Як Лукашэнка «разводзіць» расейскіх журналістаў
Каб далёка не хадзіць, зазірнем для пачатку ў 2009 год. Тады Лукашэнка, у прыватнасці, паведаміў расейскім журналістам, што ў Беларусі тры гады таму дэмаграфічная сітуацыя стала змяняцца --
«пайшоў значны прырост насельніцтва».«Салідарнасць» звярнулася да дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь.
2005 год -- 9 млн. 800 тыс.
2006 год -- 9 млн. 751 тыс.
2007 год -- 9 млн. 714 тыс.
2008 год -- 9 млн. 690 тыс.
2009 год -- 9 млн. 493 тыс.
2010 год (на 1 верасня) -- 9 млн. 466 тыс.
Вы тут «значны прырост» хоць дзе-небудзь бачыце? Ці хаця б проста прырост?Вышэйзгаданая заява дыктатара (як, зрэшты, і многія іншыя) была разлічана на тое, што расейскія журналісты павераць яму на слова і не стануць параўноўваць сказанае хоць бы з афіцыйнай інфармацыяй.
А цяпер, мабыць, самая знакамітая гісторыя, звязаная з адкрыццямі беларускага кіраўніка на сустрэчах з расейскімі журналістамі. У 2006 годзе кіраўнік Беларусі расказаў, што ў калгасе, прададзеным Нацбанку, даяркі атрымліваюць па 600 даляраў за месяц. Газета «Салідарнасць» па гарачых слядах звярнулася тады ў падшэфную гаспадарку Нацыянальнага банка -- ААТ «Александрыйскае» - і працытавала словы Лукашэнкі, чым вельмі развесяліла супрацоўніц бухгалтэрыі. Адсмяяўшыся, яны распавялі, што сярэдні заробак у даярак складае каля 600 тысяч рублёў (па тым курсе гэта менш за 300 даляраў).
Тым не менш,
на наступнай прэс-канферэнцыі, у 2007 годзе, беларускі кіраўнік «давёў» заробак даярак да 700-800 USD. А на леташняй сустрэчы з расейскімі журналістамі гэтая лічба вырасла ўжо да 1000 даляраў.На жаль, Нацыянальны статыстычны камітэт не прыводзіць асобных дадзеных па даходах даярак. Але для таго, каб зрабіць высновы, дастаткова азнаёміцца з афіцыйнымі звесткамі аб заробках аграрыяў у цэлым.
За студзень-жнівень 2010 года сярэдняя налічаная зарплата ў сельскай гаспадарцы склала 776.541 рубель (каля 250 даляраў па цяперашнім курсе).Вадзім Ліўнёў, gazetaby.com