Уладзімір Някляеў адказаў на абвінавачванні ў безідэйнасці
Ад пачатку разумеючы, што, апрача ціску ўлады, грамадзянскую кампанію «Гавары праўду!» будзе паскубваць, не роўна дыхаючы, яшчэ й апазіцыя, я ўзяў за правіла не адказваць ні на якія закіды ў наш бок. Не ўлазіць ані ў якія апазіцыйныя разборкі. Не губляць на гэта сілы і час займацца справай. Аднак правілаў, як вядома, не бывае без выключэнняў…
Чаму я вырашыў адказаць (пры ўсіх астатніх папроках і абвінавачваннях) менавіта на закіды Івана Шылы?
З якой мэтай?
Вось дакумент, які называецца «Стратэгія кампаніі «Гавары праўду» і які перададзены мной у рабочую групу па выпрацоўцы агульнай стратэгіі аб’яднанай апазіцыі на чарговых прэзідэнцкіх выбарах.
Цытую пачатак:
«Кампанія «Гавары праўду!» ствараецца ў знешнепалітычнай і ўнутрыпалітычный сітуацыі, спрыяльнай для перамогі дэмакратычных сіл у Беларусі.Дзейнасць кампаніі ўнутры краіны скіраваная на стварэнне ўмоў для дасягнення перамогі, найпершай з якіх з’яўляецца адзінства дэмакратычных сіл. Пры немагчымасці кансалідацыі кампанія дзейнічае самастойна.
Знешнепалітычная дзейнасць кампаніі скіраваная на ўзаемадзеянне з палітычнымі сіламі, якія сваімі ўплывамі здольныя змусіць аўтарытарны беларускі рэжым наблізіць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі да дэмакратычных стандартаў.
Мэтай і задачай грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» з’яўляецца перамога ў прэзідэнцкіх выбарах.Дзеля гэтага:
1.Вызначаецца кандыдыт у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, здольны здабыць перамогу.
2.Акумулюцца рэсурсы для стварэння структуры, здольнай забяспечыць удзел і перамогу ў прэзідэнцкіх выбарах.
3.Ствараецца структура».
Тое, што гэты дакумент дасюль мы не публікавалі — не стратэгія, а тактыка. Трэба было паспець набрацца сілы да таго, як нас паспрабуюць знішчыць. І мы паспелі.
Зрэшты, мэта кампаніі «Гавары праўду» была відавочная і без публікацыі стратэгіі: змена ўлады. Праз удзел і перамогу ў прэзідэнцкіх выбарах. Зрабіўшы дзеля перамогі ўсё, што можам, і ўсім дзеля яе ахвяруючы. Дайшоўшы, ні перад чым не спыняючыся, да канца. А маладафронтавец Іван Шыла папракае нас, што мы не маем акрэсленай ідэі, «нічога не ўяўляем у ідэйным сэнсе».
Калі мэта скінуць дыктатуру і ўсталяваць дэмакратыю «нічога не ўяўляе ў ідэйным сэнсе», дык што тады ў тваім разуменні ёсць ідэя, Іване?Адзін з доказаў нашай «безыдэйнасці» нібыта ў тым, што, не надта разлічваючы на перамогу ідэі (духу), мы ўключылі ў барацьбу не духоўнае, а матэрыяльнае: грошы. Што мы перакупляем сяброў розных партый і рухаў, на шматкі раздзіраючы апазіцыю, якая дасюль была цэласнай, а пра грошы нават не сніла.
Пакінем у баку сны…
Калі мы пралічвалі, якія сродкі спатрэбяцца для правядзення кампаніі, мы разумелі: колькі б мы грошай ні сабралі — у Лукашэнкі іх будзе больш. Амапаўцу заплацяць не столькі, колькі валанцёру. Але кожнаму — за што?.. І ў гэтым «за што?» — перавага кожнага валанцёра над кожным амапаўцам.
Разумеючы гэта, разлічвалі і разлічваем мы не на грошы, а на людзей. На цябе, Іване, і на такіх, як ты.
У нас зусім не столькі сродкаў, як некаму ўяўляецца. Проста мы стараемся эфектыўна іх скарыстоўваць. Канцэнтруем на асноўных напрамках. Таму кожны раз вырашаем задачы, якія ставім. Якія — прыступка за прыступкай — вядуць нас да мэты.
Я веру ў тое, што мы да яе дойдзем. Што пераможам — і зменім Беларусь.
Цябе цікавіць: у які бок?..
Праз канстытуцыйную рэформу ў бок
Праз эканамічную рэформу ў бок рынкавай эканомікі з рэальнымі інвестыцыямі ў вытворчасць, у новыя тэхналогіі, з непарушнай прыватнай уласнасцю — у тым ліку на зямлю.
Праз абедзьве рэформы ў бок насамрэч незалежнай, заможнай, дэмакратычный — з еўрапейскімі традыцыямі — Беларусі. З еўрапейскімі традыцыямі, бо нашы продкі — стваральнікі адной з першых (і найлепшых) еўрапейскіх канстытуцый.
Усё гэта ўжо даўно павінна было б у нас быць. Чаму ж да сёння мы гэтага не дасягнулі? Чаму 16 гадоў (амаль усё тваё свядомае жыццё, Іване) у Беларусі пануе ўлада, якая спляжвае ўсё беларускае? Чалавечае. Годнае, высокае… Каго, апроч улады, у тым вінаваціць? Апазіцыю? Каго ў апазіцыі?..
Я не стаў вінаваціць нікога, апроч сябе самога. Тое самае раю зрабіць і астатнім.
Сам я ў гэтым часе жыў. І нічога нельга спісаць на тое, што я паэт, што палітыка — не мая справа. Ніхто не можа апраўдацца тым, што ён не палітык. Бо кожны — грамадзянін.
Праблема, зразумела, не ў маіх — ці ў нечых — рэфлексіях. Не ў віне і пошуках апраўданняў. Усё гэта мной адкінута (пакінута на пасля), каб не замінала. Каб ясна бачыць мэту і шлях да яе.
Я б вельмі хацеў, каб на гэтым шляху ты быў побач, Іван. Не зважаючы на плёткі і чуткі, быў з праўдай. Бо, як сказаў невядомы мне палкоўнік з відэароліка, знятага ў дзень тваёй вайсковай прысягі: «Праўда ў нас адна».
У траўні гэтага года прадстаўнікамі 12 моладзевых арганізацый быў прыняты «Мемарандум беларускае моладзі». У ім сказана:
«…Мы, ніжэй падпісаныя прадстаўнікі моладзевых дэмакратычных аб’яднаньняў, падпісваем наступны мэмарандум галоўных патрабаваньняў да кандыдатаў у прэзыдэнты ад дэмакратычнага руху Беларусі:
плошчу Кастуся Каліноўскага, каб разам дамагацца праўдзівых вынікаў галасаваньня.
На мемарандум моладзі не адраэгаваў пакуль ніводны з магчымых кандыдатаў у прэзідэнты. Мочаш лічыць, Іван, што гэтым лістом да цябе я падпісваюся пад гэтым мемарандумам.
Уладзімір Някляеў, naviny.by