Дваццаць гадоў Незалежнасці: што зроблена?

Источник материала:  
05.08.2010 15:01 — Разное
Параўнаем набыткі беларускай незалежнасці з пачаткамі Другой Рэчы Паспалітай.

Прайшло два дзесяцігоддзі ад прыняцця Вярхоўным Саветам тады яшчэ БССР Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і амаль дзевятнаццаць гадоў, як мы фактычна жывём у незалежнай краіне. Прыкладна столькі часу землі Заходняй Беларусі знаходзіліся ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. Таму хацелася б параўнаць, што зрабіла за гэты прамежак тагачаснае польскае кіраўніцтва, з тым, што зроблена ў нас за апошнія два дзесяцігоддзі.

Адраджэнне польскай дзяржавы ў 1918 годзе, як і адраджэнне незалежнай Беларусі, стала магчымым пасля развалу імперыі: тады царскай, цяпер савецкай. Палякам дасталася горшая спадчына. Тэрыторыя краіны больш за сто гадоў была падзеленая паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй. Па яе тэрыторыі чатыры гады праходзілі ваенныя дзеянні Першай сусветнай вайны. Амаль тры гады лінія фронту праходзіла па Заходняй Беларусі. Потым гэтая тэрыторыя некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі то да немцаў, то да бальшавікоў, то да палякаў. І толькі пасля савецка-польскай вайны 1920-га пачало адраджацца мірнае жыццё. Але ніхто з тагачасных палітыкаў не рабіў кар’еры на настальгіі па імперыі. Польскасць адраджалася ва ўсіх сферах жыцця. У нас жа цяперашні рэжым усталяваўся, дзякуючы настальгіі вялікай часткі насельніцтва па савецкім мінулым.

Калі параўнаць эканамічныя ўмовы, якія дасталіся Другой Рэчы Паспалітай і незалежнай Беларусі, параўнанне будзе не на карысць палякаў.

Гаспадарка была паралізаваная ў выніку ваенных дзеянняў. У выніку ўтварэння новай дзяржавы і развалу імперыі былі парушаныя ўсе эканамічныя сувязі. Тым не менш, гаспадарка краіны здолела хутка адрадзіцца, дзякуючы прыватнай ініцыятыве і патрыятычным настроям палітычнага кіраўніцтва (вядома, патрыятызму польскаму). У нас жа ў 1990-я ад кіраўнікоў розных рангаў толькі і чулася, што ва ўсіх бедах вінаваты развал СССР і тыя людзі, што да гэтага спрычыніліся.

Тагачасная Польшча шмат увагі аддавала развіццю адукацыі і культуры, вядома ж, зноў не беларускай. І таму пацверджанне можна знайсці нават сёння. Многія этнічныя беларусы, зазнаўшы таго ўплыву, зрабіліся палякамі па культуры. За гады беларускай незалежнасці сфера ўжывання беларускай мовы ўвесь час скарачаецца. Асноўныя дзяржаўныя газеты (акрамя «Звязды») выходзяць па-расейску, беларускай мовы амаль няма на дзяржаўным тэлебачанні, справаводства па-беларуску няма. І гэта пасля дваццаці гадоў незалежнасці?!

Шмат напісана, што палякі ўціскалі беларусаў, душылі развіццё нашай культуры. Дык гэта ж палякі, яны абаранялі інтарэсы сваёй дзяржавы. А інтарэсы якой дзяржавы абараняе ўлада Рэспублікі Беларусь, калі за патрабаванне даведкі на роднай мове цябе могуць не тое што прынізіць, а нават аштрафаваць? Ды што там даведку, пацярпець у нас можна нават проста за размову на роднай мове.

Такія вось сумныя думкі падчас дваццацігоддзя прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці…

Падзяліцца навіной: 
Зміцер Лупач, Глыбокае

←Пекла прыйшло ў Беларусь

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика