Магазін «Савецкі», кілбаса «Калядная»
Гарэлка «СССР», майкі з савецкім гербам, марожанае «28 капеек», вагон-рэстаран у цягніку Гродна-Масква, аформлены ў стылі савецкай эпохі — усё гэта не бянтэжыць беларусаў. Прынамсі, большасць з іх. Частка грамадства выступае катэгарычна супраць ўжывання савецкай сімволікі дзе б там ні было, нагадваючы пра сталінскія рэпрэсіі і паднявольны стан Беларусі ў складзе бальшавіцкай імперыі. Пры гэтым у прыклад ставяцца гучаць суседнія краіны, дзе савецкія сімвалы забароненыя на афіцыйным узроўні. Тым не менш, у Беларусі дагэтуль не лічыцца заганным выкарыстоўваць настальгію па нядаўнім мінулым, а некаторыя прадпрымальныя людзі робяць на гэтым нішавы бізнес. Наколькі ён перспектыўны і ці варта нам баяцца «саветызацыі» — на гэтыя пытанні адказваюць кіраўнік партала Marketing.by Сяргей Скараход і філосаф Валянцін Акудовіч. За прыклад мы ўзялі сталічны магазін «Савецкі» — нядаўна створаную сетку крамаў мясной кулінарыі.
«Савецкі», бо якасна і танна
Магазін «Савецкі» з’явіўся ў Мінску паўгода таму. Гэта сетка мясных крамаў, якая належыць ТАА «Савецкі век». Пакуль у сталіцы працуе чатыры гандлёвыя кропкі, якія прадаюць уласную прадукцыю. Чаму «Савецкі»? Дырэктар прадпрыемства Дзмітры Свірыдаў тлумачыць: «Мы спрабуем рабіць прадукцыю, якую многія памятаюць з тых недалёкіх часоў. Пры гэтым робім акцэнт на высокую якасць і прывабную для пакупнікоў цану». Дзмітры Віталевіч прызнаецца, што назва крамаў пакуль не асабліва спрыяе бізнесу. Але ж і на рынку яны ўсяго паўгода. Аднак пэўная база сталых пакупнікоў ўжо сабралася.
Пры бліжэйшым разглядзе апынулася, што савецкая ў тых крамах хіба толькі назва. Асартымент і сапраўды неблагі, у інтэр’еры і абсталяванні і намёку няма на стылізацыю пад чырвонае мінулае. Пра тое, што гэта ўсяго толькі бізнес, гавораць назвы кілбасаў — «Святочная», «Калядная», «Элітная».
«Стары пакупнік адыходзіць»
Кіраўнік партала Marketing.byСяргей Скараход мяркуе, што бізнес, цалкам выбудаваны на эксплуатацыі настальгіі па мінулым, не мае доўгатэрміновай перспектывы. «Пакаленне, якое настальгуе па Савецкім Саюзе, незваротна сыходзіць. Акрамя таго, гэта катэгорыя пакупнікоў адносіцца да самай кансерватыўнай і неразваротлівай». Прымусіць іх здрадзіць бліжэйшай краме цяжкавата, нават вывесіўшы кумачовую шыльду на вітрыне. Найбольш жа актыўнай і перспектыўнай для прадаўца з’яўляецца генерацыя 18-33 гадовых пакупнікоў, большасць з якіх па аб’ектыўных прычынах не мае сантыментаў да савецкага.
«У беларусаў няма такой варожасці да савецкага»
«Беларусам цяжка навязаць адназначна негатыўнае стаўленне да ўсяго савецкага. БССР была адна з самых заможных краін у Саюзе, само існаванне пад Масквой дагэтуль не ўспрымаецца большасцю, як акупацыя. У адрозненне ад прыбалтыйскіх краінаў, дзе савецкую сімволіку забаранілі», — кажа філосаф Валянцін Акудовіч. Але ў пытаннях гандлю ў дадзеным выпадку маркетолагаў можа чакаць непрыемны сюрпрыз. «Што-што, а савецкі гандаль — сапраўдная чорная пляма на светлым тле ўспамінаў пра нядаўняе мінулае. Ні вопраткі якаснай, ні абутку. Пастаянныя чэргі, а на астачу — дэфіцыт».
Філосаф заклікае залішне не пераймацца з той нагоды, што хтосьці носіць майку з савецкім гербам, ці набывае гарэлку «СССР». «Гэта толькі мода, і натуральна, што на гэтым нехта спрабуе зарабіць».
Сямён Печанко