Вось зараз
Пуцін на кані. На жалезным. Асядлаўшы
Візіты на Украіну апошнім часам дадаюць маскоўскім персонам куражу. У красавіку ў Харкаве, падпісаўшы з Януковічам угоду «газ у абмен на флот», Мядзведзеў, не называючы імён, пакпіў з кіраўніка Беларусі. Маўляў, каб атрымліваць зніжкі на энерганосьбіты, трэба быць дамоваздольным партнёрам, а не прымаць на ПМЖ асобаў кшталту Бакіева.
Цяпер жа Пуцін здзекліва адкаментаваў журналістам стасункі з Мінскам. Вымыў рукі: маўляў, ніякага дачынення да зліваў кампрамату на беларускага лідэра не маю. Медыі ў нас вольныя. Не падабаецца — выкладай контраргументы (уяўляю сабе дасланае на НТВ афіцыйнае абвяржэнне на «Хроснага бацьку»!).
Расійскі прэм’ер адной рэплікай падсек пад корань увесь імпэт, з якім беларускае начальства змагаецца супраць энергетычнай імперыі: «…Усім хочацца атрымаць штосьці на дурняк ад Расеі, а калі не ўдаецца, узнікае раздражненне».І яшчэ: што ж гэта, маўляў, за інфармацыйная вайна, калі ахвяраў няма? Для беларускага начальства фраза прагучала намёкам: гэта толькі кветачкі!
Акурат зараз, калі такая сеча з Расіяй, міжнародная канфігурацыя складаецца для Мінска няўдала.У Еўропы і Вашынгтона акурат трэнд на пацяпленне з Масквой. Адпаведны сігнал асэнсоўваюць і ў сталіцах Балтыі. Варшаву і Маскву нечакана зблізіла авіякатастрофа пад Смаленскам. Рассмакталася пакуль што праблема амерыканскіх супрацьракет.
Карацей, для Мінска
не тая кан’юнктура, каб палохаць усходнюю суседку танкавымі ордамі НАТО. Сплываюць звыклыя козыры!Ну, а ў Януковіча з Масквой увогуле мядовы месяц, таму ўкраінскае кіраўніцтва асцярожнае ў дачыненнях з Мінскам. Не спяшаецца ладзіць аверс Адэса — Броды і ўсё такое. Транзітным альянсам Мінска з Кіевам зараз Крэмль надта не пашантажуеш.
Парадокс, але зараз Лукашэнку як падарунак была б аранжавая рэвалюцыя, каторую з такой нянавісцю каментавалі ў свой час тутэйшыя прапагандысты. Эх, рана стрэліў ты, браце Юшчанка!Аляксандр Класкоўскі