Зорка і смерць Льва Троцкага

Источник материала:  
20.08.2010 09:25 — Разное

Трэпанацыя чэрапа

У маі 1940 года на Льва Троцкага, які жыў у мексіканскім горадзе Каяакан, быў зроблены замах. Куплены ім дом на Авеніда Вьена ўначы атакавалі некалькі чалавек. Троцкі і яго жонка Наталля Сядова, абуджаныя стрэламі з кулямётаў, спачатку вырашылі, што гэта святочны феерверк. Усяго па пакоі, дзе яны спалі, як потым канстатуе паліцыя, было зроблена каля 200 стрэлаў. Але ніхто не пацярпеў. Камандаваў атрадам славуты мексіканскі мастак Давід Сікейрас, камуніст і адданы прыхільнік Сталіна.

Гэты эпізод увайшоў у вядомы амерыканскі фільм «Фрыда», прысвечаны біяграфіі мексіканскай мастачкі Фрыды Кало — жонкі іншага знакамітага мексіканскага мастака Дыега Рыверы. Пасля прыезду ў Мексіку ў 1937 Троцкі нейкі час жыў у яго доме. Пра раман Тоцкага з Фрыдай стала вядома Наталлі і гэта ледзь не скончылася яе сыходам. У выніку Троцкі з жонкай пераехалі ў іншы горад.

Там агенту НКВД Рамону Меркадэру пад выглядам амерыканца Джэксана ўдалося пазнаёміцца з Троцкім. Летам 1940 ён неклькі разоў, нібыта выпадкова, падвозіў іх па справах на сваім аўтамабілі, выконваў розныя даручэнні. Аднойчы ён прынёс Троцкаму свой рукапіс, каб той яго ацаніў.

20 жніўня «Джэксан» прыйшоў за адказам. Ён быў апрануты ў даўгі плашч, нягледзячы на тое, што свяціла сонца. Пад плашчом быў схаваны ледаруб, якім ён, калі Троцкі схіліўся над рукапісам, ударыў яго па галаве з усёй сілы. Забойца быў упэўнены, што той імгненна памрэ. Але Троцкі пранізліва закрычэў, ускочыў і стаў кідаць у нападніка ўсё, што трапляла пад руку — кнігі, чарнільніцу, дыктафон, а затым кінуўся на яго сам. Яму ўдалося нават вырваць у забойцы ледаруб з рук. Той настолькі разгубіўся, што не выкарыстаў ні нож, ні рэвальвер, якія ў яго былі.

Калі Наталля ўбегла ў кабінет, твар Троцкага быў заліты крывёй, якая цякла з прабітага чэрапа. У сваіх успамінах Сядова пісала, што ў першы момант ёй падумалася: магчыма, нешта звалілася на мужа са столі, бо ў кабінеце йшоў рамонт. На пытанне: «Што здарылася?» Троцкі адказаў: «Джэксан». Потым дадаў: «Вось гэта і адбылося…»

Ахоўнікі, якія прыбеглі са спазненнем, кінуліся на забойцу і пачалі яго збіваць. Потым яны распавялі, што Джэксан прамовіў: «Яны трымаюць мяне, яны пасадзілі маю маці». Але сувязь з НКВД адмаўляў. (За забойства Троцкага Меркадэру прысвояць званне Героя Савецкага Саюза).

Пасля замаху Троцкі пражыў амаль суткі, хоць глыбіня раны ад ледаруба была 7 сантыметраў. У мозг трапілі аскабалкі раструшчанай косткі. Трэпанацыя чэрапа ў мясцовым шпіталі скончылася няўдачай. Увечары 21 жніўня 1940 года Троцкі сканаў.

«Красная армия всех сильней…»

Ёсць імёны, якія назаўжды застаюцца ў гісторыі як сімвал. Да такіх персанажаў належаць Уладзімір Ленін і Леў Троцкі. Толькі з Леніна пасля яго смерці ляпілі святога, амаль што бога, а Троцкага яшчэ пры жыцці пачалі маляваць выключна чорнымі фарбамі.

Слова «трацкіст» у СССР надоўга стала самым страшным абвінавачаннем, аналагам выразу «вораг народа». Імя рэвалюцынера выкрэслілі з усіх савецкіх падручнікаў і кніг, пакінуўшы толькі выраз Леніна «юдушка Троцкі».

Для сучасных прыхільнікаў Сталіна ён па-ранейшаму застаецца ўвасабленнем зла. Гаворачы пра яго, расійскія патрыёты падкрэсліваюць сапраўднае імя Троцкага — Лейба Бранштэйн. (Ён нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і пад Адэсай, але ў дзяцінстве размаўляў па-ўкраінску і па-расейску, а не на «ідыш»). На яго ўскладаюць адказнасць за «чырвоны тэрор», за грамадзянскую вайну, за «разказачванне» і калектывізацыю.

Між тым, яшчэ на пачатку 1920 года Троцкі ініцыяваў замену так званай харчразвёрсткі на натуральны падатак у хлебаробных раёнах Украіны, Сібіры і на Доне ды пастаўку сялянам прамтавараў у абмен на якаснае збожжа. Гэта азначала згортванне палітыкі «ваеннага камунізму». Тады ЦК РКПБ не падтрымала Троцкага. А ў жніўні таго ж года на Тамбоўшчыне пачалося сялянскае паўстанне пад кіраўніцтвам былога эсэра Антонава («Антонаўшчына») Падавіць яго бальшавікам удалося толькі праз два гады. У 1921-м, пасля Кранштадскага паўстання, Ленін абвесціць «новую» эканамічную палітыку — НЭП.

Паняцце «чырвоны тэрор» сапраўды прыдумаў Троцкі. Але ж Ленін таксама гаварыў і пісаў пра неабходнасць «масавіднага тэрора»- у тым ліку, супраць інтэлігенцыі і святароў.

Троцкі быў не толькі аўтарам паняцця «чырвоны тэрор», але і фактычным арганізатарам Чырвонай арміі. Яму належыць ідэя зрабіць чырвоную пяціканцовую зорку яе сімвалам. Потым чырвоная зорка, разам з сярпом і молатам, стане галоўным сімвалам савецкай дзяржавы. Застаецца яна, між іншым, і на гербе Рэспублікі Беларусь.

Пяціканцовая зорка, як вядома, ёсць адным з сімвалаў масонства. Ненавіснікі Троцкага лічаць яго адным з галоўных арганізатараў сусветнай жыда-масонскай змовы, ахвярай якой стала Расія. Але што сімвалізуюць сабой выпадку рубінавыя пяціканцовыя зоры на вежах Крамля? Чаму іх дагэтуль не знялі?

«Партыя абавязана тав. Троцкаму…»

Сталін прызнаваў кіруючую ролю Троцкага ў Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 1918 годзе ён пісаў: «Уся работа ў практычнай арганізацыі паўстання праходзіла пад кіраўніцтвам старшыні Петраградскага Савета т. Троцкага. Можна з упэўненасцю сказаць, што хуткім пераходам гарнізона на бок Савета і ўмелай пастаноўкай работы Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта партыя абавязана перш за ўсё і галоўным чынам тав. Троцкаму».

Роля Троцкага яскрава адлюстравана ў кнізе амерыканскага журналіста Джона Рыда «10 дзён, якія скаланулі свет». Рыд быў відавочцам рэвалюцыйных падзей восені 1917 ў Петраградзе. Праз некалькі гадоў яго кніга, перакладзеная на расійскую мову, была забаронена ў СССР і перавыдадзена толькі пасля ХХ з’езда КПСС.к

У Сталіна, аднак, былі падставы ненавідзець Троцкага. У 1918-м той ужо быў народным камісарам па вайсковых і марскіх справах (ваенморам) і старшынём рэвалюцыйнага ваеннага савета (РВС) РСФСР. Троцкі тады скрытыкаваў некампетэнтныя дзеянні Сталіна на фронце падчас абароны Царыцына. (Гэта быў, дарэчы, першы і апошні раз, калі будучы генсек надоўга пакінуў Крэмль і рэальна рызыкаваў жыццём). Сталін, зразумела, не мог дараваць той эпізод Троцкаму. Але справа не толькі ў гэтым.

Троцкі быў бліскучым аратарам і публіцыстам, які дазваляў сабе адкрыта спрачацца з Леніным на роўных. Ён быў папулярным у масах. Ні Каменеў, ні Зіноўеў, ні нават Бухарын, «Бухарчык», якога называлі «улюбёнцам партыі», не мелі тых якасцяў рэвалюцыянера, што былі ў Троцкага. Трацкісты былі, між іншым, адзінай палітычнай сілай, якая рэальна супрацьстаяла Сталіну. Яны ладзілі мітынгі і дэманстрацыі па ўсёй краіне ў падтрымку свайго лідэра. Многія трацкісты заставаліся нязломнымі і ў сталінскім ГУЛАГу. Іх можна было знішчыць фізічна, але не маральна, як гэта здарылася з Каменевым, Зіноўевым, Бухарыным і іншымі бальшавікамі перад тым, як іх расстралялі.

«Застраліце мяне, таварыш Троцкі…»

На самым пачатку 1927 года ГПУ інфармавала Троцкага, што адпаведна артыкулу 57 крымінальнага кодэкса РСФСР — за контррэвалюцыйную дзейнасць ён будзе высланы ў Алма-Ату 16 студзеня. У гэты дзень па яго, аднак, не прыйшлі. На Казанскім вакзале ў Маскве, адкуль ён павінен быў выправіцца ў Алма-Ату, адбылася бурная дэманстрацыя пратэсту. Улады вырашылі адкласці дэпартацыю, прызначыўшы ад’езд на 18-га. Але агенты ГПУ з’явіліся ў кватэры Троцкага напярэдадні, каб абхітрыць яго прыхільнікаў.

«Троцкі зачыніўся і адмовіўся ўпусціць супрацоўнікаў ГПУ. Гэта быў знак пасіўнага супраціву: раней ён заўсёды сустракаў так любую паліцыю, якая спрабавала арыштаваць яго. Праз зачыненыя дзверы Троцкі і афіцэр, які камандаваў атрадам, вялі перамовы. Нарэшце афіцэр загадаў ламаць дзверы, і агенты ўварваліся ў пакой. Паводле дзіўнага збегу акалічнасцяў афіцэр, які прыйшоў арыштаваць Троцкага, служыў у яго ваенным цягніку ў гады грамадзянскай вайны адным з ахоўнікаў. Пабачыўшы былога начальніка, ён страціў самаўладанне і ў адчаі мырматаў: „Застраліце мяне, таварыш Троцкі, застраліце мяне“ (…) Узброеныя агенты знялі з яго пантофлі, апранулі і, паколькі ён адмаўляўся ісці, панеслі яго па прыступках пад крыкі і воплі сям’і Троцкага…»

Так апісвае сцэну высылкі Ісаак Дойчэр у сваёй кнізе «Троцкі ў выгнанні». (Варта сказаць некалькі словаў пра яе аўтара. У 1932 годзе Дойчэр уступіў у шэрагі трацкістаў, за што быў выключаны з кампартыі Польшчы. Пасля акупацыі Польшчы Дойчэр эміграваў у Англію, дзе не далучыўся ні да воднай з партый. У 1957 годзе ён накіраваў ліст пратэсту ЦК ПАРП супраць выключэння з партыі маладых трацкістаў Яцэка Кураня і Караля Мадзелеўскага. Праз дваццаць гадоў абодва спрычыняцца да стварэння «Салідарнасці»).

У Алма-Аце Троцкаму далі чатырохпакаёвую кватэру. Час ён бавіў у асноўным на паляванні. Хаця спачатку яму не дазвалялі выязджаць далей за 25 вёрст ад горада, Троцкі накіраваў тэлеграму з пратэстам старшыні ГПУ Мянжынскаму, і яго сталі адпускаць надоўга. Зарабляў ён на жыццё рэдагаваннем, карэктарскай працай, а таксама перакладамі Маркса і Энгельса на расійскую мову.

Аднак, вёў ён і перапіску з сябрамі антысталінскай апазіцыі.

Праз год пасля высылкі з Масквы дом Троцкага ў Алма-Аце акружылі супрацоўнікі ГПУ. Яго прадстаўнік паказаў Троцкаму ордэр — на гэты раз з новым прадпісаннем: «выслаць па-за межы СССР». У адказ на патрабаванне даць распіску ён напісаў: «Злачынная па сутнасці і беззаконная па форме пастанова ГПУ мне абвешчана 20 студзеня 1929 года».

Спачатку Троцкага адвезлі ў Фрунзе (так называлася тады сталіца Кіргізіі), дзе пасадзілі на цягнік, які йшоў у еўрапейскую частку СССР. У дарозе яму паведамілі, што яго дэпартуюць у Канстанцінопаль.

«Здраджаная рэвалюцыя»

З Адэсы ў Турцыю Троцкага даставілі на судне з сімвалічнай назвай «Ільіч».

У Турцыі Троцкаму было дазволена жыць на Прынцавых выспах, у ізаляцыі ад знешнега свету. У 1932 яго пазбавілі савецкага грамадзянства. Потым былі Францыя, Данія, Нарвегія. Нарвегія, якая пабойвалася свайго ўсходняга суседа — СССР, імкнулася як мага хутчэй выштурхнуць Троцкага з краіны. Англія і ЗША, да якіх ён звяртаўся з просьбамі аб візе, катэгарычна адмовілі. Урэшце Троцкі накіраваўся ў Мексіку.

Там ён апублікаваў шэраг вядомых артыкулаў — «Пачатак канца» і «Сталінізм і бальшывізм (Да пытання аб гістарычных і тэарэтычных каранях Чацвёртага Інтэрнацыянала)», у якіх рэзка крытыкаваў сталінскую палітыку. У артыкуле «Сталінізм і бальшавізм» Троцкі пісаў: «Сталінізм стаў пугай для Савецкага Саюза і праказай сусветнага рэвалюцыйнага руху. У царстве ідэй сталінізм — нішто. Але затое гэта грандыёзны апарат, які эксплуатуе дынаміку найвялікшай рэвалюцыі і традыцыю яе гераізму і пераможнасці. З творчай ролі рэвалюцыйнага гвалту ў пэўны гістарычны перыяд Сталін з уласцівай яму эмпірычнай абмежаванасцю зрабіў выснову пра ўсемагутнасць гвалту наогул (…) Казарма ГПУ — не той ідэал, за які змагаецца рабочы клас».

Троцкі не абмежаваўся толькі крытыкай. У артыкуле «Што такое СССР і куды ён ідзе?» ён пісаў: «Справа не ў тым, каб замяніць адну пануючую кліку іншай, а ў тым, каб змяніць самыя метады кіравання гаспадаркай…» Па-сутнасці, Троцкі прапанаваў праграму новай рэвалюцыі: «Бюракратычнае самаўладдзе павінна саступіць месца савецкай дэмакратыі. Аднаўленне права крытыкі і сапраўднай свабоды выбараў ёсць неабходнай умовай далейшага развіцця краіны. Гэта вымагае аднаўлення свабоды савецкіх партый, пачынаючы з партыі бальшавікоў, і адраджэння прафесійных саюзаў».

Ясна, што гэтыя артыкулы, а таксама кніга Троцкага «Здраджаная рэвалюцыя», выдадзеная яшчэ ў 1936, паскорылі развязку драмы.

Запавет

У прадбачанні развязкі Троцкі ў лютым 1940 напісаў свой Запавет. Паводле формы ён нагадвае палітычны запавает Леніна. Але ёсць істотныя адрозненні. Палова тэкста запавета прысвечана Наталлі Сядовай. Іх шлюб не быў зарэгістраваны, бо афіцыйна Троцкі ніколі не быў разведзены з першай жонкай — Аляксандрай Сакалоўскай, з якой ажаніўся ў 1898 годзе ў турме. (Сакалоўская загінула ў ГУЛАГу ў 1938). З Наталляй ён сустрэўся ў 1903 годзе ў Парыжы, і з таго часу яны не разлучаліся. Раман з Фрыдай Кало быў апошнім, але далёка не адзіным у жыцці Троцкага. Біёграфы згадваюць яго сувязь з англійскай мастачкай Шэрыдан, якая захаплялася рэвалюцыянерам. Летам 1918 Ларыса Рэйснер разам з мужам Раскольнікавым правяла месяц у кампаніі Троцкага на Усходнім фронце пад Свіяжскам, пасля чаго прысвяціла яму сваю паэму «Свіяжск».

І ўсё ж, у сваім запавеце Троцкі так пісаў пра Наталлю Сядову: «У дадатак да шчасця быць барацьбітом за справу сацыялізма лёс падараваў мне шчасце быць яе мужам. Амаль за сорак гадоў нашага супольнага жыцця яна заставалася невычарпальнай крыніцай велікадушнасці і пяшчоты».

Наталля была побач з Троцкім да апошніх хвілін яго жыцця…

Амерыканскія трацкісты хацелі перавезці яго цела ў ЗША, але дзярждэп адмовіў Троцкаму ва ўездзе нават мёртваму. Пяць дзён яго цела было выстаўлена ў Каяакане для развітання, у якім узялі ўдзел трыста тысяч чалавек. Потым яго крэміравалі. Прах Троцкага пахаваны на тэрыторыі маленькай крэпасці ў Каяакане. Дарэчы, у Мексіцы, як і ўвогуле ў Лацінскай Амерыцы, яго імя застаецца не менш папулярным сярод рэвалюцыянераў левага толку, чым, скажам, імя Чэ Гевары.

Дагэтуль існуе заснаваны Троцкім IV інтэрнацыянал. Справа яго жыве?

Віталь Тарас

Падзяліцца навіной: 
Віталь Тарас

←Интернет спасет только капитальный ремонт

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика