Сяргей Ханеня не атрымае ад “Народнай Волі” 95 мільёнаў 500 рублёў (абноўлена)
Цяжка сказаць, чым кіраваўся прарэктар Гомельскага дзяржаўнага універсітэта Сяргей Ханеня, калі накіроўваў скаргу ў Ленінскі раённы суд г.Мінска. Ён прасіў спагнаць з рэдакцыі газеты “Народная Воля” на яго карысць ні многа ні мала, а… 95 мільёнаў 500 рублёў. Хоць газета і аператыўна расставіла кропкі над “і”, паведаміўшы чытачам, што ў публікацыі, у якой сярод іншых прыгадваецца і прозвішча С.Ханені, размова ідзе не пра яго гадавы заробак, а пра яго гадавы даход.
Каб пацвердзіць, што рэдакцыя гатова давесці ўдакладненую інфармацыю да кожнага яго патэнцыяльнага выбаршчыка (у гэты час ён балатаваўся кандыдатам у дэпутаты гарадскога Савета), С.Ханеню было прапанавана ўключыць журналістаў “Народнай Волі” ў агітацыйную суполку. Ад такой прапановы ён адмовіўся, пры гэтым палічыў недастатковым прабачэнне газеты са сваіх старонак.
Суд першай інстанцыі вынес справядлівае рашэнне -- поўнасцю адмовіць С.Ханеню ў яго патрабаваннях да “Народнай Волі”. Ён не пагадзіўся з такім вердыктам: у касацыйнай скарзе ён прасіў Мінскі гарадскі суд адмяніць рашэнне суда Ленінскага раёна г. Мінска поўнасцю і накіраваць справу на новы разгляд.
Феміда і на гэты раз вынесла рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам. Недакладнасць, якая выпадкова з’явілася ў газетным матэрыяле і якая была тэрмінова выпраўлена, не прыніжае яго гонар і годнасць. Таму С.Ханеня не атрымае 95 мільёнаў 500 рублёў ад “Народнай Волі”.
Праваабаронца Гары Паганяйла і галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч перад будынкам суду
Фота Радыё Свабода