай кампаніі і выйдуць у лідэры сярод апазіцыянераў, я з радасцю прагаласую і за аднаго, і за другога. Таму што перакананая: любы будзе лепш, чым Лукашэнка. Бо задача гэтых выбараў не столькі выбраць ідэал, колькі выйсці нарэшце з парадыгмы Бульбастана. Дзе кіраўнік, атачыўшы сябе сынамі і апрычнінай мяркуе, што ён мае права кіраваць вечна.

І

чым больш мінусаў мы будзем вышукваць у тых, хто з’яўляецца рэальнай апазіцыяй Лукашэнка, тым даўжэй будзем заставацца ў закладніках у гэтага алігархічнага сямейства.

Таму што ідэальных людзей няма, ідэальных кандыдатаў няма, ідэальных прэзідэнтаў няма. Але той, які ёсць, горшы сваіх апанентаў ўжо таму, што трывала замацаваўся ў сусветным рэйтынгу горшых.

Падзяліцца навіной: 
skalinkina.livejournal.com

←Плохо раскрытая тема

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика