Адвакат Байковай рыхтуе скаргу на імя генэральнага пракурора
02.08.2010
—
Разное

"Ані сьледчых дзеяньняў, ані яшчэ чаго — няма. Але я пра дзеяньні з нашым удзелам. А так — ня ведаю. Пэўна, штосьці ж робіцца..."
Карэспандэнт: "Ці атрымала Сьвятлана Байкова адказ на свой ліст да Аляксандра Лукашэнкі?"
Адвакат Воўчак: "Ад Лукашэнкі? А ці бачыў Лукашэнка гэты ліст? Мяркую, ня бачыў. Усё перапраўляюць у пракуратуру, а адтуль ідуць адказы, што няма падстаў для зьмены меры стрыманьня ці спыненьня перасьледу ўвогуле".
У адкрытым лісьце да Аляксандра Лукашэнкі, які Сьвятлана Байкова перадала на волю праз два месяцы пасьля арышту, былая сьледчая прасіла заступіцца за яе і нагадвала пра заслугі, за якія атрымала дзяржаўныя ўзнагароды. Цягам 16 дзён Сьвятлана Байкова трымала ў турме галадоўку, якая, аднак, ніяк не паўплывала на яе працэсуальнае становішча.
Былы муж Байковай Зьміцер Пацына лічыць, што адным з вынікаў галадоўкі стала абвастрэньне яе хваробаў. Паводле Зьмітра Пацыны, у Байковай ёсьць захворваньне нырак, а да таго ж адкрыліся іншыя хваробы, якіх раней не было. Былы муж перадаваў для хворай у турму лекі, але частку іх прымаць адмовіліся.
Адвакат Воўчак паведаміў, што разам з Байковай яны рыхтуюць новую скаргу ў пракуратуру, гэтым разам на імя генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча. У скарзе яны зноў будуць патрабаваць спыненьня крымінальнага перасьледу з прычыны невінаватасьці Байковай:
"На наступным тыдні аддамо Васілевічу вялікую паперу, у якой будзе ўсё раскладзена супроць абвінавачаньня.
Зараз у турме КДБ — "амэрыканцы" — вельмі сьпякотна. Вядома, што ў камэры, дзе трымаюць Байкову разам зь яшчэ дзьвюма арыштанткамі, няма нават вэнтылятара. Як перажывае гарачыню Сьвятлана Байкова, запытаў я ў адваката Міхаіла Воўчака:
"Ну як? Трымаецца. Усё перажывае цярпліва".
Крынiца: Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода